ШЛЯХ ДА ГОДНАГА ЖЫЦЦЯ. Канцэпцыя беларускай сацыял-дэмакратыі

ШЛЯХ ДА ГОДНАГА ЖЫЦЦЯ. Канцэпцыя беларускай сацыял-дэмакратыі

Пад рэдакцыяй прафесара А. Казуліна

ЗМЕСТ

І. ЧАГО МЫ ДАСЯГНУЛІ, ДЗЕ ЗНАХОДЗІМСЯ

1. «Моцная» дзяржава – бяспраўнае грамадства
2. Эканоміка дзеля эканомікі
3. Ці сацыяльная дзяржава?
4. Сам-насам са светам

II. ДОСВЕД СУСЕДЗЯЎ

1. Дзе больш дэмакратыі?
2. Пераход да рынкавых адносін
3. Жыццё становіцца лепшым

III. НАШЫ МЭТЫ І ПЛАНЫ

1. Свабода, Дэмакратыя
2. Справядлівасць, Роўнасць, Салідарнасць
3. Эканоміка для ўсіх
4. Незалежнасць, месца ў свеце
5. Клічам да згоды

І. ЧАГО МЫ ДАСЯГНУЛІ, ДЗЕ ЗНАХОДЗІМСЯ

Рэспубліка Беларусь на 14-м годзе сваёй незалежнасці так і не выйшла з зацяжнога сістэмнага крызісу, у які яна была щцягнута яшчэ ў савецкі час камуністычным кіраўніцтвам СССР. Першыя прэзідэнцкія выбары 1994 году былі звязаны з надеямі на пераадоленне эканамічнага хаосу, завяршэнне сістэмных пераўтварэнняў, сацыяльную і палітычную стабілізацыю, паляпшэнне матэрыяльнага становішча грамадства, далейшае ўмацаванне суверэнітэту краіны. Наколькі апраўданымі аказаліся надзеі?

1. «Моцная» дзяржава – бяспраўнае грамадства

За кароткі – па мерках гісторыі – перыяд Беларусь адбылася як дзяржава. З першых дзён незалежнасці інтэнсіўна ішоў працэс фармавання уласных інстытутаў улады і кіравання. Акрамя ўладных структураў, ідэнтычных ранейшым саюзна-рэспубліканскім органам, у краіне створаны міністэрствы і ведамствы, якія ўвасабляюць суверэнітэт ва ўнутранай і знешняй палітыцы. Пачалі сваю дзейнасць Галоўнае ўпраўленне памежных войскаў і Дзяржаўны мытны камітэт, створаны новыя пагранзаставы на мяжы з Літвой і Латвіяй. Усе часці і падраздзяленні былой Беларускай вайсковай акругі, што не ўваходзілі ў склад стратэгічных сілаў СССР, перайшлі ў падначаленне Міністэрства абароны Рэспублікі. Створана беларуская армія – гарант бяспекі незалежнай дзяржавы. Новую ролю стала адыгрываць Міністэрства замежных спраў Беларусі, існаванне якога ў час СССР было хутчэй фармальнасцю.

Рэспубліка Беларусь атрымала ў спадчыну ад БССР Канстытуцыю, з якой быў выдалены артыкул аб кіруючай ролі Камуністычнай партыі. Асноўныя палажэнні Канстытуцыі фармавалі дзяржаўны лад Беларусі ў форме парламенцкай Рэспублікі. Функцыі кіраўніка дзяржавы даручаліся спікеру парламенту С. Шушкевічу – найвышэйшай службовай асобе Рэспублікі. Выканаўчая ўлада цалкам канцэнтравалася ў руках Савета Міністраў, дзе практычна ўстанавілася адзінаначалле Старшыні – В. Кебіча. Стан, які склаўся, нагадваў дзяржаўны лад Нямеччыны са слабым Прэзідэнтам і моцным Канцлерам.

Устойліваму палітычнаму развіццю маладой дзяржавы перашкаджалі адсутнасць дэмакратычных традыцыяў ў грамадстве і вострая палітычная барацьба паміж старой партыйна-гаспадарчай наменклатурай і прыхільнікамі дэмакратыі. Лагер беларускай дэмакратыі ўзначаліў вельмі слабы, але саманадзейны палітык С. Шушкевіч; нарасталі рознагалоссі паміж радыкаламі на чале з З. Пазьняком і ўмеркаванымі рэфарматарамі, як В. Ганчар, Г. Карпенка. Таму працэсы сістэмнай трансфармацыі і, перш за ўсё, постсавецкай дэмакратызацыі дзяржавы і грамадства праходзілі вяла, непаслядоўна. Буйным рэваншам старой наменклатуры за ўступкі восені 1991 году сталі змена Старшыні Вярхоўнага Савета і прыняцце новай Канстытуцыі, якая ўводзіла пасаду Прэзідэнта краіны з вялікімі паўнамоцтвамі.

На прэзідэнцкіх выбарах 1994 году беларускі электарат аддаў перавагу А. Лукашэнку – маладому прадстаўніку старой палітычнай эліты, які добра валодае прыёмамі папулізму і маніпулявання грамадскімі настроямі. Абраны Прэзідэнтам, А. Лукашэнка пачаў жорсткую барацьбу супраць прыхільнікаў дэмакратычнага ўладкавання Беларусі, увосень 1996 году на так званым рэферэндуме правёў змяненні Канстытуцыі, забяспечыўшы сабе практычна неабмежаваную ўладу ў краіне. Палітыкі, збегам абставінаў закліканыя ўзначаліць барацьбу за захаванне дэмакратыі і законнасці ў Рэспубліцы – Старшыня Вярхоўнага Савета С. Шарэцкі і Старшыня Канстытуцыйнага Суду В. Ціхіня, – не справіліся са сваёй гістарычнай місіяй. Дэзарганізаваныя і раз’яднаныя дэмакраты ў выніку страцілі нават становішча сістэмнай апазіцыі: былі выдаленыя з парламенту, адлучаны ад удзелу ў грамадскім жыцці, падвяргаліся палітычнаму астракізму і пераследам.

Трэба прызнаць, што ўстаноўленая Прэзідэнтам жорсткая вертыкаль улады забяспечыла кіруемасць краінай, выключыла магчымасці праяўлення анархіі, рэгіянальнай «самастойнасці». Павялася сур’ёзная барацьба з карупцыяй ва ўладных структурах, ва ўсякім разе – на іх сярэдніх і ніжэйшых узроўнях, прадухілена фармаванне мафіёзных груповак, утаймавана дзёрзкасьць крымінальнага асяроддзя.

Пераадолеўшы першапачатковую боязь самастойнасці, шматгадовую прывычку ва ўсім пакладацца на «цэнтр», палітычная і гаспадарчая наменклатура прыняла ідэю суверэннага развіцця краіны. Ідэямі нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння праняліся ўсе сферы палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, гуманітарнай жыццядзейнасці беларускага грамадства. Вынікі сацыялагічных даследаванняў апошніх гадоў сведчаць, што абсалютная большасць нашых суайчыннікаў успрымае дзяржаўны суверэнітэт як непераходную каштоўнасць.

У цэлым на працягу 14 гадоў незалежнага развіцця ў краіне і грамадстве захавалася тэндэнцыя да паскарэння гуманітарнага развіцця. Нацыянальная культура, перастаўшы быць часткаю «агульнай культуры савецкага народа», самавызначылася як культура беларускага народа і дзяржавы. Статус дзяржаўнай набыла беларуская мова, усё большая колькасць грамадзян карыстаецца ёю ў працоўнай дзейнасці і ў побыце. Літаратура, мастацтва папоўніліся адметнымі творамі нацыянальнага характару, як оперы «Рагнеда» і «Князь Наваградскі», тэатральныя пастаноўкі «Князь Вітаўт», «Тутэйшыя» ды інш. У адпаведнасці з законам «Аб ахове культурна-гістарычнай спадчыны» (1993 г.) пачалася рэстаўрацыя Верхняга горада ў Мінску, Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Важнаю падзеяй культурнга жыцця Рэспублікі стала будаўніцтва новага гмаху Нацыянальнай бібліятэкі. Удасканальвалася нацыянальная сістэма адукацыі, узніклі такія ачагі педагагічнага майстэрства, як гімназіі і ліцэі. Пашырылася сетка вышэйшых навучальных устаноў, дзясяткі тэхнікумаў пераўтвораны ў каледжы, рэальнасцю стала альтэрнатыўнасць формаў ВНУ. Па колькасці студэнтаў на 10 000 насельніцтва Беларусь выйшла на сярэднееўрапейскі ўзровень (300 чалавек), што з’ўляецца найвышэйшым паказчыкам у яе гісторыі. Установы адукацыі ўсіх узроўняў працуюць па нацыянальных навучальных планах і навучальных праграмах. Умацавался тэндэнцыя да нацыянальнай кансалідацыі беларусаў, насельніцтва краіны ўсё больш дакладна ідэнтыфікуе сябе з народам незалежнай дзяржавы.

Аднак неабходна адзначыць, што пазітыўныя працэсы ў грамадскім жыцці адбываюцца ў многім не дзякуючы, а насуперак палітыцы цяперашніх уладаў. Паслядоўна рэалізаваны А. Лукашэнкам курс на пашырэнне прысутнасці дзяржавы ва ўсіх сферах жыцця грамадства, на ўмацаванне падначаленай Прэзідэнту скразной вертыкальнай уладнай структуры непазбежна вядзе да абвастрэння супярэчнасцяў паміж «моцнай» уладаю і бяспраўным грамадствам. Заканадаўчыя і прадстаўнічыя органы ўлады страцілі сваю ролю. Пасля 1994 году парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, усенародныя рэферэндумы ператварыліся ў фарс, іх не прызнае большасць насельніцтва Рэспублікі і сусветная супольнасць. Роля парламенту, сябры якога падабраныя і «абраныя» Адміністрацыяй Прэзідэнта, зводзіцца цяпер да функцыяў дарадчага органу пры кіраўніку дзяржавы. Дзяржаўная Дума ў Расійскай імперыі ў 1906–1917 гадах мела значна больш правоў, чым сучасны беларускі парламент.

Механізм прыняцця ўладаю рашэнняў застаецца непразрыстым, эфектыўны грамадзянскі кантроль яе дзейнасці не выпрацаваны і немагчымы. Грамадства пазбаўлена нават інфармацыі аб выдаткаванні бюджэтных сродкаў і, тым больш, сродкаў пазабюджэтных фондаў.

У дзеяннях уладаў ўсё большую ролю адыгрываюць сілавыя ведамствы (структуры МУС, КДБ, узброеныя фармаванні пры Прэзідэнце). Расце лік суб’ектаў, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую і рэпрэсіўную дзейнасць, сфера такой дзейнасці выходзіць далёка за рамкі дзейнага заканадаўства.

Улада ўпарта перашкаджае структураванню інстытутаў грамадзянскай супольнасці. Новыя грамадскія арганізацыі не рэгіструюцца, дзейнасці існуючых НДА чыняцца ўсемагчымыя перашкоды. Ліквідавана незалежная адвакатура. Рэгулярна праводзяцца кампаніі супраць недзяржаўных СМІ, незалежных прафсаюзаў, прыватнага натарыяту, суб’ектаў гаспадарання.

Палітычныя партыі пазбаўляюцца ўмоваў для нармальнага функцыянавання. Усякае іншадумства асуджаецца, а кожны апазіцыйны рух трактуецца афіцыйнай прапагандай як падкопы «ворагаў народа», «адшчапенцаў», «адмарозкаў». Супраць дэмакратычнай апазіцыі вядзецца поўнамаштабная псіхалагічная вайна, падмацаваная судовымі і міліцэйскімі рэпрэсіямі.

Уладны дыктат закрануў і гуманітарную сферу. Жорсткімі рамкамі адміністрацыйнага кіравання рэгламентавана дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук. Пазбаўлены аўтаноміі флагман вышэйшай адукацыі – Беларускі дзяржаўны універсітэт. Па яўна надуманых прычынах зачынены Еўрапейскі гуманітарны універсітэт і Нацыянальны ліцэй. Кіраўніцтва краіны не хавае няпрыязі да беларускай мовы.

Сацыялагічныя даследаванні і аналіз грамадскага жыцця апошніх гадоў сведчыць аб падзенні аўтарытэту ўлады і асабістага рэйтынгу Прэзідэнта. Абсалютная большасць насельніцтва чакае палітычных пераменаў, не прымае непавагі да свабод і правоў грамадзян. Канстытуцыя дзяржавы за 10 гадоў тройчы мянялася дзеля задавальнення ўладных амбіцыяў аднаго чалавека. Паўнамоцтвы Прэзідэнта Беларусі распаўсюджваюцца значна далей, чым улада сярэднявечнага самаўладцы. Ён атрымаў права выдаваць дэкрэты, што маюць сілу законаў, прызначаць выбары і рэферэндумы, фармаваць практычна ўсю сістэму органаў кіравання і судоў. Пад выглядам распрацоўкі дзяржаўнай ідэалогіі грамадству ўсё больш назойліва навязваецца культ асобы галавы дзяржавы. Становяцца прывычнымі судовыя працэсы супраць журналістаў «дзеля абароны гонару і годнасці Прэзідэнта». Пры гэтым суды, знаходзячыся ў прамой залежнасці ад органаў выканаўчай улады, ігнаруюць свабоды і правы шараговых грамадзян.

