Перайсці да асноўнага змесціва
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў Думаем пра кожнага - працуем разам!
Думаем пра кожнага - працуем разам!
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў

Форма пошуку

  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
  • Галоўная
  • Партыя
    • Хто мы?
    • Статут БСДП
    • Структура
    • Дакументы
    • Як уступіць у БСДП?
    • Падтрымаць БСДП
    • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
    • БСДП у асобах
    • Бібліятэка сацыял-дэмакрата
    • Сімволіка БСДП
  • Кіраўніцтва БСДП
    • Прэзідыум БСДП
    • Цэнтральны камітэт БСДП
    • Цэнтральная Рэвізійная Камісія БСДП
  • Навіны
    • Аналітыка
    • Заявы
    • Гісторыя і культура
    • Грамадства
    • Жанчыны БСДП
    • Палітыка
    • Партыйнае жыццё
    • Эканоміка
  • Блогі
  • Выданні БСДП
    • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
    • Часопіс "Адлюстраванне"
    • Часопіс "Пазіцыя"
  • Мультымедыя
    • Вiдэа
    • Фота
  • Кантакты
Уступіць у БСДП

Справаздачны даклад Цэнтральнага камітэта XХ з’езду БСДП

аўторак, 21 Красавік 2020 9:17
Ігар Барысаў
Старшыня БСДП, магістр палітычных навук

(даклад падрыхтаваны старшынёй БСДП І.Барысавым)

 

АГУЛЬНАПАЛІТЫЧНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ

З 1994 г. краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка. З 1995 г. сітуацыя з дэмакратыяй у краіне пачала моцна пагаршацца, што прывяло да парламенцкага крызісу 1996 г. і ўсталявання пасля яго постсавецкага кансерватыўнага аўтарытарнага рэжыму персаналісцкага тыпу. Пасля рэферэндуму 2004 г. тэрміны паўнамоцтваў прэзідэнта ўжо не абмежаваны Канстытуцыяй. У Беларусі няма падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую – ёсць органы персанальнай улады.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў 2019 г. чарговы раз паказалі, што кіраўніцтва Беларусі, нягледзячы на розныя знешне- і ўнутрыпалітычныя і сацыяльныя выклікі, не гатова да транзіту ўлады і правядзення рэформаў. Інстытут выбараў у класічным яго разуменні так і не з’явіўся ў краіне. Гаворачы пра выбары ў Беларусі, мы маем на ўвазе прызначэнне ў парламент і мясцовыя Саветы чыноўнікаў пад выглядам дэпутатаў, гэтаксама як і самапрызначэнне Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта. Ніякага спаборніцтва за дэпутацкія мандаты не існуе, бо няма рэальнага падліку галасоў.

Добра вядома, што грамадствы дабрабыту, сацыяльныя дзяржавы створаны там, дзе ёсць дэмакратыя. Няма дэмакратыі – няма і дабрабыту, высокай якасці жыцця. Няма палітычнага плюралізму – няма магчымасці росту, кар’еры. Вынікам гэтага становіцца пераезд нашых грамадзян на сталае месца працы ў суседнія краіны. Толькі за 2018 г. каля 137 тыс. беларусаў атрымалі від на жыхарства ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Мяркую, што колькасць тых, хто атрымаў від на жыхарства ў Еўропе ў 2019 г. будзе яшчэ большай. Не будзе таксама сакрэтам, калі я скажу, што пастаянна ў краіне пражывае менш за 8 мільёнаў чалавек, бо астатнія лічацца тут намінальна – значная частка беларусаў працуе за мяжой і прыязджае дамоў толькі некалькі разоў на год.

Беларусы, асабліва маладыя і прафесіяналы, не жадаюць затрымлівацца дома. Гэта сведчыць пра бесперспектыўнасць краіны ў найбліжэйшы час.

Беларуская эканамічная мадэль з года ў год паказвае сваю неэфектыўнасць і бесперспектыўнасць. Правалена так званая мадэрнізацыя, якая абышлася краіне ў 50 мільярдаў долараў. У сілу сваёй эканамічнай неплацежаздольнасці краіна адмовілася ад рэструктурызацыі прамысловых прадпрыемстваў, кошт якіх быў ацэнены экспертамі ў 100 мільярдаў долараў. 25% дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый з’яўляюцца стратнымі, што якарам цягне нашу эканоміку на дно, аднак, жадаючы кантраляваць людзей, улада не адмаўляецца ад падтрымкі гэтых прадпрыемстваў.

Эканамісты ўжо падлічылі, што замест падтрымкі стратных прадпрыемстваў дзяржава можа выплачваць штомесячна кожнаму скарочанаму работніку ў якасці дапамогі па беспрацоўі мінімальны заробак, і гэта будзе эквівалентнай нагрузкай на бюджэт, аднак у такім разе без працы застануцца “чырвоныя дырэктары” і ідэолагі, якія дзякуючы дзяржпадтрымцы робяць тое, што ў народзе называюць “піліць бюджэт”.

Беларускі эканамічны “цуд” апошніх год заключаўся ў тым, што краіна на 25% папаўняла бюджэт за кошт перапродажу расійскай нафты, якую набывала танней рынкавай цаны. Калі абваліліся сусветныя кошты на нафту – гэта моцна закранула і Беларусь, бо каля 35% яе эканомікі было завязана на продажы сыравіны, найбольшы прыбытак і працэнт якой прыходзіўся на расійскую нафту. Такі высокі працэнт выжывання за кошт сыравіны, а не тэхналагічных прадуктаў, сведчыць пра тэхналагічную адсталасць краіны.

Кошт нафты для Беларусі – гэта той кароткі павадок, на якім Крэмль трымае беларускую ўладу, разумеючы нежыццяздольнасць беларускай эканомікі без падтрымкі яе за кошт нярынкавых коштаў на нафту і газ. Усё гэта спарадзіла і праект паглыбленай інтэграцыі, а таксама чуткі і гістэрыку пра магчымую інкарпарацыю Беларусі ў склад Расіі.

