Аркадзь Антонавіч СМОЛІЧ

Нарадзіўся ў сям'і святара. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце.
З 1910 года член Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрвені 1917 г. увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газеты «Грамада». Удзельнік Усвбеларускага з'езда 1917 ў Мінску. У 1918 Аркадзь Смоліч стаў адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1-м урадзе (Народным Сакратарыяце) БНР Смоліч займаў пасаду народнага сакратара асветы.
Пасля распаду БСГ разам з іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. У 1918 знаходзіўся ў Гродне, у час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (верасень 1920) пераехаў у Вільню.
Удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынём, працаваў настаўнікам у Віленскай беларускай гімназіі. Вярнуўся ў Мінск з дазволу ўрада Савецкай Беларусі ў жніўні 1922. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 г. дацэнт, прафесар (1927) і загадчык кафедры ў БДУ.
У 1923 годзе пад кіраўніцтвам А. Смоліча створаны часопіс «Плуг» і Цэнтральнае бюро краязнаўства[2]. З 1925 намеснік старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР, быў старшынёй Цэнтральнага бюро краязнаўства.
У 1928 годзе абраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навуковыя працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Пачынальнік айчыннай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка па «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
Зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. З 1929 член Прэзідыума БелАН. Арыштаваны 26.6.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі, сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобл., потым у Ішым Цюменскай вобл. Вызвалены ў жніўні 1935 г. Зноў арыштаваны ў ноч з 17-18.6.1937. Паводле рашэння тройкі УНКУС па Омскай вобл. прыгавораны да расстрэлу, расстраляны ў Омскай турме 17.6.1938.
Па першым прыгаворы рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 10.6.1988, па другім прэзідыумам Цюменскага абласнога суда — 9.2.1957. Групавая справа А. Смоліча і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.