Прадпрымаюцца беспрэцэдэнтныя меры дзеля ўхілення ўсякай ініцыятывы па вылучэнні на пасаду Прэзідэнта любой іншай кандыдатуры, акрамя дзейнага кіраўніка дзяржавы. Грамадскай свядомасці пастаянна навязваецца думка, што такіх няма, што кожны іншы прэтэндэнт на пасаду Прэзідэнта Беларусі будзе «падкуплены» Захадам (або рассійскімі алігархамі) і абавязкова «прадасць» Беларусь.

Такім чынам, беларуская дзяржава апынулася ў канстытуцыйна-прававым і маральна-палітычным тупіку. Яе далейшае паступальнае развіццё магчымае толькі пасля ўхілення нагрувашчаных дэфармацыяў.

2. Эканоміка дзеля эканомікі

Стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця незалежнай Беларусі абумовілі эканамічныя наступствы распаду СССР: рэзкае скарачэнне з боку былых саюзных партнёраў паставак разнастайнай прадукцыі, неабходнай для беларускай прамысловасці; страта традыцыйных заказаў, рынкаў збыту; рост інфляцыі; рэзкае падзенне вытворчасці; таварны голад. Палітычная і эканамічная наменклатура разгубілася, прамысловы дырэктарат заклікаў захаваць камандна-размеркавальную сістэму кіравання эканомікай і аднавіць разбураныя гаспадарчыя сувязі. Урад В. Кебіча, будучы не ў стане справіцца з гіперінфляцыяй і імкнучыся пазбегнуць адказнасці за развал эканомікі, паскорана рыхтаваў пераход фінансавай сістэмы Беларусі на расійскую валюту, што немінуча прывяло б да страты дзяржаўнага суверэнітэту.

Але натуральны ход падзеяў і прыклад суседзяў прадвызначылі выбар на карысць рынкавай эканомікі. Так, праграма пераходу да рынку пачатку 90-х гадоў, разлічаная на пяць гадоў, прадугледжвала ў першую чаргу стварэнне ў Беларусі прыватнага сектару эканомікі. Адпаведнай пастановай Савета Міністраў была пачата прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці. Да канца 1992 году ва ўласнасць працоўных калектываў і асобных уласнікаў перайшло 190 прадпрыемстваў. Новыя формы ўласнасці былі замацаваны ў законе 1993 г. «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь».

Была створана прававая база для дзейнасці сумесных беларуска-замежных прадпрыемстваў і прадпрыемстваў, якія цалкам належаць іншаземцам. З 1991 па 1995 год колькасць такіх прадпрыемстваў узрасла адпаведна з 283 да 1836 і з 116 да 889. Пашырэнне магчымасцяў для стварэння сумесных і замежных фірмаў і прадпрыемстваў спрыяла прыцягненню ў беларускую эканоміку замежных інвестыцыяў, праўда, у невялікіх памерах.

Пэўныя змяненні адбыліся ў сельскагаспадарчай сферы. Вяскоўцы атрымалі права выбару формаў гаспадарання і ўласнасці, у выніку чаго пачалося стварэнне фермерскіх гаспадарак. У 1995 годзе іх было 3 тысячы.

Аднак на момант выбараў першага Прэзідэнта Беларусі ў ліпені 1994 г. эканамічная сітуацыя ў краіне працягвала пагаршацца. Кіроўная эліта з прычыны шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын, нягледзячы на рынкавую рыторыку, аказалася няздольнаю да мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі. Лібералізацыя гаспадарчай дзейнасці дзяржпрадпрыемстваў ва ўмовах адміністрацыйна заніжаных цэнаў і таварнага дэфіцыту, развіцця чорнага рынку спарадзіла спрыяльныя варункі для карупцыі. Кожны, хто быў датычны да кіравання эканомікай, мог атрымаць банкаўскі крэдыт, які гіперінфляцыя хутка ператварала ў дармовыя грошы. Многія прадпрымальныя гаспадарнікі пачалі гандляваць прадукцыяй сваіх прадпрыемстваў або пасрэднічалі ў гэтым гандлі і атрымлівалі нябачаныя даходы. Толькі невялікая частка атрыманых сродкаў накіроўвалася ў прадпрымальніцтва, асноўная частка ішла на асабістае спажыванне. Помнікамі хуткацечнай эпохі першапачатковага назапашвання капіталу засталіся пасёлкі з шыкоўных катэджаў вакол Мінску ды іншых гарадоў. Тысячы катэджаў засталіся недабудаванымі: іх уласнікі аказаліся менш удачлівымі.

Уласнасць і ўлада засяроджваліся ў руках дзяржаўнай бюракратыі. Пры гэтым аб’ём ВУП у 1992-1994 гадах знізіўся на 20%, цэны выраслі ў 32 разы. Рэзка знізіўся ўзровень жыцця насельніцтва. Заработная плата асноўнай масы працоўных складала 20–50 долараў. Значна вырасла сацыяльнае расслаенне. У гэтых умовах нарастала непрыняцце беларусамі рынкавых рэформаў. Па выніках сацыялагічнага апытаньня ў 1994 годзе за «рынак» выступала толькі 30,3% рэспандэнтаў (у канцы 1990 году – 62,69%). Вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў, такім чынам, былі свайго роду негатыўнай рэакцыяй на фармаванне ў краіне пачварнай мадэлі алігархічнага капіталізму.

Пры гэтым аб’ём ВУП у 1992-1994гадах знізіўся на 20%, цэны выраслі ў 32 разы. Рэзка знізіўся ўзровень жыцця насельніцтва. Заработная плата асноўнай масы працоўных складала 20–50 долараў. Значна вырасла сацыяльнае расслаенне. У гэтых умовах нарастала непрыняцце беларусамі рынкавых рэформаў. Па выніках сацыялагічнага апытаньня ў 1994 годзе за «рынак» выступала толькі 30,3% рэспандэнтаў (у канцы 1990 году – 62,69%). Вынікі першых прэзідэнцкіх выбараў, такім чынам, былі свайго роду негатыўнай рэакцыяй на фармаванне ў краіне пачварнай мадэлі алігархічнага капіталізму.

З прыходам да ўлады А. Лукашэнкі быў зроблены паварот да ўзмацнення ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах. Публічна абвешчаны Прэзідэнтам курс на пабудову «рынкавага сацыялізму» меў на ўвазе вяртанне да дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і ўзмацненне кантролю прыватнага бізнесу. Умацаванне камандна-размеркавальнай сістэмы кіравання, фактычная адмова ад прыватызацыі, намаганні дзеля ўтрымання вытворчасці ў самых важных галінах эканомікі дазволілі зацугляць інфляцыю, пазбегнуць масавага беспрацоўя і забяспечыць мінімальны ўзровень жыцця насельніцтва. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі, тавараў спажывання пачаў павялічвацца. Шэраг вядучы прадпрыемстваў («БелАЗ», «Мінскі трактарны завод», «Атлант», «Гарызонт» ды інш.), выкарыстоўваючы дзяржаўныя прэферэнцыі, не толькі пераадолелі цяжкасці пачатку 90-х гадоў, але і мадэрнізавалі вытворчасць, павысілі канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі.

Захаванне і рэгулярнае датаванне калгасна-саўгаснай сістэмы далі магчымасць не дапусціць катастрафічнага падзення сельскагаспадарчай вытворчасці і дэкласавання сялянства.

Сыравінная і энергетычная залежнасць, а таксама экспартаарыентаванасць эканомікі шмат у чым прадвызначылі прыярытэты знешняй палітыкі і развіццё міжнародных эканамічных сувязяў. Хоць гандлёвымі партнёрамі Беларусі сталі больш як 160 краінаў свету, болей за палавіну гандлёвага абароту прыпадала на Расію. Шырокамаштабная піярная кампанія аб «яднанні» Беларусі з Расіяй забяспечыла адчувальныя для беларускай эканомікі прэферэнцыі, цэлае дзесяцігоддзе пастаўкі энергарэсурсаў ажыццяўляліся па льготных цэнах. Гэта паслужыла допінгам для многіх айчынных прадпрыемстваў і нават дазволіла павялічыць экспарт энергаёмістай прадукцыі.

Узмоцненае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу прынесла пэўныя вынікі. Пачынаючы з 1996 году, назіраецца пастаянны прырост валавага ўнутранага прадукту: за перыяд з 1996 па 2000 г. ён, як сцвярджае ўрадавая статыстыка, вырас у 1,36 раза, за 2001–2005 гг. – у 1,43 раза, г. зн. за дзесяцігоддзе адбылося фактычнае падваенне ВУП. У 2000 годзе дасягнуты ўзровень перадкрызіснага 1990 году па вытворчасці прамысловай прадукцыі. Сярэдняя заработная плата наблізілася да 400 тысяч рублёў (праўда, значна абясцэненых). Сярэднемесячны ўзровень інфляцыі беларускай валюты вагаецца ў межах аднаго працэнту.

Разам з тым эканамічная палітыка беларускіх уладаў не змагла ўвесці ў дзеянне ўвесь вытворчы патэнцыял, створаны ў Рэспубліцы яшчэ ў савецкі час, і яе чалавечы капітал. Адрозніваючай рысай нацыянальнай мадэлі развіцця стала далейшая канцэнтрацыя эканомікі і ўлады ў вузкіх структурах кіраўніцтва, а таксама прыняцце важнейшых рашэнняў асабіста кіраўніком дзяржавы. Гэта ў пэўнай меры задавальняе ўладныя палітычныя эліты, паколькі здымае з іх частку адказнасці, якая ў іншых дзяржавах ўскладаецца на ўрад і цэнтрабанк.

Прыхільнасць Прэзідэнта да камандна-размеркавальнымх метадаў стала ідэалогіяй эканамічнай палітыкі. Высілкі накіраваны на тое, каб максімальна выціснуць «сацыялістычны лімон», закручваючы гайкі ва ўсіх сектарах эканомікі. Прадпрыемствы засталіся ў рамках старых вытворчых схемаў і арганізацыйных структураў. Заснаванне канцэрнаў (замест шэрагу міністэрстваў) і псеўдаакцыянерных таварыстваў замацавала мутантную форму дзяржаўнага кіравання. Па рашэнні ўладаў прыбытак рэнтабельных прадпрыемстваў накіроўваецца на тое, каб «утрымаць на плаву» стратныя прадпрыемствы. У пагоні за высокімі паказчыкамі прамысловага росту дырэктарам заводаў загадана пастаянна павялічваць аб’ёмы вытворчасці без уліку магчымасцяў збыту. (Так, на МАЗе да вясны 2005 году запас непрададзеных машын перавысіў двухмесячны аб’ём вытворчасці.) Адначасна дырэктыва аб забеспячэнні максімальна высокіх колькасных паказчыкаў стала тормазам якаснага развіцця нацыянальнай эканомікі. Галоўнымі метадамі кіравання, побач з загадамі і дырэктывамі, з’яўляюцца бясконцыя праверкі прадпрыемстваў, запалохванне і крымінальныя пераследы дырэктарскага корпусу.

Гаспадарчая сістэма краіны глыбока дэфармавана, пра што ускосна сведчыць атрыманне Беларуссю тэхнічных крэдытаў Цэнтрабанку Расіі. Гэтыя крэдыты (200–300 млн. штогод) знікаюць у беларускай эканоміцы, як у чорнай дзірцы. Наогул, прааналізаваць рэальны стан эканомікі краіны вельмі складана, паколькі неабходная для гэтага інфармацыя або ўтойваецца, або скажаецца. Так, некаторыя вядомыя эканамісты мяркуюць, што адмоўнае сальда знешняга гандлю Беларусі часткова пакрываецца канфідэнцыйным продажам акцыяў беларускіх прадпрыемстваў замежным фінансавым (вядома ж – расійскім) магнатам. Але грамадскасць краіны пра гэта не ведае.

У Рэспубліцы Беларусь застаецца высокая доля нярынкавага сектару – ¾ ўсёй эканомікі. У некаторых галінах (будаўніцтва, сельская гаспадарка) узровень канкурэнцыі вельмі нізкі або наогул адсутнічае. Больш за тое, пачаўся працэс рэгіянальнай «суверэнізацыі»: абласныя ўлады забараняюць продаж харчовых ды іншых тавараў, вырабленых у суседніх абласцях Беларусі (маўляў, свае планы трэба выконваць).

Нізкая доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў, неапраўдана сціплы іх уклад у ВУП краіны, у занятасць насельніцтва. Прадпрымальнік практычна безабаронны перад падатковымі, мытнымі, санітарна-эпідэміялагічнымі, пажарнымі ды іншымі кантрольнымі службамі. Тысячы падзаконных актаў, увядзенне фіскальных нормаў заднім чыслом фактычна паралізуюць інстытут прыватнай уласнасці. Таму не выкарыстоўваюцца ў прадпрымальніцтве валютныя назапашванні хатніх гаспадарак, якія складаюць, паводле ацэнак спецыялістаў, каля 1,6 млрд. долараў. І таму значная частка малога бізнесу застаецца ў «ценю», не рэгіструючыся наогул або ўтойваючы даходы і колькасць занятых работнікаў і, адпаведна, ухіляючыся цалкам або часткова ад уплаты падаткаў. Паводле ацэнкі спецыялістаў, колькасць прадпрымальнікаў і работнікаў, якія не не плацяць падаткі, дасягае аднаго мільёна чалавек. Такі адказ прыватнага сектару варожа настаўленай да яго дзяржаве.