Перакананы, што супрацоўніцтва з любой краінай павінна адбывацца на рынкавых умовах, а гэта ўжо постсавецкае, посткаланіяльнае мысленне, пазбавіцца якога гэтая ўлада не ў стане. Чым раней мы пяройдзем на рынкавыя адносіны з Расіяй, тым хутчэй аздаровіцца беларуская эканоміка, тым больш грамадства будзе пазбывацца каланіяльнага мыслення.

Беларусь абклала сябе саюзамі: СНД, Саюзная дзяржава, ЕАЭС, АДКБ. Аднак наколькі выгадны такія саюзы? Толькі за 9 месяцаў 2019 года адмоўнае гандлёвае сальда з Расіяй склала 6,5 мільярдаў долараў! Тут застаецца толькі працытаваць пачутае: “Нахрана нам такі саюз?”.

З 2006 года ў краіне адбываецца назапашванне знешнега доўгу. Зараз ён складае 17,1 мільярда долараў, альбо 27,1% ВУП. Расіі мы вінаватыя больш 8 мільярдаў долараў. Калі мы чуем, што Беларусь атрымала чарговы крэдыт на рэструктурызацыю доўгу, гэта азначае, што крэдыт атрыманы на тое, каб пагасіць раней атрыманы крэдыт. Такое становішча доўга не можа працягвацца і ў адзін момант прывядзе да таго, што краіне прыйдзецца расплачвацца альбо сваёй інфраструктурай, альбо нетрамі. Гісторыі вядомыя такія прыклады: не так даўно Таджыкістан разлічыўся з Кітаем, аддаўшы яму золатаруднае радовішча, ды Шры-Ланка была вымушана перадаць Кітаю на 99 год буйнейшы свой марскі порт Хамбантота, не здолеўшы вярнуць яму 8 мільярдаў долараў.  

Каб неяк выжыць у краіне праз “Свабодныя эканамічныя зоны” і Дэкрэт №8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, ствараецца паралельная эканоміка, якая выглядае адарванай ад беларускіх рэалій, а суб’екты гаспадарання абкладзены мінімальнымі падаткамі.

У краіне працягваецца сацыяльны разрыў паміж рэгіёнамі. Найбольшы паказчык разрыву ў заробках назіраецца паміж Салігорскам і Шаркаўшчынай (больш чым у 2 разы). У межах адносна невялікай краіны гэта сур’ёзная дыспрапорцыя. Праз адсутнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы назіраецца стагнацыя цэлых раёнаў. Астраўкі эканамічнага жыцця застаюцца толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах і далёка ўжо не ва ўсіх сярэдніх гарадах. Пра малыя гарады і сельскую мясцовасць гаварыць не прыходзіцца.

Адукацыя ў Беларусі камерцыялізуецца. Каля 60% студэнтаў вучацца на платнай форме навучання. Беларусам унушаецца, што зараз трэба мець ужо не дзве, а тры вышэйшыя адукацыі, толькі для таго, каб у чарговы раз выцягнуць з іх грошы на працу ўстаноў адукацыі. Перакананы, што першая вышэйшая адукацыя ў Беларусі павінна быць бясплатная і гарантаваная дзяржавай гэтаксама, як і магчымасць прыярытэтнага працаўладкавання пасля сканчэння дзяржаўнай ВНУ. Пры гэтым сістэма ўключанасці студэнтаў у працоўныя адносіны і прыватныя праекты павінна зараджацца паралельна з адукацыйным працэсам. Зараз ВНУ выпускае неканкурэнтных “тэарэтыкаў” і будучых беспрацоўных, з якіх толькі ад 3 да 7% здольныя ўжыць атрыманыя веды на практыцы і дыпломы якіх прызнаюцца не ва ўсіх краінах свету. Гэта праблема, над якой трэба працаваць.   

Хачу адзначыць складаную сітуацыю ў галіне медыцыны. Напрыклад, у Віцебскай вобласці не так даўно быў перыяд, калі з трох МРТ не працаваў ніводзін. Тым часам у суседнім Смаленску маецца сем МРТ, і каб туды трапіць, варта патэлефанаваць, запісацца на прыём і наведаць клініку на наступны дзень пасля запісу. Дзе такое магчыма ў Беларусі? Няўжо ўсё робіцца для таго, каб беларусы атрымлівалі медыцынскія паслугі за мяжой і вывозілі туды свае грошы? Гэта пытанне, як і пытанне павышэння выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту на медыцыну, патрабуе дадатковай прапрацоўкі і вырашэння.

Беларусы ўжо забыліся, што такое чалавечае стаўленне на працы і годныя заробкі. Забыліся не ад таго, што згубілі пачуццё самапавагі. Яны проста не маюць магчымасці быць абароненымі праз сваіх прадстаўнікоў – незалежныя прафсаюзы, якія дзеючая ўлада павыганяла фактычна з усіх працоўных калектываў. Вяртанне незалежных прафсаюзаў у працоўныя калектывы – гэта не толькі вяртанне ролі, правоў і значнасці людзей наёмнай працы ў грамадстве, гэта таксама і вяртанне мэтавай групы сацыял-дэмакратаў, чые эканамічныя, сацыяльныя, грамадзянскія і палітычныя правы ў адпаведнасці з нашай Праграмай і прынцыпамі мы павінны абараняць.   

Па-ранейшаму ў нашай краіне парушаюцца правы чалавека. Сітуацыя з правамі чалавека знаходзіцца пад пільным кантролем еўрапейскіх краін, ЗША, ААН, а кіраўніцтва краіны падвяргаецца жорсткай крытыцы за парушэнне такіх правоў, як свабода мірных сходаў і асацыяцый, свабода перакананняў і іх выражэнне, свабода думкі, сумлення і рэлігіі, нефальсіфікаваныя выбары.