Чырвонаю ніткаю палітыкі цяперашняга кіраўніцтва стаў лабізм калгасна-саўгаснай сістэмы. Атрымліваючы каля 1 мільярда долараў субсідыяў і датацыяў па розных артыкулах бюджэту і пазабюджэтных фондаў, сельская гаспадарка ператварылася ў «чорную дзірку» беларускай эканомікі. Акрамя таго, два разы на год кіраўнікам прамысловых, гандлёвых, фінансавых прадпрыемстваў даводзіцца негалосная дырэктыва: даць грошай на закупку паліва для сяўбы ці ўборкі ўраджаю. Апошнім часам улады прыступілі да «рэфармавання» сельскай гаспадаркі: калгасы і саўгасы пераймяноўваюць у кааператывы і акцыянерныя таварыствы, а самыя стратныя з іх перадаюць больш моцным гаспадаркам або прамысловым прадпрыемствам. Пры гэтым правы і інтарэсы калгаснікаў ігнаруюцца, права ўласнасці на зямлю, асноўныя і абаротныя сродкі з дапамогаю юрыдычнага камуфляжу застаецца за абстрактнаю дзяржавай, а дакладней – за дзяржаўнай бюракратыяй. Такім чынам, замест вырашэння праблемы – квазірэформы, самападман, ураўнілаўка. Фактычным прызнаннем няслушнасці проводжанага курсу стала абвяшчэнне (пасля дэклараванага на працягу 11 гадоў знаходжання Прэзідэнта ва ўладзе прыярытэту развіццю сельскай гаспадаркі) цяперашняй Праграмы адраджэння вёскі.

А між тым, цэны на харчовыя тавары пастаянна растуць. У мінулым годзе жыхары гарадоў аддавалі 42% сваіх грашовых выдаткаў на куплю харчовых тавараў, што з’яўляецца надта высокай цаной утрымання калгасна-саўгаснай сістэмы. Продаж гэтых тавараў стаў выгаёёднаю справай для наменклатурнага «бізнесу».

Людзі аказаліся пазбаўленымі свайго натуральнага права на зямлю. У нашай краіне ўсяго 14% сельскагаспадарчай зямлі знаходзіцца ў руках гаспадароў, у суседняй Латвіі – 91%, у Польшчы – 84%. З гэтай прычыны не выклікае здзіўлення тое, што пасля многіх гадоў негатыўнай ацэнкі рэформаў у суседніх краінах, якія афіцыёз подносіў як развал сельскай гаспадаркі, мы сталі купляць харчовыя тавары ў Літве, Расіі, Польшчы.

Рэспубліка Беларусь атрымала ў спадчыну салідны навуковы патэнцыял, але рацыянальна распарадзіцца ім не змагла. Адсутнасць эфектыўных сувязяў паміж вытворчасцю і навукай, слабое выкарыстаннне айчыннымі прадпрыемствамі інавацыяў, зніжэнне навукаёмістасці прадукцыі не дазваляе эканоміцы эфектыўна канкураваць ў высокатэхналагічных галінах з найбольш высокім узроўнем дададзенай вартасці. Улады замест стварэння спрыяльных умоў для навуковага творчасці праводзяць адну за адной прапагандысцкія кампаніі па рэарганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук, адкрыцці «сіліконавай даліны», стварэнні «парку высокіх тэхналогіяў» і г. д.

Удзел Беларусі щ міжнароднай эканоміцы характарызуецца невысокай ступенню дыверсіфікацыі экспарту, слабым выкарыстаннем канкурэнтных пераваг у экспарце паслугаў (перш за ўсё транспартных, медыцынскіх, адукацыйных) і прадукцыі навукаёмістых галін. Абмежаваны аб’ём міжнароднага супрацоўніцтва скарачае магчымасці абмену тэхналогіямі, перашкаджае дынамічнаму развіццю уласных вытворчасцяў.

Стварэнне «прарыўных» напрамкаў экспарту немагчымае без буйных інвестыцыяў у асноўны капітал. Для простага аднаўлення, як паказвае сусветная практыка, іх аб’ём павінен складаць не менш як 22% аб’ёму ВВП, а для пашыранага аднаўлення – 28% і больш. Паводле прызнання А. Лукашэнкі, на наступную «пяцігодку» запланаваны капіталаўкладанні ў аб’ёме 22–25% ВУП. У беларускую эканоміку асноўныя інвестыцыі робяцца за кошт вельмі абмежаваных сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, дзяржпрадпрыемстваў і дзяржбанкаў. А сцвярджэнні, што ў 2004 годзе інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі 10 трыльёнаў рублёў, або амаль 5 млрд. долараў, – чарговы міф урадавай статыстыкі. Сюды ўключаны затраты на бягучыя рамонты, амартызацыю, будаўніцтва жылля, дарог, а таксама выдаткі на розныя іншыя патрэбы. Рэальныя ўкладанні ў пашырэнне і абнаўленне вытворчасці ў нас на парадак меншыя. А між тым вытворчае абсталяванне абсалютнай большасці заводаў і фабрык не толькі маральна састарэла, – яго фізічная зношанасць дасягае 80%.

Для простага аднаўлення, як паказвае сусветная практыка, іх аб’ём павінен складаць не менш як 22% аб’ёму ВВП, а для пашыранага аднаўлення – 28% і больш. Паводле прызнання А. Лукашэнкі, на наступную «пяцігодку» запланаваны капіталаўкладанні ў аб’ёме 22–25% ВУП. У беларускую эканоміку асноўныя інвестыцыі робяцца за кошт вельмі абмежаваных сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, дзяржпрадпрыемстваў і дзяржбанкаў. А сцвярджэнні, што ў 2004 годзе інвестыцыі ў асноўны капітал дасягнулі 10 трыльёнаў рублёў, або амаль 5 млрд. долараў, – чарговы міф урадавай статыстыкі. Сюды ўключаны затраты на бягучыя рамонты, амартызацыю, будаўніцтва жылля, дарог, а таксама выдаткі на розныя іншыя патрэбы. Рэальныя ўкладанні ў пашырэнне і абнаўленне вытворчасці ў нас на парадак меншыя.

Ніводнае з сотні вядучых беларускіх прадпрыемстваў не створана на замежныя грошы. Аб’ём прамых замежных інвестыцыяў, якія маглі б прынесці ў эканоміку Рэспублікі новыя тэхналогіі і рынкі збыту, новую якасць прадукцыі і больш высокую культуру вытворчасці, невысокі: у 2004 годзе ён дасягнуў 150 млн. долараў. Іх прыток абмежаваны значнымі інвестыцыйнымі рызыкамі, якія звязаны з непрадказальнасцю «правілаў гульні», непрадуманай падатковай палітыкай. Беларусь знаходзіцца за межамі першай сотні інвестыцыйна прывабных краін, адстае ад краін Усходняй Еўропы па аб’ёме замежных інвестыцыяў на душу насельніцтва ў некалькі разоў. Паводле ацэнак спецыялістаў, пры цяперашніх памерах інвестыцыяў у эканоміку на поўную замену ўжо з’амартызаваных асноўных фондаў спатрэбіцца 94 гады. Пры умове аднаўлення толькі зношанай актыўнай часткі асноўных фондаў – 43 гады.

Аналіз сітуацыі дазваляе зрабіць выснову аб адсутнасці ў Беларусі пры яе цяперашнім кіраўніцтве перспектываў паскарэння эканамічнага развіцця. Прэферэнцыі на расійскім рынку вычарпаныя, беларускія тавары там выціскаюцца мясцовымі і імпартам з развітых краін. Цэны на энергарэсурсы растуць. СГА для Беларусі недаступная, гэта значыць, што далейшая дыверсіфікацыя экспарту будзе ўскладнёна. Замежныя інвестыцыі сюды не прыйдуць. Стваральны – вытворчы і інтэлектуальны – патэнцыял нацыі замарожаны. Наша доля – ганебнае адставанне ад суседзяў, наша суцяшэнне – роўнасць у беднасці, стабільнасць стагнацыі.

3. Ці сацыяльная дзяржава?

Прынятыя ўрадам Лукашэнкі меры дзеля пераадолення эканамічнага хаосу часоў Кебіча, а таксама сакрушальная параза дэмакратычных сілаў увосень 1996 году забеспечылі адносную стабільнасць у наступныя гады не толькі ў эканоміцы, але і ў сацыяльна-палітычнай сферы. Пры гэтым фундаментальным чыннікам стабільнасці заставаліся псіхічны склад, асаблівасці менталітэту беларускага народа: яго працавітасць, цярплівасць, гатоўнасць задавальняцца малым, генетычны страх перад вайной і рэпрэсіямі, а таксама адсутнасць дэмакратычных традыцыяў і нізкі ўзровень палітычнай сацыялізацыі грамадства.

Паступовы рост заработнай платы і рэгулярная выплата пенсіяў на фоне наступстваў шокавай тэрапіі ў суседзяў – у Расіі і Украіне – фармавалі надзеі насельніцтва на патэрналісцкую ролю беларускай дзяржавы. Расійскае тэлебачанне, якое панавала на беларускім інфармацыйным полі, штодзённа дэманстравала негатыўныя вынікі гайдараўскіх пераўтварэнняў. Афіцыйная прапаганда ў Беларусі ўзмоцнена супрацьпастаўляла стабільнасць у сваёй краіне нестабільнасці і крызісам у Расіі. У той жа час стан спраў у заходніх суседзяў – Латвіі, Літве, Польшчы, – дзе ў тыя ж гады назіраўся эканамічны прагрэс, рост матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва і паглыбленне дэмакратыі, утойваўся ад грамадзян Беларусі. Аналагічна замоўчваецца і той факт, што ў апошнія гады расійская эканоміка пераадолела крызіснае ўзрушэнне, паскорана развіваецца, а сярэдняя зарплата там значна адарвалася ад беларускага ўзроўню.

Характар працоўных адносін у нашай краіне паўтарае парадкі таталітарнай мінуўшчыны. Культывуецца праца па загадзе і пад кантролем дзяржавы. Увядзенне кантрактнай сістэмы найму работнікаў замацоўвае іх бяспраўнае становішча. Прафсаюзы, натуральны і традыцыйны абаронца сацыяльна-эканамічных інтарэсаў работнікаў, прыціснутыя адміністрацыйным дыктатам і сваю ролю выконваць не ў стане. Дзяржава спрабуе манапалізаваць рынак працы. Прыватны сектар і хатнія гаспадаркі трактуюцца як сацыяльна шкодная, варожая сфера.

Трывалай сацыяльнай апорай улады ўсе гэтыя гады былі пенсіянеры, якія складаюць больш за чвэрць насельніцтва краіны, але ў апошнія гады і ў гэтым асяроддзі нарастае расчараванне і незадавальненне. Пенсіянеры вымушаны задавальняцца своечасовасцю выплат іх мізэрных грашовых дапамог. Памер сярэдняй пенсіі не дасягае 40% узроўню сярэдняй зарплаты і ўтрымлівае пенсіянераў на мяжы ўбоства. Жалезны каток ураўнілаўкі зраўняў пенсіі прафесара і апальшчыка, высокакваліфікаванага інжынера і прыбіральшчыцы: усе яны атрымліваюць ад 60 да 100 долараў. Пры тым на ніжнім узроўні гэтых «вілак» сканцэнтравана палавіна пенсіянераў. І толькі вайскоўцы, супрацоўнікі сілавых структураў і дзяржапарату маюць значна больш забяспечаную старасць.

Пенсійнае заканадаўства прадугледжвае больш за 20 падстаў для выхаду на пенсію на 5–10 гадоў раней. Такія катэгорыі льготнікаў складаюць каля чвэрці ўсіх пенсіянераў. Гэтая абставіна значна нагружае Пенсійны фонд Рэспублікі, зніжае сярэдні ўзровень пенсійных выплат і супярэчыць прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.

Агульная колькасць пенсіянераў у Беларусі ў апошнія гады імкліва расце і ўжо складае каля 60% ад ліку працуючых, або амаль 27% насельніцтва краіны. У бліжэйшае дзесяцігоддзе, калі на пенсію будзе выходзіць пакаленне пасляваеннага дэмаграфічнага буму, суадносіны паміж працуючымі і пенсіянерамі будуць мяняцца на карысць апошніх. Таму пры цяперашняй эканамічнай стратэгіі дзяржава не зможа матэрыяльна забяспечыць непрацаздольную частку грамадзян.

Вядома, што Фонд сацыяльнай абароны (ФСА), з якога выплачваюцца працоўныя пенсіі, фармуецца за кошт падаткаў з працадаўцаў (35% ад фонду заработнай платы) і з работнікаў (1% ад заработнай платы). Натуральна, што з «ценевай» эканомікі гэтыя падаткі ў ФСА не паступаюць. Паводле ацэнак спецыялістаў, толькі трохі больш за палавіну даходаў насельніцтва складае зафіксаваная падатковымі ўстановамі заработная плата. З астатняй часткі падаткі ў ФСА не выплачваюцца. Тут крыюцца вялікія рэзервы для паляпшэння пенсійнага забеспячэння грамадзян Беларусі, але для гэтага павінна быць прынцыпова зменена эканамічная палітыка дзяржавы.

Афіцыйная прапаганда да ліку заслуг улады адносіць працяг дзяржаўнага будаўніцтва жылля, добраўпарадкаванне і газіфікацыю населеных пунктаў, рамонт шасэйных дарог, запаволенае павышэнне кошту камунальных паслуг, захаванне бясплатных адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, «забеспячэнне харчовай бяспекі» і многае іншае з таго, чым звычайна жыве грамадства. Бесстаронні аналіз стану спраў, аднак, прымушае гаварыць хутчэй аб нарастаючых тут праблемах, а не пра поспехі.

Так, у Беларусі штогод будуецца каля 3 млн. квадратных метраў жылля, што можа скласці 40–50 тысяч кватэр і асобных дамоў. Для задавальнення рэальных патрэб гэтага крайне мала. У нас больш як 2,5 млн. чалавек жывуць у дамах, пабудаваных да 1980 г., у т. л. 22% насельніцтва – у «хрушчоўках», тэрмін годнасці якіх вычарпаўся або вычэрпваецца. У развітых краінах дамы такой якасці папросту ўзрывалі яшчэ ў 70–80-х гг. мінулага стагоддзя. Урад А. Лукашэнкі праблему замены састарэлага жылля нават не ставіць.

Імкненне ўладаў давесці плату за камунальныя паслугі да 100% іх сабекошту было б апраўданае, калі б у краіне эканамічныя адносіны рэгуляваў рынак, а зарплаты і пенсіі не былі гэтак малыя. Якасць паслуг, што прадастаўляюцца жыльцам, аніяк не гарантуецца. Кіраўніцтва ЖКХ не зацікаўлена ў зніжэнні іх сабекошту. На год капітальна рамантуецца толькі 0,25% жыллёвага фонду. Гэта значыць, што чарга на рамонт дойдзе праз 380–400 гадоў пасля засялення сям’і ў новы дом, хоць узносы на аплату будучага рамонту ўносяцца з першага месяца пражывання.

У яшчэ больш цяжкай сітуацыі знаходзяцца маладыя сем’і, людзі, якія не маюць свайго жылля. Плата за арэнду «з’ядае» палавіну зарплаты, набыць квартэру ва ўласнасць пры цане 500 і больш долараў за квадратны метр, нават атрымаўшы банкаўскі крэдыт на будаўніцтва, большасці грамадзян не пад сілу. А ў сацыяльнай дзяржавы, якою абвяшчае Беларусь яе цяперашняе кіраўніцтва, не можа быць больш важнай эканамічнай задачы, як забеспячэнне дастойных умоў жыцця сваім грамадзянам.

Прадмет асаблівага гонару ўраду – нізкі ўзровень беспрацоўя (называецца лічба ў два працэнты). Гэта паказчык рэгістраванага беспрацоўя, а асноўная маса людзей, якія шукаюць працу, імкнецца працаўладкавацца самастойна. Ацэнка ўзроўню беспрацоўя, праведзеная па міжнародна прынятай метадалогіі, дае 11–15%. Да гэтага трэба дадаць так званую вымушаную няпоўную занятасць. У 2004 годзе нават паводле афіцыйных звестак у такім рэжыме працавалі 240 тысяч работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый краіны, або 7% іх персаналу. У вымушаным адпачынку з ініцыятывы наймальніка знаходзілася 103 тысячы чалавек. Незалежныя эканамісты, аналізуючы становішча ў Рэспубліцы, сцвярджаюць, што схаванае беспрацоўе ў нас дасягае 30–40% працаздольнага насельніцтва. Штучнае ўтрыманне нерэнтабельных рабочых месцаў, лішкаў рабочай сілы ва ўрон сабекошту прадукцыі і за кошт зніжэння сярэдняй зарплаты – гэта методыка «рынкавага сацыялізму», сацыяльнай справядлівасці ў разуменні А.Лукашэнкі.

Сусветны досвед паказвае, што толькі развітыя краіны могуць утрымліваць беспрацоўных лікам у 5–7% актыўнага насельніцтва без негатыўных наступстваў для сацыяльна-эканамічнага развіцця і зніжэння сацыяльных гарантыяў самім беспрацоўным. Памер дапамогі на аднаго беспрацоўнага ў студзені 2005 году ў нас склаў 36,4 тыс. рублёў (27% ад бюджэту пражытачнага мінімуму), што не забяспечвае элементарных жыццёвых патрэбаў чалавека. Пры гэтым найбольшая канцэнтрацыя беднасці адзначаецца сярод непрацуючых маладых людзей ад 16 да 25 гадоў, а таксама сярод мужчын ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў, г. зн. самай актыўнай часткі грамадзян. 28% беспрацоўных маюць вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю.

У Беларусі, паводле статыстыкі ААН, амаль чвэрць насельніцтва жыве за рысай беднасці, а паводле ацэнак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны 40% насельніцтва маюць права на сацыяльныя льготы і дапамогі. Але для атрымання адраснай сацыяльнай дапамогі беларускі ўрад вызначыў толькі 7% насельніцтва (каля 695 тысяч чалавек), даходы якіх складаюць менш як 30 долараў на месяц. Ці можна гэта назваць сацыяльнай абаронай?

Вельмі дзіўная схільнасць кіраўніка дзяржавы асабіста раздаваць «кожнай сястрыцы па завушніцы», г. зн. размяркоўваць любое заахвочванне, адлюстравалася ў сацыяльнай палітыцы тым, што ў нас нагрувашчаны сотні відаў ільгот і дапамог для фізічных асоб. У 2003 годзе іх налічвалася каля 300. Сюды ўваходзяць выплаты беспрацоўным, шматдзетным сем’ям, удзельнікам вайны, ільготы на аплату камунальных паслуг, праезду ў грамадскім транспарце, куплю лекаў і г. д. І хоць дзяржава выдзяляе на сацыяльныя льготы значную частку бюджэту (да 14%), колькасць тых, хто мае патрэбу ў іх, не змяншаецца, а дапамога распыляецца. Сумы выплат па асобных відах ільготаў не перавышаюць трох долараў на месяц на аднаго чалавека. У той жа час значная частка бязадраснай сацыяльнай дапамогі накіроўваецца людзям, якія не маюць у ёй патрэбы.

Вынікі сацыяльнай палітыкі дазваляюць сцвярждаць, што ў Беларусі вядзецца барацьба не з беднасцю, а супраць тых, хто сваёй працай і талентам здольны зарабляць болей. У краіне, дзе культывуецца псіхалогія бедняка, лягчэй кіраваць людзьмі, маніпуляваць іх паводзінамі. Таму ў свядомасць насельніцтва назойліва ўкараняюцца люмпенізаваныя патрэбы, прапагандуюцца такія прымітыўныя «сімвалы дабрабыту», як «чарка і шкварка», устрыманне ў харчаванні «дзеля фізічнага здароўя», усё часцей паўтараецца тэзіс, што «наогул, беларусы – народ бедны». Намаганні большай часткі грамадзян па-ранейшаму зводзяцца да клопату пра хлеб штодзённы, да элементарнага выжывання. Шырока рэкламаваны рост зарплаты (у доларах) толькі нязначна апераджае фактычную дэвальвацыю таго ж долара і безнадзейна адстае ад росту цэнаў на тавары і паслугі.

У краіне, дзе культывуецца псіхалогія бедняка, лягчэй кіраваць людзьмі, маніпуляваць іх паводзінамі. Таму ў свядомасць насельніцтва назойліва ўкараняюцца люмпенізаваныя патрэбы, прапагандуюцца такія прымітыўныя «сімвалы дабрабыту», як «чарка і шкварка», устрыманне ў харчаванні «дзеля фізічнага здароўя», усё часцей паўтараецца тэзіс, што «наогул, беларусы – народ бедны». Намаганні большай часткі грамадзян па-ранейшаму зводзяцца да клопату пра хлеб штодзённы, да элементарнага выжывання. Шырока рэкламаваны рост зарплаты (у доларах) толькі нязначна апераджае фактычную дэвальвацыю таго ж долара і безнадзейна адстае ад росту цэнаў на тавары і паслугі.

Галоўная прычына нізкай сацыяльнай абароненасці беларускіх грамадзян крыецца ў камандна-размеркавальнай сістэме кіравання эканомікай, у палітыцы здушэння прыватнай ініцыятывы. У развітых краінах да 90% занятасці забяспечваюць малыя прадпрыемствы. Спрыяльныя адносіны беларускага дзяржавы да прыватнага прадпрымальніцтва дазволілі б большай частцы з тых 40% насельніцтва, што маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, знайсці больш высокі або дадатковы заробак. Фонд сацыяльнай абароны ў гэтым выпадку папоўнілі б падаткі з зарплаты таго мільёна грамадзян, што цяпер хаваюцца ў «ценю», а таксама больш высокія падаткі з больш высокіх даходаў прадпрыемстваў і работнікаў дзяржаўнага сектару.

На грані выжывання сёння знаходзіцца беларуская вёска. Велізарныя бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі накіроўваюцца на падтрымку стратных гаспадарак, а матэрыяльны і культурны ўзровень сельскіх працаўнікоў падае. Заработная плата калгаснікаў, якая месяцамі не выплачваецца, часта кампенсуецца сельгаспрадуктамі. Зарплату ў 40–100 тысяч рублёў атрымліваюць не адзінкі, а сотні тысяч людзей. Толькі даходы з прысядзібных участкаў і крадзяжы з калгасных палёў і фермаў дазваляюць іх сем’ям нейк выжыць.

Востры крызіс перажывае сам інстытут сям’і. Бытавая неўладкаванасць, бесперспектыўнасць ў атрыманні жылля справакавалі падзенне нараджальнасці; у два разы ў параўнанні з 1990 годам павялічыўся лік разводаў. У краіне амаль 33 тысячы дзяцей-сірат, што ў паўтара раза болей, чым у пасляваенным 1946 годзе.

Высокі ўзровень смяротнасці, асабліва сярод мужчын працаздольнага ўзросту. Найбольш кепскі стан спраў у сельскай мясцовасці, дзе ўзровень смяротнасці насельніцтва ў два разы вышэйшы, чым у гарадской. У вёсках Гомельскай і Магілёўскай абласцей мужчыны ў сярэднім паміраюць, не дажыўшы да пенсійнага ўзросту. Сельскія жыхары ў 1,5 раза часцей гінуць ад забойстваў, у 1,7 раза ад атручванняў алкаголем, у 2 разы ад самазабойстваў. На фоне сусветных тэндэнцыяў да зніжэння смяротнасці дынаміка яе паказчыкаў у Беларусі анамальная. Колькасць насельніцтва з году ў год скарачаецца, не кампенсуецца нават знешняй міграцыяй. Рэспубліка губляе штогод да 50 тысяч грамадзян. Параметры дэмаграфічнага развіцця краіны ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Змяншэнне колькасці дзяцей і падлеткаў, стан іх здароўя (толькі 13–15% выпускнікоў агульнаадукацыйных школ могуць лічыцца здаровымі) у недалёкай будучыні прывядзе да дэфіцыту працоўных рэсурсаў, здольных аднаўляць і развіваць матэрыяльны і інтэлектуальны патэнцыял.

З кожным годам узмацняецца крызіс медыцынскай галіны. Раённыя і пасялковыя бальніцы, фельчарска-акушэрскія пункты ў вёсцы, дамы для старых часта не маюць элементарных медыкаментаў і абсталявання. Сучасныя эфектыўныя лекі і лячэбныя тэхналогіі недаступныя большасці насельніцтва. Якасць бясплатнага медыцынскага абслугоўвання ў паліклініках і бальніцах рэдка задавальняе нават пенсіянераў: на прыём – чэргі, у палатах – перанасяленне. Нізкая зарплата лекараў і медсясцёр правакуе іх браць хабар і паборы з пацыентаў. Імкненне ўладаў у папулісцкіх мэтах утрымаць сістэму бясплатнага медыцынскага абслугоўвання, што засталася з савецкіх часоў, нежаданне развіваць страхавую і прыватную медыцыну прывялі да патавай сітуацыі. Дзяржава не мае сродкаў, каб цалкам задаволіць патрэбнасці насельніцтва ў медыцынскай дапамозе, а альтэрнатыўныя магчымасці не рэалізуюцца.

Фактарам фізічнай і сацыяльнай дэградацыі грамадства застаецца высокае спажыванне алкаголю – больш як 8 літраў на душу насельніцтва. Танны алкаголь у нейкай меры спрыяе сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве (гэтым карысталіся многія таталітарныя рэжымы ў мінулым), але адначасна ён нясе пагрозу генетычнага выраджэння нацыі. Невыпадкова ў нас назіраецца значны рост такіх сацыяльных хвароб, як сухоты, сіфіліс, алкагольны псіхоз.