У ліку тых, хто зведаў адміністрацыйны ціск і судовы пераслед, і сябры нашай партыі.

У 2019 г. на 15 сутак па артыкулу “дробнае хуліганства” за словы “слугі народа” у бок супрацоўнікаў пракуратуры была асуджана экс-кандыдатка ў дэпутаты Наталля Гарачка. Таксама яе пратрымалі 3 сутак за кратамі ў чаканні суда, дзе суддзя не знайшла падстаў для адміністрацыйнага пакарання і вызваліла Наталлю ў зале суда. Штраф у памеры 15 базавых велічынь атрымаў барысаўскі сацыял-дэмакрат Сяргей Падзолка за акцыю ў 2018 г. у Дзень правоў чалавека. Яму таксама давялося прабыць некалькі дзён ў ізалятары часова ўтрымання. Разам з ім на акцыі былі затрыманы Наталля Гарачка і старшыня Мінскай абласной арганізацыі БСДП Алесь Абрамовіч. За 2018 і 2019 гг. Алесь Абрамовіч быў тройчы прэвентыўна затрыманы напярэдадні разнастайных акцый і яшчэ пакараны пяць разоў за так званыя несанкцыянаваныя акцыі штрафамі на суму ў 200 базавых велічынь. Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Віталь Савіч быў пакараны штрафам у памеры 25 базавых велічынь за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі 7, 20 і 21 снежня. За гэтыя ж акцыі была пакарана на 30 базавых велічынь Наталля Гарачка. Як бачым, свабода ў Беларусі абыходзіцца дорага. На гэтым фоне сціпла выглядаюць штрафы, накладзеныя на мяне, бо яны склалі “толькі” 30 і 15 базавых велічынь.

Між іншым “санкцыянаваныя” акцыі ў Беларусі таксама не танныя з улікам Пастановы Савета Міністраў №49. Прыйдзецца заплаціць міліцыі за аднаго ўдзельніка акцыі ад 4 да 81 рубля, што параўнальна з коштам квітка ў кіно ці на канцэрт.

На пачатку 2020 г. двойчы на сабе адчуў, што такое ператрус, намеснік старшыні БСДП Алег Волчак. Як стала вядома пазней, падстаў для гэтага не было ніякіх. Падазраваны ў здзяйсненні злачынства знойдзены і не мае ніякага дачынення да Алега. Праваахоўнікі так і не папрасілі прабачэння за свае дзеянніі не вярнулі маёмасць, якую забралі пад час ператрусаў .

Беларусы хочуць жыць у сваёй незалежнай краіне. Пра гэта сведчаць акцыі пратэсту супраць жадання пэўных колаў узгадніць дарожную мапу інтэграцыі з Расіяй. Больш за 50 удзельнікаў акцый атрымалі вялікія штрафы, а частка іх была ў адміністрацыйным парадку трапіла за краты. Не выключаю, што жаданне падпісаць новую інтэграцыйную дамову з Расіяй будзе сустрэта грамадствам новымі пратэстамі.  


МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) з’яўляецца адной з арганізацый-заснавальніц міжнароднага няўрадавага саюза Прагрэсіўны Альянс.

Што датычыцца Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, то яго ігнаруюць сацыял-дэмакратычныя, сацыялістычныя і рабочыя партыі Аўстраліі, Германіі, Даніі, Канады, Нарвегіі, Нідэрландаў, Новай Зеландыі, Польшчы, Швейцарыі, Швецыі ды іншых краін, а лейбарысты Вялікабрытаніі з’яўляюцца ў ім партыяй-назіральніцай. Затое відную ролю ў Сацінтэрне адыгрывае “Справядлівая Расія”.

БСДП з’яўляецца адзінай беларускай партыяй, прадстаўленай у Прагрэсіўным Альянсе. 

На кангрэсе Альянсу 15 лістапада 2019 г. у Стакгольме нашу партыю прадстаўлялі Міжнародны сакратар Валянцін Аскірка і прадстаўніца Рабочай групы “Жанчыны БСДП” Марына Бабкова. Адметна тое, што ўпершыню Валянцін Аскірка быў мадэратарам адной з тэматычных панэляў.

БСДП імкнецца наладзіць і шчыльнае супрацоўніцтва з ПЕС – Партыяй еўрапейскіх сацыялістаў.

Старшыня БСДП Ігар Барысаў, першы намеснік старшыні Аляксей Сігаеў і памочніца Міжнароднага сакратара Вольга Ісайкіна прынялі ўдзел у Кангрэсе ПЕС, які адбыўся 7-8 снежня 2018 г. у Лісабоне. На дадзены момант пачынаюцца перамовы на далучэнне БСДП да ПЕС у статусе назіральніка. Для гэтага праведзены неабходныя сустрэчы і кансультацыі, выслана афіцыйная заяўка ад нашай партыі.

Працягваецца сталая супраца са шведскімі і нямецкімі сацыял-дэмакратамі, інфармацыйны абмен з малдаўскімі, украінскімі і нарвежскімі таварышамі.

У 2019 г. БСДП на мінскім офісе прымала чарговую маніторынгавую групу еўрадэпутатаў, амбасадараў Францыі і Канады, супрацоўнічала з кіраўніцтвам місіі назірання АБСЕ падчас парламенцкай выбарчай кампаніі.

Разам з іншымі беларускімі палітычнымі арганізацыямі БСДП актыўна ўдзельнічае ў праграме “Паглыблены дыялог”, які адбываецца пры падтрымцы шведскага боку. У 2018 і 2019 гг. БСДП пад час экспертных візітаў у Швецыю і Літву прадстаўляла Ірына Вештард.