Фізічнаму нездароўю спадарожнічаюць адхіленні ў паводзінах насельніцтва. Грубасць, ужыванне нецэнзурнай лексікі ў сем’ях і грамадскіх месцах становяцца амаль нормай паводзін. У студзені 2005 году на 52,4% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году зарэгістравана правапарушэнняў. Беларусь займае вядучыя пазіцыі ў свеце па колькасці зняволеных у працэнтах да ліку насельніцтва.

Сацыяльная сітуацыя ўскладняецца неабходнасцю пераадольваць наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У забруджаных радыёнуклідамі раёнах (23% тэрыторыі краіны) жывуць больш як 1,8 млн. чалавек. Разбуральную для чалавечага арганізму дозавую нагрузку за кошт спажывання не заўсёды чыстай ежы мясцовай вытворчасці, «дароў» лесу працягваюць атрымліваць практычна ўсе жыхары Беларусі. Пры гэтым у апошнія гады аб’ёмы фінансавых сродкаў, што выдзяляюцца на сацыяльную абарону пацярпелых ад катастрофы, скарачаюцца. А сапсаваныя адносіны з Еўропай пакінулі Беларусь практычна сам-насам з чарнобыльскай бядой.

Палітыка «роўнасці ў беднасці» прадухіліла разгаранне сацыяльных канфліктаў, але непазбежна вядзе да канфрантацыі паміж тымі, каго задавальняе патэрналісцкая палітыка дзяржавы, і тымі, хто гатовы сам зарабляць на заможнае і годнае жыццё. Пры гэтым самі ўлады, выкарыстоўваючы прынцып «падзяляй і пануй», спрабуюць дзяліць беларусаў на «правільных» і «няправільных», навешваюць ярлыкі «нацыяналістаў», «адмарозкаў», што «прадаліся Захаду», правакуюць нізкапробныя норавы і паводзіны. Асабліва непрыхільныя адносіны да інтэлігенцыі і прадпрымальнікаў, што нельга расцаніць інакш, як пакаранне за вальнадумства. Мэта – не дапусціць фармавання сацыяльных пластоў, палітычна і эканамічна не залежных ад уладаў.

Сацыяльную дзяржаву нельга стварыць толькі зверху, дэкрэтамі, законамі і нават сацыяльна справядлівым бюджэтам. Сацыяльнасць дзяржавы фармуецца традыцыямі, правіламі і прывычкамі грамадства, гатовага да салідарнасці, абароны правоў і інтарэсаў грамадзян, партнёрства і ўзаемадапамогі ў міжчалавечых адносінах. У авалоданні духоўнымі каштоўнасцямі вялікая роля сістэмы выхавання і адукацыі новых пакаленняў. Замацоўвае і памнажае іх у паводзінах людзей дзейнасць структураў грамадзянскай супольнасці. Усяго гэтага нехапае Беларусі.4. Сам-насам са светам

Выбар незалежнай Беларуссю ў якасці базавых прынцыпаў знешняй палітыкі бяз’ядзернасці і нейтралітэту спрыяў росту аўтарытэту маладой дзяржавы. Рэспубліка заявіла пра гатоўнасць прытрымлівацца Статуту ААН, Усеагульнай дэкларацым правоў чалавека і ўзятых міжнародных абавязацельстваў. Міжнародная супольнасць адгукнулася на гэта хуткім прызнаннем Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Яе наведалі прэзідэнты буйных і суседніх дзяржаў: Расіі, ЗША, КНР, Украіны, Польшчы, кіраўнікі ААН, ЮНЕСКО і шэрагу іншых міжнародных арганізацый. Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 153 краінамі свету, адчыніла за мяжой 42 пасольствы (функцыянуюць таксама 11 аддзяленняў пасольстваў – 10 у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і 1 у Боне ў Нямеччыне), 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях, 7 генеральных консульстваў. У самой Беларусі дзейнічаюць 33 пасольствы (76 паслоў замежных дзяржаў акрэдытаваныя па сумяшчальніцтве), 12 консульскіх устаноў і 12 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Сімвалічна, што Беларусь у свой час першаю з краінаў СНД атрымала ў Радзе Еўропы статус спецыяльна запрошанай. Напрацаваныя міжнародныя сувязі адкрылі шырокія магчымасці для эфектыўнага вырашэння важных палітычных і эканамічных задач.

Рэспубліка заявіла пра гатоўнасць прытрымлівацца Статуту ААН, Усеагульнай дэкларацым правоў чалавека і ўзятых міжнародных абавязацельстваў. Міжнародная супольнасць адгукнулася на гэта хуткім прызнаннем Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Яе наведалі прэзідэнты буйных і суседніх дзяржаў: Расіі, ЗША, КНР, Украіны, Польшчы, кіраўнікі ААН, ЮНЕСКО і шэрагу іншых міжнародных арганізацый. Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 153краінамі свету, адчыніла за мяжой 42 пасольствы (функцыянуюць таксама 11 аддзяленняў пасольстваў – 10 у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі і 1 у Боне ў Нямеччыне), 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнародных арганізацыях, 7генеральных консульстваў. У самой Беларусі дзейнічаюць 33пасольствы (76 паслоў замежных дзяржаў акрэдытаваныя па сумяшчальніцтве), 12 консульскіх устаноў і 12прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Сімвалічна, што Беларусь у свой час першаю з краінаў СНД атрымала ў Радзе Еўропы статус спецыяльна запрошанай. Напрацаваныя міжнародныя сувязі адкрылі шырокія магчымасці для эфектыўнага вырашэння важных палітычных і эканамічных задач.

З поўнай аддачай ўрадам А. Лукашэнкі быў рэалізаваны толькі адзін вектар знешняй палітыкі – расійскі. Абвяшчэнне саюзу дзвюх дзяржаў, а затым Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі прадвызначыла істотныя прэферэнцыі для беларускай эканомікі ў цэнах на расійскія энергарэсурсы і ў авалоданні рынкам расійскіх рэгіёнаў. Па ўказанні Прэзідэнта беларускі ўрад праўдамі і няпраўдамі нарошчваў аб’ём гандлю з Расіяй, каб заняць першае месца сярод яе гандлёвых партнёраў (абагнаць ФРН). У 2004 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі перавысіў 17 млрд. долараў, але Беларусь не толькі не атрымала першага месца, але і адстала ад цэлага шэрагу іншых еўрапейскіх краін. Занепадаючая эканоміка Беларусі безнадзейна губляе расійскія рынкі.

Тым не менш сродкі, з’эканомленыя або назапашаныя на гандлі з Расіяй, дапамаглі беларускаму кіраўніцтву вырашаць многія эканамічныя, сацыяльныя і нават палітычныя задачы. Аднак расійскі бок па часе высветліў, што галава беларускай адміністрацыі выкарыстоўвае двухбаковыя адносіны перш за ўсё ў выключна асабістых мэтах: як задача мінімум – захаваць за сабою на нявызначана працяглы тэрмін становішча беларускага кіраўніка, і як задача максімум – увесці агульнае беларуска-расійскае грамадзянства і тым самым адкрыць шлях для сваёй кар’еры ў Расіі. Расійская палітычная эліта з цяжкасцю расшыфравала гэтыя фантастычныя планы і пачала пераацэнку характару расійска-беларускіх адносінаў, што адчула апошнім часам эканоміка Беларусі.

Фактычна створаны ваенна-палітычны саюз з Расіяй не адпавядае літары і духу Канстытуцыі, якая дэкляравала імкненне Беларусі да нейтралітэту. Роля антынатаўскага бастыёну, навязаная Беларусі Прэзідэнтам Лукашэнкам, супярэчыць інтарэсам краіны, не ўмацоўвае, а падрывае нацыянальную бяспеку. Гісторыя сведчыць, што ні ў адным з буйных збройных канфліктаў у Цэнтральнай Еўропе (успомнім: Паўночная вайна 1700–1721 гг., напалеонаўскі паход 1812 г., Першая і Другая сусветныя войны) Расія не змагла ахаваць Беларусь ад ваенных трагедый, беларускі народ нёс самыя цяжкія страты. Досвед ваенных дзеянняў апошняга дзесяцігоддзя (Ірак, Югаславія) сведчыць, што і Расія наўрад ці мае надзейную заслон ў постаці Беларусі і яе супрацьпаветранай абароны. Такім чынам, бяспека Беларусі і Расіі была б больш надзейнаю ў выпадку абвяшчэння Беларусі нейтральнай дзяржавай і прызнання гэтага статусу еўрапейскай супольнасцю.

Магчымасці іншых вектараў знешняй палітыкі цяперашняй уладаю выкарыстоўваюцца вельмі неэфектыўна. Грубым правалам беларускага МЗС на чале з І. Антановічам быў канфлікт з пасольствамі заходніх дзяржаў наконт іх рэзідэнцый у Драздах. Грубасць, грэбаванне пратакольнымі нормамі ў дачыненні да дыпламатаў, а таксама парушэнне правоў чалавека ва ўнутранай палітыцы, устанаўленне дыктатарскага рэжыму стварылі вельмі негатыўны імідж беларускага кіраўніцтва ў вачах міжнароднай супольнасці. Краіна апынулася ў самаізаляцыі, адносіны з бліжэйшымі суседзямі і АБСЕ сапсаваныя, страчана прысутнасць у Радзе Еўропы. Нарастае канфрантацыя з Еўразвязам і ЗША. Антыамерыканская, антызаходняя рыторыка стала часткаю афіцыйнай ідэалогіі дзяржавы. Яе працягам з’яўляецца мілітарысцкая клаўнада ў выглядзе ваенных вучэнняў з антынатаўскім падтэкстам. І нават суайчыннікаў за мяжою – беларускую дыяспару – улада падзяліла на «сваіх» і «чужых». Беларусь апынулася ізаляванаю ад сусветнага эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага прагрэсу.

Дыпламатычныя намаганні накіраваны на пашырэнне сувязяў з азіяцкімі дзяржавамі, у тым ліку з мусульманскім светам. Тут адчыняюцца новыя пасольствы, сюды арганізуюцца візіты кіраўніка дзяржавы. Прычыны зразумелыя: забяспечыць продаж зброі і адначасна стварыць ілюзію міжнароднай актыўнасці, схаваць адсутнасць нармальных адносін з перадавымі краінамі свету.

А між тым Беларусь уяўляе сабой малую адкрытую эканоміку: доля экспарту ў ВУП дасягае 60%, за мяжу вывозіцца больш як 1000 назваў вырабаў. Аналагічную ролю ў жыцці Рэспублікі адыгрывае імпарт тавараў і паслугаў. Беларусь гандлюе з больш чым 160 краінамі свету. На яе заходніх межах знаходзіцца Ещразвяз з 370 млн. жыхароў, на ўсходніх – СНД з насельніцтвам 250 млн. чалавек. Па тэрыторыі Беларусі праходзяць чыгуначныя і аўтамабільныя магістралі, нафта- і газаправоды, якія злучаюць розныя рэгіёны Еўропы. Насельніцтва Беларусі хутка кампутарызуецца і телефанізуецца, сярод занятых у перадавых галінах эканомікі ўдзельная вага работнікаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй складае 50 і больш працэнтаў. Еўрапейскі капітал без прамаруджвання асвоіў бы гэту тэрыторыю і гэты рынак, калі б толькі атрымаў адпаведныя гарантыі і ўмовы працы. Інвестыцыі і тэхналагічныя інавацыі для Беларусі чакаюць свайго часу.

Такім чынам, аб’ектыўна Беларусь гатовая удзельнічаць у еўрапейскіх інтэграцыйных працэсах, да выклікаў глабалізацыі. Неабходная толькі палітычная воля яе кіраўніцтва, неабходна новае палітычнае кіраўніцтва ў краіне, каб Рэспубліка, захоўваючы статус нейтральнай дзяржавы, паскоранымі тэмпамі ўвайшла ў еўрапейсккую садружнасць, а яе народ у поўнай меры скрыстаўся з дабротаў сучаснай цывілізацыі.

II. ДОСВЕД СУСЕДЗЯЎ

У той час як кіраўніцтва Беларусі ўпарта спрабавала рэанімаваць камуністычную сістэму кіравання краінай, што прывяла ў 1991 г. да краху савецкай дзяржавы, нашы бліжэйшыя суседзі – краіны Балтыі, Польшча, Расія, Украіна – пачалі яе дэмантаж, правядзенне балючых, але неабходных сістэмных рэформаў. Знаходзячыся на пачатку 90-х гадоў прыкладна ў роўных з намі стартавых умовах, гэтыя краіны дэманструюць сёння яўныя перавагі абранага імі шляху.

1. Дзе больш дэмакратыі?

Народы краінаў Балтыі і Польшчы выкарысталі гарбачоўскую перабудову для палітычнага і нацыянальнага вызвалення. Дэмакратычныя пераўтварэнні праходзілі там хутка і рашуча таму, што грамадства было да іх гатовае, яно чакала іх дзесяцігоддзямі. Рухаючай сілай пераменаў сталі грамадска-палітычныя аб’яднанні, якія карысталіся падтрымкаю шырокіх пластоў насельніцтва. Польская «Салідарнасць» да таго ж мела дзесяцігадовы досвед палітычнай барацьбы. На першых адносна свабодных парламенцкіх выбарах 1989 году яна нанесла паразу камуністам, забрала ў іх уладу ў краіне і на працягу некалькіх месяцаў не пакінула каменя на камені ад таталітарнага камуністычнага рэжыму – перавяла дзяржаўны лад на дэмакратычныя прынцыпы і забяспечыла рэальны дзяржаўны суверэнітэт. Літоўскі «Саюдзіс» не меў такога вопыту барацьбы, як «Салідарнасць», аднак палітычная смеласць яго лідэраў, рашучасць актыву таксама прынеслі поспех: у 1991 годзе Літва, як і іншыя краіны Балтыі, мірным шляхам выйшла са складу СССР. Унутраныя дэмакратычныя пераўтварэнні былі праведзены без нейкіх складанасцяў.

Другім чыннікам, якія спрыяў хуткай дэмакратызацыі названых краін, былі палітычныя паводзіны мясцовых камуністаў. Да канца 80-х гадоў ва ўладзе знаходзілася трэцяя або чацвёртая генерацыя партыйнай наменклатуры. Гэтыя людзі не лічылі сябе асабіста адказнымі за страту сваёй краінай нацыянальнай незалежнасці і ўстанаўленне таталітарнага рэжыму. Многім з іх (калі не большасці) не былі чужыя патрыятычныя настроі. Камуністы не аказалі сур’ёзнага супраціву аднаўленню незалежнасці і дэмакратыі. Наступная рэарганізацыя камуністычных партый у сацыял-дэмакратычныя была сама па сабе найважнейшай падзеяй у дэмакратызацыі грамадскага жыцця, дазволіла былым камуністам Польшчы і Літвы ўключыцца ў працэсы нацыянальнага адраджэння і перыядычна вяртацца да ўлады шляхам парламенцкай барацьбы. Трохі складаней праходзіла дэмакратызацыя ў Латвіі і Эстоніі, паколькі палітычная сітуацыя там абвастралася супярэчнасцямі паміж карэнным і рускамоўным насельніцтвам.

Да канца 80-х гадоў ва ўладзе знаходзілася трэцяя або чацвёртая генерацыя партыйнай наменклатуры. Гэтыя людзі не лічылі сябе асабіста адказнымі за страту сваёй краінай нацыянальнай незалежнасці і ўстанаўленне таталітарнага рэжыму. Многім з іх (калі не большасці) не былі чужыя патрыятычныя настроі. Камуністы не аказалі сур’ёзнага супраціву аднаўленню незалежнасці і дэмакратыі. Наступная рэарганізацыя камуністычных партый у сацыял-дэмакратычныя была сама па сабе найважнейшай падзеяй у дэмакратызацыі грамадскага жыцця, дазволіла былым камуністам Польшчы і Літвы ўключыцца ў працэсы нацыянальнага адраджэння і перыядычна вяртацца да ўлады шляхам парламенцкай барацьбы. Трохі складаней праходзіла дэмакратызацыя ў Латвіі і Эстоніі, паколькі палітычная сітуацыя там абвастралася супярэчнасцямі паміж карэнным і рускамоўным насельніцтвам.

Нарэшце, трэцім чыннікам, які спрыяў і глыбокай дэмакратызацыі ў нашых паўночных і заходніх суседзяў, была наяўнасць дэмакратычных традыцыяў ў грамадстве, больш высокая ступень сацыялізацыі насельніцтва. Новасфармаваная палітычная эліта, абапіраючыся на нацыянальны і сусветны досвед, беспамылкова абрала найбольш бяспечную для маладой дэмакратыі форму дзяржаўнага ладу – парламенцкую рэспубліку. Захаваная на працягу дзесяцігоддзяў несвабоды адданасць светапогляднаму і палітычнаму плюралізму дазволіла аднавіць партыйна-палітычныую сістэму і павагу правоў і свабодаў грамадзян. Перамога палітычнай дэмакратыі адкрыла ў сваю чаргу шляхі пошуку найбольш рацыянальнага вырашэння задач эканамічнага, сацыяльнага і культурнага характару. Укаранёнае цягам мінулых стагоддзяў перакананне ў прыналежнасці да еўрапейскай супольнасці, а таксама страх перад рэстаўрацыяй савецка-расійскай імперыі прадвызначылі пераарыентацыю ў міжнародных адносінах, уступленне гэтых краін у НАТО і Еўразвяз.

На жаль, працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах не мелі такіх спрыяльных чыннікаў. Традыцыі дзяржаўнасці, што паўсталі і ўмацаваліся ў далёкім сярэднявеччы, цягам апошніх двух стагоддзяў былі страчаныя. Абвяшчэнне БНР у 1918 годзе і БССР у 1919–1920 гадах не аднавіла ў грамадскай свядомасці нацыянальную ідэю. Беларускае грамадства ў пераважнай большасці ў савецкі час не патрабавала і нават не марыла аб дзяржаўным суверэнітэце і незалежнасці, задавальнялася іміджам БССР як адной з самых развітых савецкіх рэспублік. І нават дэмакратычныя колы аказаліся не гатовымі да будаўніцтва незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Народны фронт адгарадзіўся крайнім радыкалізмам ад шырокіх пластоў насельніцтва, а ўмеркаваныя рэфарматары аказаліся згоднікамі і капітулянтамі. Камуністычная партыя Беларусі, якая налічвала ў сваіх шэрагах 600 тысяч чалавек і да апошняга дня кантралявала ўсе сферы грамадскага жыцця ў Рэспубліцы, пасля ўказу Б. Ельцына аб забароне КПСС у Расіі проста разбеглася без самай малой спробы супраціўляцца або рэфармавацца. Улада ў новай дзяржаве засталася ў руках па-прарасійску настроенай партыйна-гаспадарчай бюракратыі, што згрупавалася вакол Ураду і Вярхоўнага Савета.

Палітычная сітуацыя ў Украіне на момант дасягнення незалежнасці была падобнай да беларускай . Ідэя нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва сілкавалася настроямі ў Заходняй Украіне, але для дэмакратызацыі краіны ў украінскіх рэфарматараў не хапала сілы аж да 2004 году.

Зусім у іншых палітычных умовах развівалася постсавецкая Расія. У Маскве была засяроджана палітычная і інтэлектуальная эліта Савецкага Союза, тут пачалася перабудова, актыўных людзей і аб’яднанняў для фармавання новай палітычнай інфраструктуры было больш чым дастаткова. Барацьба паміж лібераламі і прыхільнікамі камунізму прыняла вельмі востры характар. Двойчы (у 1991 і 1993 гадах) справа даходзіла да збройных сутыкненняў, да грамадзянскіх міні-войнаў. Рашучая перамога лібералаў на чале з Б. Ельцыным дазволіла ім выкараніць камуністычныя парадкі, пачаць фармаванне сучаснай партыйна-палітычнай сістэмы і перадзел уласнасці. Але вырашальнай палітычнай сілай у Расіі заставаўся ваенна-прамысловы комплекс. Абапіраючыся на яго падтрымку, У. Пуцін стварыў трэці вектар расійскай палітыкі – кансерватыўна-вялікадзяржаўны. Неакансерватары атрымалі падтрымку апанаванай настальгіяй па вялікадзяржаўі часткі расіяняў і практычна адхілілі сваіх супернікаў – лібералаў і камуністаў – ад уплыву на дзяржаўныя справы, а дзяржаўна-палітычны лад краіны рэарганізавалі на прынцыпах «кіраванай дэмакратыі», аднавілі дзяржаўны кантроль над эканомікай. Але рынкавыя пераўтварэнні пры гэтым не толькі не спынілі, але прадоўжылі і паглыбілі.

2. Пераход да рынкавых адносін

Нягледзячы на розны час і нацыянальную спецыфіку, досвед сістэмных эканамічных трансфармацыяў у суседніх краінах у шмат чым падобны. Найважнейшым складнікам рэформаў стала раздзяржаўленне эканомікі, што не выпадкова. Агульнавядома, што чым большыя маштабы дзяржаўнага сектару, тым, пры іншых роўных умовах, ніжэйшыя тэмпы эканамічнага росту.

Працэсы прыватызацыі праходзілі з вялікімі ці меншымі сацыяльна-эканамічнымі выдаткамі, за якія даводзіцца плаціць. Расія і сёння не адолела рэзка негатыўных адносін насельніцтва да непрадуманай ваўчарызацыі ўраду Гайдара-Чарнамырдзіна («прыхватызацыі») 1990-х гадоў. Аднак у грамадстве не аспрэчваецца той факт, што стварэнне і развіццё інстытуту прыватнай уласнасці стала адным з ключавых чыннікаў для стабільнага эканамічнага росту. Ужо да сярэдзіны 90-х гадоў эканоміка Расіі стала шматукладнай, а ў 2003 годзе на прыватны сектар прыпадала 76,9% прадпрыемстваў і арганізацый. У Расіі і Украіне, у адрозненне ад Беларусі, у якой на тысячу чалавек прыходзіцца толькі тры прыватныя прадпрыемствы, гэтая суадносіна сёння складае адпаведна 7 і 6; заяўлены курс на дамінаванне ў структуры эканомікі малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

У Польшчы ў 1990-1998 гадах прыватызацыя адбывалася па двух напрамках. Асноўным было прадастаўленне шырокіх магчымасцяў для стварэння новых прыватных прадпрыемстваў – як айчынных, так і замежных. Другім напрамкам стала прыватызацыя існуючых дзяржаўных прадпрыемстваў. Частка з іх была пераўтворана – на прамежкавым этапе прыватызацыі – ў акцыянерныя таварыствы са 100-працэнтным удзелам дзяржаўнай казны, другая частка была прыватызавана шляхам прамога продажу, трэцяя частка прадпрыемстваў рэарганізавана ў таварыствы працоўных калектываў. У выніку прыватызацыі структура ўласнасці эканомікі Польшчы кардынальна памяналася: у 2000 годзе на прыватны сектар прыпадала 69,5% кошту прамысловай прадукцыі, 69,7% занятых, 66,9% інвестыцыяў, 4/5 знешнегандлёвага абароту. Важнай часткаю прыватызацыі была таксама трансфармацыя ўласнасці ў сферы паслугаў, перш за ўсё ў банкаўскім і страхавым сектарах, прыход сюды замежнага капіталу. Напярэдадні перадачы прыватным уласнікам і сёння знаходзяцца некаторыя прадпрыемствы сферы транспарту, энергетыкі, здабываючай і перапрацоўчай прамысловасці. Польская эканоміка першая сярод эканомік краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы набыла дынаміку ўстойлівага росту – у асобныя гады самага высокага ў Еўропе (1995 г. – 6–7%).

Трансфармацыя камуністычнай сістэмы гаспадарання мела на ўвазе істотныя структурныя змяненні эканомікі: узрасла доля сектару паслугаў і электрамашынабудаўнічай галіны, знізілася роля сельскай гаспадаркі і горназдабываючай прамысловасці, у экспарце павялічылася доля тавараў, вырабленых па найноўшых тэхналогіях. Значна ўзрасла доля малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Лічба гаспадарчых суб’ектаў з улікам простых таварыстваў і асобаў, што вядуць індывідуальную гаспадарчую дзейнасць, у Польшчы дасягае 2,5 млн.

У краінах Балтыі, якія выступілі, застаючыся ў складзе СССР, свайго роду «палігонам» многіх эканамічных рэформаў, працэсы прыватызацыі пачаліся яшчэ да набыцця незалежнасці. Першае пакаленне прадпрымальнікаў тут з’явілася ў канцы 1980 гадоў. Лідэрам выступала Латвія, дзе у 1991 годзе ў кааператывах працавала 198,7 тыс. чалавек (13,6 % усіх занятых у народнай гаспадарцы). Далей ішлі Эстонія з 55,5 тыс. чалавек (7,2%) і Літва з 82,8 тыс. чалавек (4,5%). Прадукцыйна выкарыстаўшы магчымасці першага этапу лібералізацыі ў СССР, у наступным незалежныя дзяржавы Балтыі ў дастаткова сціслыя тэрміны правялі раздзяржаўленне сваіх эканомік. Пры гэтым выкарыстоўваліся розныя схемы – ваўчары, продаж прадпрыемстваў за грошы. Цікавы механізм мяккай формы банкруцтва, які практыкаваўся гэтых краінах: калектывам прадпрыемстваў прапаноўваўся выбар паміж прыватызацыяй і ліквідацыяй. Перспектыва банкруцтва ў гэтым выпадку выступала моцным стымулам да пошуку і прыцягнення дадатковых інвестыцыяў (у тым ліку замежных) для рэструктурызацыі і мадэрнізацыі вытворчасцяў. Натуральна, што нацыянальныя заканадаўствы гэтых краін максімальна ліберальныя ў адносінах да стварэння новых прыватных прадпрыемстваў.