Рэгулярнымі з’яўляюцца сустрэчы ў межах Рады паўночных краін. У 2018 г. у такім візіце ў Хельсінкі прымаў удзел Ігар Барысаў, у 2019 г. – генеральны сакратар БСДП Мечаслаў Грыб.

БСДП мае пастаянныя запрашэнні для ўдзелу ў разнастайных сустрэчах, якія праходзяць пры спрыянні краін Еўрапейскага Саюзу і ЗША. Прадстаўнікі БСДП удзельнічаюць у прыёмах і імпрэзах, якія праводзяць амбасады Вялікабрытаніі, ЗША, Польшчы, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі ды іншых дэмакратычных краін.

У сакавіку 2018 г. старшыня БСДП Ігар Барысаў выступіў у Сойме Літвы з дакладам аб беларуска-літоўскіх стасунках у сувязі са 100-годдзем абвяшчэння БНР. 15 чэрвеня 2019 г. у літоўскім Сойме адбылася сустрэча з Міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам. У складзе беларускай дэлегацыі БСДП прадстаўляў таксама старшыня Ігар Барысаў.

У 2018 г. адбылася беларуска-шведская канферэнцыя ў Кішынёве, а ў 2019 годзе – міжнародная канферэнцыя ў Адэсе. У працы прынялі ўдзел прадстаўнікі БСДП.

Прадстаўнікі БСДП у верасні 2018 года прынялі ўдзел у назіранні ў Швецыі за выбарамі ў парламент, а ў траўні 2019 года — за выбарамі ў Еўрапарламент.

У 2018 г. адбыліся традыцыйныя адукацыйныя візіты беларускіх сацыял-дэмакратаў у Швецыю. На жаль, па тэхнічных прычынах, адукацыйны візіт у Швецыю ў 2019 г. быў перанесены на 2020 г.  

Старшыня БСДП Ігар Барысаў быў запрошаны на сустрэчу міністраў замежных спраў Швецыі і Фінляндыі, якія наведалі Беларусь з афіцыйным візітам 26 лістапада 2019 г., і перадаў ім спіс кіраўнікоў акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях вынікаў выбараў у Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3, Брэсцкай пагранічнай выбарчай акрузе №4 і Коласаўскай выбарчай акрузе № 106 у Мінску. Пасля гэтага ў Стакгольме і Бруселі адбылася гарачая дыскусія адносна магчымасці ўвядзення санкцый ў дачыненні да асобаў, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў. 


АРГАНІЗАЦЫЙНАЕ РАЗВІЦЦЁ

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) з’яўляецца класічнай левацэнтрысцкай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Акрамя БСДП, на дэмакратычным полі існуе БСДГ, а таксама аргкамітэт па стварэнні партыі “Народная Грамада”, якія заснаваныя тымі, хто адышоў ад нашай партыі і жыве сваім жыццём.

У сваёй працы мы нідзе з імі не перакрыжоўваемся. БСДГ не мае міжнароднага прызнання. Яна не супрацоўнічае ні з адной з існуючых дэмакратычных арганізацый і партый Беларусі. Аргкамітэт “Народнай Грамады” не з’яўляецца партыяй і стасуецца з іншымі “аргкамітэтамі”, а таксама з палітыкамі-адзіночкамі. Дзякуючы даўнім кантактам, гэты аргкамітэт захоўвае сваё сяброўства ў Сацыялістычным Інтэрнацыянале.

Па стану на 01 студзеня 2020 г. колькасць членаў нашай партыі складае 1121 чалавек. З іх у Брэсцкай вобласці пражываюць – 321, Віцебскай вобласці – 187, Гомельскай вобласці – 40, Гродзенскай вобласці – 74, Мінскай вобласці – 121, Магілёўскай вобласці – 203, у горадзе Мінску – 170. Ідзе пастаянная праца па прывядзенні спісаў нашых партыйцаў у належны выгляд.

Асобна хачу адзначыць, што ў канцы 2019 года ўступіў у партыю Міхаіл Іванавіч Пастухоў, заслужаны юрыст Беларусі, былы суддзя Канстытуцыйнага суда, прафесар, доктар юрыдычных навук. Лічу, што далучэнне Міхаіла Іванавіча да БСДП будзе спрыяць ўмацаванню пазіцый партыі.

Колькасць зарэгістраваных арганізацыйных структур партыі - 42. З іх у Брэсцкай вобласці – 11, Віцебскай вобласці – 10,  Гродзенскай вобласці – 4, Мінскай вобласці – 7, Магілёўскай вобласці – 4, горадзе Мінску – 6. За справаздачны перыяд у органах юстыцыі пастаўлены на ўлік Магілёўская раённая суполка БСДП і зарэгістравана Мінская раённая арганізацыя партыі. У студзені сёлета пададзены дакументы на пастаноўку на ўлік Магілёўскай гарадской арганізацыі БСДП. Неабходна стварыць гарадскую арганізацыю і ў Гродне.

Для працы Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай гарадской і Мінскай абласной арганізацый маюцца офісныя памяшканні.

За справаздачны перыяд праведзены ўсе пасяджэнні ЦК, Прэзідыума, пададзены ўсе справаздачы ў МЮ і абласныя ўпраўленні юстыцыі. У пяці абласцях і г. Мінску праведзены канферэнцыі, на якіх вылучаны дэлегаты на XХ з’езд.

У справаздачны перыяд з’явілася такая форма арганізацыйнай і навучальна-ідэалагічнай працы, як канферэнцыя БСДП. Такія канферэнцыі з удзелам сябраў Цэнтральнага Камітэта, Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі і Прэзідыума партыі адбыліся ў снежні 2018 і 2019 гг. З часам, калі для гэтага з’явяцца магчымасці, мэтазгодна запрашаць на канферэнцыі прынамсі старшыняў зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік партыйных арганізацый і суполак, якія не з’яўляюцца сябрамі ЦК, ЦРК і Прэзідыума. 

У справаздачны перыяд праведзены ХІХ нечарговы з’езд партыі, які вылучыў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а таксама прыняў змяненні і дапаўненні Статут БСДП, якія зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі. Надрукавана брашура з тэкстамі Статута ў новай рэдакцыі і Праграмы  БСДП.

З сярэдзіны 2019 г. кожны сябра БСДП мае магчымасць аплаціць сяброўскую складку не выходзячы з дома праз сістэму АРІП. З’явілася дадзеная магчымасць дзякуючы скарбніку нашай партыі Мікалаю Мяцельскаму. Такі сэрвіс маюць толькі тры партыі ў Беларусі – БСДП, БНФ і АГП. Дадзенай функцыяй ужо скарысталася некалькі дзясяткаў чалавек. Агулам жа за 2019 г. было сабрана каля 1700 рублёў. Як бачым, яшчэ не ўсе плацяць сяброўскія складкі, аднак растлумачальная праца ў гэтым напрамку працягваецца, бо складкі – адна з асноўных крыніц існавання партыі.

Цягам апошніх двух год як старшыня партыі пабываў у Брэсце, Бабруйску, Гродна, Гомелі, Віцебску і Магілёве. У большасці пералічаных гарадоў пабываў па два-тры разы.   

 У 2018 г. упершыню быў арганізаваны медыя-зімнік. У тым жа годзе адбыліся трэцяя сацыял-дэмакратычная акадэмія і трэцяя школа лідэрства.  Адметным стала правядзенне круглага стала па сацыяльна-небяспечнаму становішчу ў канцы 2018 г. Матэрыялы круглага стала былі надрукаваны адмысловай брашурай і разасланы ў дзяржаўныя ўстановы, бібліятэкі і грамадскія арганізацыі. Наколькі ж мы былі здзіўлены, калі праз некалькі месяцаў былі ўнесены станоўчыя змяненні ў гэты закон. Не выключаю, што не без нашай аргументацыі і пазіцыі.

Працуе Рабочая група “Жанчыны БСДП”, каардынатаркай якой з’яўляецца Марыя Рудакоўская. Перыядычна адбываюцца каардынацыйныя сустрэчы жанчын, адукацыйныя мерапрыемствы, сярод якіх хачу адзначыць гендэрную школу. Мы, здаецца, адзіная партыя ў Беларусі, якая мае жаночую структуру, і мы – адзіная партыя, якая выдае жаночы часопіс. “Жанчыны БСДП” прымаюць удзел у міжнародных мерапрыемствах, на якія запрашаюць нашу партыю. 

Штогод каманда БСДП па міні-футболу прадстаўляе партыю ў кубку імя Карпенкі. Спадзяюся, што ў 2020 г. нашы футбалісты зоймуць прызавое месца.

 

СУПРАЦА З ІНШЫМІ ПАРТЫЯМІ І АРГАНІЗАЦЫЯМІ,
З ПРАФСАЮЗАМІ

У 2018 і 2019 гг. БСДП была адной з арганізацый, адказнай за арганізацыю і правядзенне Дня Волі ў Мінску. У 2020 г. плануецца чарговы мітынг-канцэрт, які арганізуецца ў тым ліку і нашай партыяй. Адзначу, што найбольшая частка арганізацыйных пытанняў пры арганізацыі мітынга-канцэрта ў Кіеўскім скверы ў Мінску ляжала на плячах нашай партыі. Асобна адзначу нашу ініцыятыву па зборы амаль 200 подпісаў за ўсталяванне шыльды на будынку, дзе была абвешчана Незалежнасць БНР, а таксама акцыю “Пагоня поштай”, у якой прыняла ўдзел каля 1000 грамадзян.

Цэнтральны офіс БСДП у Мінску фактычна стаў цэнтрам дэмакратычнага апазіцыйнага жыцця. Усе нарады Сакратарыята і Рады кампаніі назірання “Права выбару” адбываюцца ў нас. Усе сустрэчы па вылучэнні “адзінага” кандыдата на пасаду прэзідэнта праходзілі ў нас. Усе арганізацыйныя сутрэчы ў падтрымку кампаніі “Абаронім незалежнасць” таксама былі ў нас. Частка сустрэч па арганізацыі Кангрэса ў абарону незалежнасці таксама праходзіла на нашым офісе. Нашым памяшканням у выпадку патрэбаў карыстаюцца “Маці 328” і “Прававая дапамога насельніцтву”, БХД і “Дзеткі-кветкі”. Нашы офісы ў Гродне і Магілёве супрацоўнічаюць з арганізацыяй “АБФ – актыўным быць файна”, дзе штотыднёва адбываецца некалькі мерапрыемстваў.  

БСДП уваходзіць у аргкамітэт па правядзенні Кангрэса ў абарону незалежнасці. Там актыўна працуюць нашы сябры Ігар Рынкевіч, Ірына Вештард, Міхаіл Пастухоў і Ігар Леднік. Плануецца, што Кангрэс адбудзецца 15 сакавіка 2020 г.

БСДП стаяла ля вытокаў распрацоўкі працэдуры вылучэння “адзінага” кандыдата на пасаду прэзідэнта ад дэмакратычных сілаў. Зараз удзельнічаць у гэтай працэдуры пагадзілася пяць палітычных арганізацый: БСДП, АГП, БНФ, БХД і “Рух “За Свабоду”. Спадзяюся, што супольнымі высілкамі мы здолеем паказаць рэальную альтэрнатыву дзеючай уладзе.