Правядзенню нашымі суседзямі хуткіх сістэмных трансфармацыяў спрыяла маштабнае прыцягненне знешняй фінансавай дапамогі, асабліва на пачатковым этапе рэформаў, калі лібералізацыя цэнаў і адкрыццё рынкаў абясцэнілі нацыянальныя валюты. У гэтых умовах нават невялікія па аб’ёме сродкі ў свабодна канверсавальнай валюце давалі важкі сацыяльны і палітычны эфект. Сёння Польшча, Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія маюць значную знешнюю запазычанасць. Гэты факт пастаянна эксплуатуецца беларускай афіцыйнай прапагандай як довад на карысць «самадастатковасці” айчыннай эканомікі. Свядома замоўчваецца, што, акрамя самога факту фінансавай дапамогі, паводзіны аўтарытэтных міжнародных фінансавых інстытутаў з’явіліся свайго роду знакам для прыватных замежных інвестараў, якія забяспечылі эканомікам, што рэфармаваліся, не толькі дадатковыя сродкі, але і трансферт найноўшых тэхналогіяў, ведаў у галіне кіравання, развіццё сучасных маркетынгавых службаў. Пры гэтым прадукцыйнасць працы на такіх прадпрыемствах павялічвалася значна хутчэй, чым аплата працы, што стымулявала хуткае развіццё вытворчасці. Тым самым уключыўся «механізм навёрствання адставання» ад развітых краін.

Урады забяспечылі палітычныя і эканамічныя гарантыі замежным інвестарам, спрыяльны падатковы рэжым. Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Сёння, напрыклад, у Польшчы на долю замежных інвестараў прыпадае больш за 50% аб’ёмаў экспарту і імпарту. Адбылася пераарыентацыя знешняга гандлю з Усходу на Захад: больш як 70% экспарту і 60% імпарту прыходзіцца на краіны Еўрапейскага Звязу. Вартасць прамых замежных інвестыцыяў узрасла з 1 млрд. долараў ЗША ў 1992 годзе да 10,6 млрд. долараў США ў 2000 годзе.

Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Сёння, напрыклад, у Польшчы на долю замежных інвестараў прыпадае больш за 50% аб’ёмаў экспарту і імпарту. Адбылася пераарыентацыя знешняга гандлю з Усходу на Захад: больш як 70% экспарту і 60% імпарту прыходзіцца на краіны Еўрапейскага Звязу. Вартасць прамых замежных інвестыцыяў узрасла з 1 млрд. долараў ЗША ў 1992 годзе да 10,6 млрд. долараў США ў 2000 годзе.

Па-рознаму складваліся адносіны да праблемы замежных уласнікаў у нашых балтыйскіх суседзяў. У Літве, напрыклад, да 1997 году да прыватызацыі замежнікі наогул не дапускаліся, быў зроблены ўпор на сістэму ваўчараў. Гэтая краіна, з’яўляючыся адзінаю рэспублікай Балтыі, што мела шматвяковую традыцыю дзяржаўнасці, першы час хваравіта ставілася да магчымай эканамічнай залежнасці. У другой палавіне 90-х гадоў пачалася рэалізацыя новай мадэлі прыватызацыі – выкарыстанне міжнародных тэндэраў, і на продаж было выстаўлена каля 1 тысячы прадпрыемстваў. Адразу ўзрос прыток прамых замежных інвестыцыяў: з 354,5 млн. долараў у 1997 годзе да 2,5 млрд. долараў у 2001 годзе. Яны накіроўваюцца перш за ўсё на стварэнне сучаснай рынкавай інфраструктуры – транспартна-камунікацыйнай і банкаўска-страхавой сістэмаў, экспартаарыентаванай спецыялізацыі прамысловасці.

Больш лаяльныя адносіны да замежных уласнікаў з самага пачатку прыватызацыі дэманстравала Латвія, якія зрабіла акцэнт на продажы прадпрыемстваў за грошы. Аднак імідж найбольш інвестыцыйна прыцягальнай (20 месца ў свеце) краіны, не ў малой меры з-за нізкага ўзроўню падаткаабкладання, належыць Эстоніі, якая нават вымушана адмаўляцца ад некаторых замежных інвестыцыяў, каб не «перагрэць» эканоміку. Усе буйныя гаспадарчыя аб’екты тут належаць замежнаму, пераважна заходняму капіталу. У банкаўскай сферы доля замежных капіталаў перавышае 85%. Эстонцы не без падстаў лічаць немцаў і шведаў больш эфектыўнымі ўласнікамі, бо ў іх больш ведаў і вопыту, а значыць і магчымасцяў для росту прыбытку. Менавіта Эстонія сёння мае самы высокі сярод суседзяў сярэднедушавы ВУП.

Абслугоўванне вялікага знешняга доўгу, вядома, адучвальнае, але яно значна палегчана пагадненнямі з Парыжскім і Лонданскім клубамі, якія прадугледжваюць скарачэнне доўгу, яго пагашэнне часткамі цягам доўгага часу.

Раздзяржаўленне і адкрыццё рынкаў спрыяла рацыяналізацыі фінансавання эканомік нашых суседзяў, значнаму скарачэнню інфляцыі. Яны дастаткова хутка ў параўнанні з Беларуссю стабілізавалі свае нацыянальныя валюты.

Вялікім стымулам да далейшага рэфармавання нацыянальных эканомік стала пашырэнне ЕЗ на ўсход, станаўленне на ўсім кантыненце зоны стабільнасці, супрацоўніцтва і развіцця. Новыя члены адзінай Еўропы атрымліваюць істотную фінансавую дапамогу для адаптацыі сваіх вытворчых магутнасцяў да агульных стандартаў, на развіццё транспартнай і прыродаахоўнай структуры, на рэфармаванне сельскай гаспадаркі. Польшча, напрыклад, у 2004–2006 гадах плануе выкарыстаць датацыі ЕЗ у аб’ёме 19,2 млрд. еўра (у т. л. каля 1,4 млрд. еўра на бюджэтнае фінансаванне), у той час як абавязкі самой Польшчы перад ЕЗ па членскіх узносах складаюць каля 6 млрд. еўра. Памер дапамогі ЕЗ Латвіі на 2004–2006 гады прадугледжаны ў аб’ёме 625,4 млн. еўра.

Украіна, якая вастрэй за іншых перажыла наступствы сістэмнага крызісу, таксама звязвае сваю будучыню з адзінай Еўропай. Членства ў Еўрапейскім Звязе ў якасці перспектыўнай мэты знешняй палітыкі была прадэкларавана яшчэ ў 1993 годзе ў пастанове Вярхоўнай Рады Украіны «Аб асноўных напрамках знешняй палітыкі». У 1994 годзе паміж Украінай і ЕЗ падпісана пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, якое заклала аснову для ўзаемадзеяння бакоў. У снежні 1999 году прынятая дэкларацыя Еўрапейскага Звязу аб супольнай стратэгіі краін ЕЗ, якая вызначыла новае месца Украіны ў сістэме еўрапейскай бяспекі. Нарэшце, пасля зацверджання Вярхоўнай Радай паслання Прэзідэнта «Украіна – рух у XXI стагоддзе» курс на еўраінтэграцыю стаў афіцыйным прыярытэтам знешняй палітыкі. Апошнія палітычныя заявы і практычныя крокі Кіева ў знешняй і ўнутранай палітыцы сведчаць аб адданасці заяўленай мэце. Для паскарэння ўваходжання ў адзіную еўрапейскую эканамічную прастору напрацоўваецца адпаведная нарматыўна-прававая база. Распрацавана канцэпцыя трансфармацыі мытнага тарыфу ў адпаведнасці з патрабаваннямі ГПТГ/СГА. У 2004 годзе прыняты новы мытны кодэкс у кантэксце будучага ўступлення ў СГА. Адбываецца дыверсіфікацыя знешняга гандлю на карысць краін ЕЗ. Сёння іх доля складае амаль чвэрць знешнегандлёвага абароту Украіны. Аб’ём прамых інвестыцыяў краін ЕЗ у ўкраінскую эканоміку ў 2003 годзе склаў 33,8% ад агульнага патоку замежных інвестыцыяў. У той жа час дынаміка гандлёвых адносінаў з Расіяй мае тэндэнцыю да скарачэння з 45% у агульным аб’ёме знешняга гандлю ў 1996 годзе да 30% – у 2001 годзе.

Пра значнае ажыўленне ўкраінскай эканомікі сведчыць прырост у 2003 годзе ВУП на 9,3%, аб’ёмаў прамысловай вытворчасці на 17%, інвеставання ў асноўны капітал на 28%. Узаемная інтэграцыйная зацікаўленасць ЕЗ і Украіны адлюстравана ў канцэпцыі адносінаў ЕЗ з усходнімі і паўднёвымі суседзямі «Пашыраная Еўропа – суседства», ухваленай Еўракамісіяй у сакавіку 2003 году.

3. Жыццё становіцца лепшым

У аснове агульнаеўрапейскай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ляжыць прынцып сумяшчэння эканамічнай эфектыўнасці і сацыяльнай салідарнасці. Таму заканамерна, што вынікі трансфармацыяў у эканоміцы дабратворна адбіліся на якасці жыцця нашых суседзяў. Асабліва гэта заўважна на прыкладзе Польшчы і краінаў Балтыі, якія раней за іншых ступілі на шлях рэфармавання. Там хутка фармуецца шматлікі сярэдні клас, для якога высокія спажывецкія стандарты жыцця на Захадзе (загараднае жыллё, дарагія аўтамабілі, найноўшыя бытавыя тавары, штогадовы адпачынак за мяжой і г. д.) ужо не з’яўляюцца чымсьці новым.

Сярэдняя заработная плата, памер пенсіяў у Літве, Латвіі, Польшчы значна пераўзыходзяць аналагічныя паказчыкі ў нашай краіне (гл. табліцу 1). Пенсія прафесара Варшаўскага універсітэту эквівалентная 750 доларам, пенсія прафесара Белдзяржуніверсітэту – 100 доларам.

Табліца 1. Памер сярэднемесячнай заработнай платы і пенсіяў у Беларусі і суседніх краінах у беларускіх рублях

Паказчык

Беларусь

Латвія

Літва

Польшча

Расія

Украіна

Сярэднемесячная заработная плата

408 700

923 200

1 041 620

1 751 940

450 220

275 580

Сярэднемесячны памер пенсіі

173 113

338 480

279 490

938 240

166 414

74 150

Звесткі за I квартал 2005 году

Пры даўно стабілізаваных цэнах на асноўныя харчовыя тавары па некаторых пазіцыях сёння нават больш нізкіх, чым у Беларусі (гл. табліцу 2), грамадзяне гэтых краінаў не проста болей зарабляюць, але і маюць магчымасць больш рацыянальна выдаткоўваць заробленае. Яны актыўна бяруць пад даступныя працэнты крэдыты на будаўніцтва жылля, набыццё тавараў працяглага карыстання, бяруць удзел у праграмах пенсійнага забеспячэння.

Табліца 2. Цэны на харчовыя тавары ў Беларусі і суседніх краінах

Найменне
тавараў

Беларусь*

Латвія

Літва

Польшча

Расія

Украіна

Белы хлеб 0,5 кг

700-1200

1260

1230

970

700

490

Ялавічна 1 кг

6700-11000

6590

9930

11530

10910

8150

Свініна 1 кг

6500-10000

4360

11490

9920

10220

10230

Курыца 1 кг

5000

6720

9930

11480

5900

4970

Малако каровіна тлуст. 2–2,5% 1 л

760-960

1220

1720

1050

1320

940

Масла тлустасць 82,5% 1 кг

8500

8060

12150

11500

10800

4930

Курыныя яйкі дзясятак

1900

1670

2080

2450

1870

1390

Цукар 1 кг

1300

2650

2460

2300

1440

1060

Звесткі за I квартал 2005 году

* Вілкі цэнаў тлумачацца наяўнасцю на беларускім рынку прадуктаў, якасць якіх ніжэйшая ад агульнапрынятых стандартаў

Пра змены ў стандартах жыцця кажуць, напрыклад, такія дадзеныя, як колькасць карыстальнікаў Інтэрнэту на тысячу жыхароў (у Эстоніі – 327 чалавек; у Польшчы –230; у Літве – 144; у Латвіі – 133; у Беларусі – 47), або нават сотавых тэлефонаў (адпаведна – 650, 363, 475, 394, 299).

Несумненным паказчыкам сацыяльнага дабрабыту, узроўню медыцынскага абслугоўвання з’яўляецца і больш высокая сярэдняя працягласць жыцця ў нашых суседзяў, якая ў палякаў складае 73,8 году, у літоўцаў – 72,5, эстонцаў – 71,6, латышоў – 70,9. Среднестатыстычны беларус не дажывае да 70 гадоў.

Недахоп рынкавай эканомікі – дастаткова высокае (афіцыйна прызнаванае) беспрацоўе – як гэта ні парадаксальна, мае і станоўчы аспект: на фоне высокіх жыццёвых стандартаў у краіне яно стымулюе людзей актыўна павышаць сваю кваліфікацыю, набываць веды па другой, трэцяй прафесіі. Урады клапоцяцца пра гэтую катэгорыю сваіх грамадзян, прадастаўляючы годную дапамогу па беспрацоўі, забяспечваючы шырокія магчымасці для прафесійнай перакваліфікацыі.

Краіны Балтыі і Польшча значна апераджаюць нас па дзяржаўных выдатках, што выдзяляюцца на адукацыю, ахову здароўя, культуру.

Альтэрнатыўная беларускаму «рынкаваму сацыялізму», які аднаўляе клас працоўных-беднякоў, сацыяльная дзяржава ў нашых суседзяў арыентаваная на свабоднага грамадзяніна свабоднай краіны, матэрыяльны і духоўны дабрабыт якога выступае найважнейшым крытэрыем свабоды.