Хачу таксама адзначыць шэраг нашых сябраў, якія не абмяжоўваюцца працай у нашай партыі, а займаюцца развіццём і ўмацаваннем грамадзянскай супольнасці. Гэта Алег Трусаў, які працуе над стварэннем першага беларускамоўнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча, гэта Алег Волчак, які праз арганізацыю “Прававая дапамога насельніцтву” аказвае юрыдычную дапамогу насельніцтву, гэта кіраўнічка ініцыятывы “Маці-328” Людміла Жыгар, якая змагаецца за лібералізацыю антынаркатычнага артыкула крымінальнага кодэксу, гэта Ігар Маслоўскі і Ганна Канюс, які праз свае арганізацыі “За свой горад” і “Роўнасць і справядлівасць” дамагаюцца вырашэння мясцовых праблем, гэта Ігар Леднік, які з’яўляецца намеснікам дырэктара Інстытута даследвання расійскай агрэсіі і дамагаецца рэалізацыі Будапешцкага мемарандуму, які гарантаваў бяспеку новым незалежным дзяржавам пасля распаду СССР і вываду гэтымі дзяржавамі са сваёй тэрыторыі ядзернай зброі.

Прызнаннем нашых заслуг з’яўляецца тое, што сябры нашай партыі па версіі “Радыё Свабода” удзельнічалі ў арганізацыі 4 з 10 найбольш важных і значных падзей і кампаній 2019 г. – “Абарона Курапатаў”, ініцыятыва “Маці-328”, акцыі супраць акумулятарнага завода ў Брэсце, арганізацыя святочнага канцэрта на Дзень Волі ў Мінску.

Наладжваецца праца з незалежнымі прафсаюзамі. Асобна хачу адзначыць лідэра Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і лідэра прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, якія сталі на шлях супрацоўніцтва з БСДП. Перыядычна адбываюцца разнастайныя кансультацыі па актуальных пытаннях, узгадняюцца пазіцыі. На вялікі жаль, існуючы палітычны рэжым абмяжоўвае доступ да мэтавай групы прафсаюзаў і сацыял-дэмакратаў – да працоўных калектываў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, – аднак праца ў гэтым напрамку вядзецца.

 

ІНФАРМАЦЫЙНЫ НАПРАМАК

З 2011 г. выходзіць унутрыпартыйны часопіс Рабочай групы жанчыны БСДП “Адлюстраванне”, рэдактаркай якой на дадзены момант з’яўляецца Марына Бабкова. За ўвесь час выдадзена 11 нумароў.

Мы – адзіная ў Беларусі партыя, якая выдае свой аналітычны часопіс. У 2018 г. выйшаў першы нумар часопіса “Пазіцыя”, не так даўно свет убачыў другі нумар.

Стала працуе сайт bsdp.org (адказны за яго працу Леанід Дзейка). Ідзе праца па стварэнні новага сайта-візітоўкі на дамене bsdp.by.

Наша партыя, а таксама частка яе рэгіянальных арганізацый, прадстаўлена ў сацыяльных сетках Фэйсбук, Вконтакте, Одноклассники, Інстаграм. Створаны свой тэлеграм-канал. У агульнай базе для партыйнай рассылкі маецца 386 электронных паштовых адрасоў. Як бачым, колькасць партыйцаў не адпавядае колькасці ўладальнікаў электронных скрынак, і гэта адзін з нашых выклікаў – як пры мінімуме намаганняў забяспечыць доступ калі не ўсіх, дык большасці партыйцаў да важнай інфармацыі.

З 2018 г. ідзе супрацоўніцтва БСДП з газетай “Народная Воля”. Першая старонка з інфармацыяй пра нашу партыю не з’яўляецца рэдкасцю. Па просьбе шэф-рэдакатара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча нагадваю аб неабходнасці падтрымаць гэтае выданне і аформіць на яго падпіску.

Наладжана ўзаемадзеянне з такімі інфармацыйнымі рэсурсамі, як БелаПАН, “Наша Ніва”, Радыё “Свабода, Радыё Рацыя, Еўрарадыё, БелСат, Tut.by, “Беларускі партызан”, “Беларуская праўда”. Інфармацыя пра нашу партыю і яе партыйцаў рэгулярна з’яўляецца на гэтых інфармацыйных рэсурсах.

Упершыню ў 2019 годзе старшыня БСДП даў інтэрв’ю такім выданням, як расійскі тэлевізійны канал RTVІ, самай першай японская газеце “Майніці”, дацкім, польскім і ўкраінскім журналістам. Таксама давялося ўдзельнічаць у круглым стале на sputnik.by з мэтай падвядзення вынікаў парламенцкай кампаніі.

Усё гэта сведчыць пра цікавасць да нашай партыі і яе прыкметнасць на палітычным полі.


ІДЭАЛАГІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ

Гістарычная заслуга Беларускага сацыялістычнага руху ў тым, што ён выпрацаваў ідэі, якія сталі ідэямі ўсяго нацыянальна-вызвольнага дэмакратычнага руху. Без гэтых ідэй немагчымая былі б Беларуская Народная Рэспубліка, БССР і Рэспубліка Беларусь. Многія ідэі нашых папярэднікаў яшчэ чакаюць свайго ажыццяўлення.

22 кастрычніка 2017 года наша партыя стала адзінай палітычнай арганізацыяй Беларусі, якая выпрацавала Праграму дзеянняў. Гэта 120 тэзісаў, якія даюць адказы на 120 найбольш актуальных пытанняў жыцця Беларусі. У гэтых тэзісах выкладзена наша бачанне будучыні Беларусі.

Наша бачанне будучыні Беларусі мы выкладаем у аналітычным партыйным часопісе “Пазіцыя”. У двух нумарах часопіса з’явілася больш за 30 артыкулаў, якія падрабязна раскрываюць каля 40 партыйных тэзісаў з Праграмы дзеянняў. Аўтарамі гэтых артыкулаў сталі сябры партыі Алег Волчак, Андрэй Горлаў, Мечыслаў Грыб, Ганна Канюс, Ігар Леднік, Аляксей Марчук, Ігар Маслоўскі, Лізавета Мярляк, Фаіна Наканечная, Марыя  Рудакоўская, Міхаіл Пастухоў, Алег Трусаў, Мікалай Цяцёркін, а таксама запрошаныя беспартыйныя  спецыялісты.

Грунтуючыся на тэзісах Праграмы дзеянняў, у супрацы з тады яшчэ беспартыйным прафесарам Міхаілам Пастуховым БСДП распрацавала праект канцэпцыі судова-прававой рэформы і закона “Аб судаўладкаванні”. Гэты дакумент, выдадзены асобнай брашурай, і быў накіраваны кіраўніцтву і старшыням камісій Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, урада, адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, Міністэрства юстыцыі, старшыням абласных судоў, пракурорам абласцей, абласным калегіям адвакатаў, натарыяльным палатам, ва ўсе абласныя бібліятэкі, у бібліятэкі вышэйшых навучальных устаноў, палітычным партыям. З прэзентацыяй канцэпцыі адбыліся сустрэчы ў некаторых рэгіёнах.

Тое ж будзе зроблена і з праектам праграмы канстытуцыйных пераўтварэнняў, які падрыхтаваны прафесарам Міхаілам Пастуховым і выдадзены асобнай брашурай.

Цяпер на стале ў рэдактара нашых брашур з канцэптуальнымі дакументамі ляжыць праект закона аб упаўнаважаным па правах чалавека.

Жыццё не стаіць на месцы, і ад партыі патрабуецца асэнсаванне таго, што адбываецца ў нашай краіне і вонкі яе. На партыйнай канферэнцыі, якая адбылася ў снежні мінулага года, мы вярнуліся да Праграмы дзеянняў БСДП і прааналізавалі яе з цяперашняга пункту гледжання. Па выніках абмеркавання Цэнтральны Камітэт партыі прыме Праграму дзеянняў ў новай рэдакцыі.

Мы ўпэўненыя, што ўсе напрацоўкі сацыял-дэмакратаў у бліжэйшай будучыні створаць аснову для дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

У 2019 г., упершыню за гісторыю нашай партыі, у склад рабочай групы пры Міністэрстве юстыцыі быў уключаны старшыня БСДП. Рабочая група мела кансультацыйны характар і працавала над змяненнямі ў закон “Аб палітычных партыях”. З гэтай мэтай БСДП арганізавала два міжпартыйныя круглыя сталы, правяла тры сустрэчы ў рэгіёнах і выпрацавала сваё бачанне змяненняў і дапаўненняў у закон.

Асобна хачу адзначыць працу гісторыка Анатоля Сідарэвіча, які ў 2019 г. зладзіў пры падтрымцы Фонда імя Фрыдрыха Эберта круглы стол, на якім прэзентаваў сваю брашуру “Беларускі сацыялістычны рух і беларуская дзяржаўнасць”. Гэтая праца ўключана ў выдадзены Фондам імя Эберта на англійскай мове том, у якім паказана роля сацыялістычных і сацыял-дэмакратычных партый у адраджэнні былых і станаўленні новых дзяржаў у Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы, Чэхіі і Славакіі, Украіне, Грузіі, Ісландыі ды іншых краінах ў выніку Першай сусветнай вайны. Акрамя таго, Антоль Сідарэвіч рэдагуе брашуры з канцэптуальнымі дакументамі партыі. Дзякуючы яго працы ўмацоўваецца імідж беларускай сацыял-дэмакратыі, адкрываюцца новыя гістарычныя факты.


УДЗЕЛ У ПАЛІТЫЧНАЙ КАМПАНІІ 2019 ГОДА

Беларускаясацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) у адпаведнасці са сваім стратэгічным планам прыняла ўдзел у парламенцкай выбарчай кампаніі 2019 г. у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Напярэдадні выбарчай кампаніі была распрацавана і прынята Цэнтральным камітэтам БСДП Платформа “Беларусь – краіна магчымасцяў”, якая была надрукавана ў газеце “Народная Воля” і мела шмат станоўчых водгукаў. БСДП стала адзінай партыяй, якая падрыхтавала і апублікавала ў СМІ падобны дакумент.

Адмыслова для кампаніі быў распрацаваны адзіны фірмовы стыль плакатаў, шаблон партыйнага мэсаджа, а таксама тэкст для публікацыі ў газетах. Большасць кандыдатаў паспяхова скарысталіся дадзенымі распрацоўкамі. Амаль усе кандыдаты выкарысталі магчымасць выступіць з прамовай на тэлебачанні і прыняць удзел у тэледэбатах, за што ім вялікі дзякуй, бо ўсе яны працавалі на ўмацаванне станоўчага іміджу партыі.  

У тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі было вылучана 3 прадстаўнікі БСДП, у акруговыя – 35, ва ўчастковыя – 54. Трапілі ў склад акруговых камісій усяго 4 сябры БСДП. Суды, якія адбыліся пасля неўключэння нашых сябраў у камісіі ў Брэсце, Мінску і Мінскай вобласці, не далі станоўчых вынікаў, аднак дапамаглі нам выявіць парушэнні заканадаўства, на што былі напісаны адпаведныя скаргі ў пракуратуру.

ХIXЗ’ездам БСДП кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 50 сябраў партыі. 41 сябар партыі падаў дакументы ў акруговыя выбарчыя камісіі і толькі 30 з іх былі зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты. Нягледзячы на вялікі працэнт нерэгістрацыі нашых таварышаў, за ўсю гісторыю партыі мы мелі ў 2019 годзе найбольшую колькасць партыйцаў, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. У параўнанні з іншымі дэмакратычнымі сіламі па колькасці кандыдатаў у дэпутаты мы абышлі ўсіх. Лічу, што мы маем куды большы патэнцыял і ўжо час думаць пра тое, як закрыць у 2023 годзе ўсе 110 выбарчых акругаў нашымі кандыдатамі.

У межах кампаніі “Права выбару-2019” было арганізавана татальнае назіранне на двух выбарчых акругах, дзе кандыдатамі былі сябры БСДП Ганна Канюс (Брэсцкая-Усходняя выбарчая акруга №3) і Ігар Барысаў (Коласаўская выбарчая акруга №106). Для гэтай мэты было падрыхтавана каля 200 назіральнікаў, большасць з якіх паспяхова справіліся з пастаўленымі задачамі. Частка з іх пасля кампаніі далучылася да БСДП.

Асобную падзяку хачу выказаць першаму намесніку старшыні БСДП Аляксею Сігаеву, які ў кампаніі “Права выбару-2019” з’яўляўся Нацыянальным каардынатарам і дастойна прадстаўляў нашу партыю ў гэтым міжарганізацыйным аб’яднанні.

Выбары чарговы раз не былі свабодныя і справядлівыя, істотна завышалася яўка выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання, а бюлетэні па-ранейшаму не дэманстраваліся назіральнікам. У дзень выбараў з выбарчых участкаў, дзе вялося незалежнае назіранне нашымі партыйцамі і прыхільнікамі, было выдалена больш за 20 назіральнікаў.

У 2019 годзе ніхто з нашых партыйцаў не патрапіў у парламент, аднак гэта было і немагчыма зрабіць ва ўмовах, калі ў краіне няма свабодных і справядлівых выбараў.

Па выніках кампаніі сябрам БСДП была афіцыйна намалявана агульная лічба падтрымкі ў колькасці 67 544 галасы, аднак рэальная лічба, мяркую, была ў разы большая і ў выніку дэмакратычных выбараў мы маглі б мець некалькі сваіх дэпутатаў. Гэта наш боль, гэта наш выклік, гэта наш стратэгічны напрамак над якім нам трэба працаваць – дабівацца правядзення новых свабодных і справядлівых выбараў.

Па выніках парламенцкай кампаніі Прэзідыум і Цэнтральны камітэт БСДП выступілі з адпаведнымі заявамі аб непрызнанні вынікаў выбараў. Як ведаем, не прызналі вынікі выбараў і назіральнікі АБСЕ. Гэта сведчыць пра тое, што Беларусь застаецца кансерватыўнай аўтарытарнай краінай і ўлада ў ёй утрымліваецца адміністрацыйнымі і сілавымі метадамі.


ПАЗІЦЫЯВАННЕ БСДП

БСДП афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя. Гэта абставіна накладае на нас пэўныя абавязацельствы: працаваць у адпаведнасці са Статутам і Праграмай партыі, законамі Рэспублікі Беларусь.

У сілу таго, што нацыянальнае заканадаўства не адпавядае міжнароднаму, а таксама абмяжоўвае свабоды як грамадзян, так і арганізацый, – гэта адбіваецца і на дзейнасці нашай партыі.

На жаль, мы закрытыя ад працоўных калектываў дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, актывісты партыі пераследуюцца праваахоўнымі органамі і судамі. Гэта вядзе да таго, што ў партыю ў асноўным прыходзяць людзі, якія супраць гэтага рэжыму і нацыянальнаарыентаваныя. Аднак яны – толькі адна з мэтавых груп, на якія арыентуецца партыя ў сваёй працы. Людзі наёмнай працы (рабочыя, настаўнікі і выкладчыкі, медыкі) далучаюцца да партыі адзінкава.

Мы не водзім людзей па вуліцах і не падстаўляем іх пад рэпрэсіі. Асабліва мы павінны берагчы моладзь. Мы вядзём сістэмную працу па арганізацыйным развіцці, працуем над партыйнай праграмай, а таксама над праектамі і канцэпцыямі законаў, уводзім іх у публічны дыскурс і папулярызуем іх, каб у выніку дэмакратычных пераменаў БСДП мела неабходны пакет праектаў і прапановаў і была ў авангардзе дэмакратычных пераўтварэнняў.

Ведаю, што большасць з вас стамілася ад дыктатуры і хоча больш рашучых дзеянняў, аднак каб дзейнічаць больш рашуча патрэбна, каб партыя была не проста фармальна на паперы, а мела ўнутрыпартыйнае жыццё, а таксама добрыя мабілізацыйныя здольнасці. Калі першае атрымліваецца, то з другім ёсць праблема. І вырашыць гэтую праблему мы здолеем пры спрыяльных умовах, толькі маючы яснае бачанне будучыні нашай краіны. Арганізацыйна і ідэйна мы павінны быць гатовыя да перамен, якія могуць адбыцца мірным шляхам і не абавязкова праз выбары.  

Дзякуй вам за ўвагу! Жыве Беларусь!

Аўтары блогаў

Ігар Барысаў
Andrej Kazanovich
Ігар Маслоўскі
Ганна Канюс
Анатоль Cідарэвіч
Cяргей Адамовіч

Нумары нашай газеты

№15
№14
№13
Усе нумары

Заявы БСДП

Заявление Брестской областной...         Заявление Брестской областной...
БСДП асуджае затрыманне сваіх таварышаў          ЗаяваПрэзідыумаБеларускай...
БСДП ПАТРАБУЕ НОВЫХ ПРЭЗІДЭНЦКІХ,... БСДП ПАТРАБУЕ НОВЫХ ПРЭЗІДЭНЦКІХ, ПАРЛАМЕНЦКІХ, А ТАКСАМА...

Партнёры

     

Кампания Право выбора

Партыя

  • Хто мы?
  • Статут БСДП
  • Структура
  • Дакументы
  • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
  • БСДП у асобах

Навiны

  • Партыйнае жыццё
  • Заявы
  • Жанчыны БСДП
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Аналітыка
  • Гісторыя і культура

Выданнi БСДП

  • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
  • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
bsdpps@tut.by © БСДП-2021 Усе правы абароненыя