Сістэмныя трансфармацыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе з’яўляюцца неад’емным складнікам працэсаў глабалізацыі; без такіх трансфармацыяў яны б страцілі свой цэласны характар і дынаміку. Гэтым тлумачыцца зацікаўленасць і маштабная падтрымка развітымі краінамі ўсіх рынкавых пераўтварэнняў. Разам з тым трэба разумець, што працэсы глабалізацыі – гэта складаная барацьба інтарэсаў, адзінства супрацоўніцтва і суперніцтва. Перад усімі посткамуністычнымі краінамі XXI стагоддзе паставіла відавочны выбар – імкнуцца да раўнапраўнага членства ў адзінай еўрапейскай сям’і або апынуцца на перыферыі цывілізаццйнага развіцця. Нашы суседзі зрабілі свой гістарычны выбар.

У Беларусі яшчэ захоўваецца шанц, рэальнасць якога з кожным годам прамаруджвання ў рэформах становіцца праблематычнейшаю.

III. НАШЫ МЭТЫ І ПЛАНЫ

1. Свабода, Дэмакратыя

Свабода – гэта найбольшая заваёва чалавецтва. Любое абмежаванне свабоды робіць жыццё людзей непаўнацэнным, штурхае да пратэсту і барацьбы. Рух да свабоды, заваёва свабоды азначае распрыгоненне фізічнага і духоўнага патэнцыялу чалавека і грамадства, выклікае паскарэнне агульнага прагрэсу.

У Беларусі грамадства востра адчувае недахоп правоў і свабодаў, чакае пераходу ад рэжыму самадзяржаўя да дэмакратыі. Гэты пераход непазбежны. Сацыял-дэмакраты прапануюць пачаць яго ўжо цяпер, ажыццяўляць з узаемнай згоды асноўных суб’ектаў палітыкі Беларусі, якімі з’яўляюцца: улада (Прэзідэнт, а таксама прадстаўнікі іншых структураў дзяржаўнага кіравання па рашэнні Прэзідэнта); палітычная апазіцыя (кансалідаваная або раз’яднаная); прафсаюзы (усе зарэгістраваныя афіцыйна); працадаўцы (саюзы прадпрымальнікаў, дырэктарскі корпус); аб’яднанні інтэлігенцыі (кансалідаваныя або раз’яднаныя).

Кансультацыі, перамовы, дасягненне Нацыянальнай згоды дазволілі б ажыццявіць пераход да дэмакратыі паэтапна, з найменшымі сацыяльнымі і маральнымі выдаткамі. Змест пераходнага перыяду паэтапна склалі б (сярод іншых) наступныя мерапрыемствы і пераўтварэнні.

· Правядзенне шырокіх грамадскіх кансультацыяў і перамоваў паміж суб’ектамі палітыкі Рэспублікі Беларусь, заключэнне Грамадскага пагаднення (або дясягненне Нацыянальнай згоды) аб грамадзянскім міры на перыяд параадолення сістэмнага крызісу, прадастаўленне пэўных гарантыяў удзельнікам Пагаднення. Прыняцце праграмы пераўтварэнняў.

· Фармаванне кааліцыйнага ўраду народнай згоды з пэўнымі паўнамоцтвамі для ажыццяўлення пераўтварэнняў пераходнага перыяду (на час да парламенцкіх або прэзідэнцкіх выбараў).

· Перагляд Выбарчага кодэксу: для датэрміновага галасавання – адзін дзень з падлікам галасоў у канцы дня; прадастаўленне неабходных правоў і ўмоваў працы назіральнікам; зняцце большасці забаронаў на вядзенне агітацыйнай кампаніі; замена складу выбарчых камісіяў, ад участковых да Цэнтрвыбаркаму. Ажыццяўленне паэтапнага пераходу ад мажарытарнай сістэмы выбараў да змешанай, мажарытарна-прапарцыйнай.

· Выбары новага, легітымнага, аднапалатнага Парламенту на аснове дэмакратычнага выбарчага закону пры празрыстым падліку галасоў выбаршчыкаў. Ліквідацыя верхняй палаты Парламенту – Савета Рэспублікі.

· Аднаўленне рэальнага падзелу ўладаў: вяртанне Парламенту функцяў суверэннага заканадаўчага органу; павышэнне ролі Ураду ў кіраванні дзяржавай (са скарачэннем яго колькаснага складу да 20–25 чалавек); ажыццяўленне кантролю за дзейнасцю Ураду без прямога ўмяшальніцтва ў яго працу з боку Парламенту, Прэзідэнта і грамадскасці краіны; забеспячэнне поўнай незалежнасці (ад выканаўчай улады) судоў; выбары суддзяў усіх узроўняў судовай сістэмы на паседжаннях прадстаўнічых і заканадаўчага органаў улады.

· Паэтапны (цягам 2–5 гадоў) пераход ад прэзідэнцкага кіравання да рэжыму парламенцкай Рэспублікі (па аналогіі з Літвой, Польшчай, Украінай). Увядзенне пасады Канцлера Рэспублікі, адказнага перад Парламентам.

· Ліквідацыя грувасткага апарату Адміністрацыі Прэзідэнта. Перадача ўсіх кіраўнічых і гаспадарчых функцыяў урадавым органам або дзяржаўным прадпрыемствам. Перападпарадкаванне Камітэту дзяржаўнага кантролю Парламенту Рэспублікі, звужэнне яго функцыяў да кантролю за выдаткаваннем бюджэтных сродкаў.

· Ліквідацыя сілавых структураў, не прадугледжаных Канстытуцыяй. Вызвалненне МУС і КДБ ад функцыяў палітычнага сыску – барацьбы з іншадумствам і апазіцыяй.

· Пераход да камплектацыі арміі на аснове добраахвотных кантрактаў. Для астатніх ваеннаабавязаных грамадзян у мірны час – навучанне вайсковай спецыяльнасці ў навучальных ўстановах або на вайсковых зборах тэрмінам да 3-х месяцаў і трохгадовая служба ў рэзерве.

· Рэальнае забеспячэнне свабоды слова, сходаў, дэманстрацый: скасаванне рашэнняў пра т. зв. гайд-паркі. Прыняцце паведамляльнага прынцыпу ў правядзенні палітычнымі партыямі ў грамадскіх месцах сходаў, мітынгаў, пікетаў, а ў выхадныя дні – дэманстрацый і вулічных шэсцяў.

· Дэмакратызацыя заканадаўства аб палітычных партыях; надзяленне партый правам заканадаўчай ініцыятывы.

· Усебаковае і аб’ектыўнае інфармацыйнае забеспячэнне грамадскага жыцця Беларусі, раздзяржаўленне СМІ, строгае захаванне правоў і свабодаў друку. Заканадаўчае замацаванне працэдуры закрыцця інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў.

· Безумоўнае вяршэнства закону ў дзейнасці дзяржаўных органаў. Прававыя і арганізацыйныя гарантыі правоў і свабодаў грамадзян. Увядзенне інстытуту Нацыянальнага камісара па правах чалавека.

· Конкурснае замяшчэнне пасадаў у апараце дзяржаўнага кіравання – ад валаснога пісара да супрацоўнікаў міністэрстваў. Кваліфікацыйны экзамен для тых, хто першы раз паступае на дзяржаўную службу.

· Дзяржаўная падтрымка стварэння і дзейнасці структураў грамадзянскай супольнасці – некамерцыйных арганізацый як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўнях. Скасаванне бюракратычных перашкодаў у рэгістрацыі і дзейнасці НДА. Прызнанне за НДА права грамадскай экспертызы рашэнняў (або праектаў рашэнняў) дзяржаўных органаў у сферы інтарэсаў НДА.

· Павага да незалежнасці прафсаюзаў, вяртанне ім асобных функцыяў у сацыяльным страхаванні, забеспячэнні матэрыяльных умоў жыцця работнікаў і кантролі бяспекі працы. Паўсюднае заключэнне калектыўных працоўных дагавораў.

· Аднаўленне аўтаноміі ВНУ і выбарнасці рэктараў вучонымі радамі ВНУ. Рэарганізацыя Нацыянальнай акадэміі навук ў самакіраваную асацыяцыю вучоных і навуковых устаноў.

· Укараненне мясцовага самакіравання. Пашырэнне правоў мясцовых саветаў, справаздачнасць ім рэгіянальнай адміністрацыі (пры захаванні прынцыпу прызначэння кіраўнікоў адміністрацыі Урадам Рэспублікі).

· Правядзенне адміністрацыйнай рэформы. Пераход ад трохступеннай да двухступеннай сістэмы тэрытарыяльнага кіравання. Замест абласцей, раёнаў і сельсаветаў увесці акругі (20–30 акругаў і гарадоў рэспубліканскага падпарадкавання) і воласці (15–25 валасцей і гарадоў у кожнай акрузе).

2. Справядлівасць, Роўнасць, Салідарнасць

Недастаткова дэклараваць, што ў нас створана або ствараецца сацыяльная дзяржава. Неабходна, каб ідэі сацыяльнай справядлівасці і роўнасці магчымасцяў грамадзян пранізвалі палітыку дзяржавы і грамадскае жыццё. Рэалізацыя канцэпцыі сацыяльнай дзяржавы патрабуе заканадаўчага, маральна-палітычнага і матэрыяльна-фінансавага забеспячэння прыярытэту сацыяльнай сферы жыцця грамадства перад іншымі сферамі. Тым больш, што характэрнай рысай беларускага грамадства з’яўляецца яго адданасць каштоўнасцям справядлівасці, нават ва ўрон эканамічнай свабодзе. Неабходна таксама паскорыць фармаванне традыцыяў грамадзянскай салідарнасці, узаемадапамогі, дабрачыннасці. У гэтай сувязі прапануецца наступнае.

· Змяненне бюджэтнай палітыкі: пераразмеркаванне бюджэтных сродкаў са сфераў кіравання і бяспекі ў сацыяльную сферу. Ліквідацыя ўсякіх пазабюджэтных фондаў, поўны кантроль выкарыстання дзяржаўных сродкаў з боку Парламенту і грамадскасці.

· Зніжэнне падаткаў на заработную плату з фізічных асобаў да 9–15 працэнтаў, адлічэнняў у фонд сацыяльнага забеспячэння – да 25 працэнтаў ад фонду зарплаты.

· Забеспячэнне рэальнага росту зарплаты і даходаў насельніцтва на 10-15 працэнтаў у год аж да дасягнення ўзроўню сярэдняй заработнай платы 400 еўра на месяц.

· Захаванне кантрактнай сістэмы найму работнікаў толькі ў органах дзяржаўнага кіравання.

· Рэформа пенсійнай сістэмы, павышэнне сярэдняга ўзроўню пенсіяў да 60% ад узроўню сярэдняй заработнай платы. Стварэнне шырокай сеткі пансіянатаў для пажылых людзей (лепш за ўсё – у сельскай мясцовасці) з камфортнымі ўмовамі жыцця і пастаянным медыцынскім абслугоўваннем.

· Забеспячэнне дэмаграфічнай стабільнасці: 50-працэнтнае фінансаванне дзяржавай выдаткаў на ўтрыманне 2-га дзіцяці ў сям’і да дасягнення ім 18-гадовага ўзросту і 100-працэнтнае – на ўтрыманне 3-га, 4-га і г. д. дзіцяці.

· Захаванне бясплатнага медыцынскага забеспячэння з паралельным развіццём страхавой медыцыны. Рапрацоўка дзяржаўных стандартаў медыцынскай дапамогі па найбольш распаўсюджаных захворваннях, у т. л. і ў сферы платных медыцынскіх паслуг.

· Завяршэнне рэформы нацыянальнай сістэмы адукацыі, пераход да еўрапейскай двухступеннай сістэмы вышэйшай адукацыі: бакалаўрыят і магістратура. Выдзяленне не менш як 12% сродкаў бюджэту на патрэбы адукацыі. Увядзенне г. зв. крэдытнай сістэмы ацэнкі ведаў, якая дазваляе студэнтам працягваць вучобу ў любой ВНУ Еўропы. Скасаванне прымусовага размеркавання выпускнікоў.

· Вядзенне інтэнсіўнагага жыллёвага будаўніцтва, у т. л. сацыяльнага жылля. Побач з крэдытаваннем індывідуальнага будаўніцтва, натуральна, без непасільнага ўступнага ўзносу, укараніць практыку продажу гатовага жылля грамадзянам ў растэрміноўку на 10–20 гадоў. Прыняцце дзяржаўнай праграмы завяршэння будаўніцтва замарожаных прыватных дамоў і адаптацыі пад пастаяннае жыллё дачных пасёлкаў.

· Рэарганізацыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стварэнне самакіраваных кааператываў па эксплуатацыі шматкватэрных дамоў з мэтай павышэння якасці камунальных паслуг і зніжэння іх сабекошту.

· Распрацоўка і прыняцце нацыянальнай праграмы пераадолення беднасці як сацыяльнай з’явы, уключаючы аказанне адраснай матэрыяльнай дапамогі маламаёмным сем’ям, інвалідам і адзінокім пенсіянерам; стварэнне інтэрнатаў для бяздомных; прадастаўленне бясплатных абедаў для бедных і маламаёмных; падатковыя льготы для суб’ектаў гаспадарання, якія выдзяляюць сродкі на дабрачыннасць.

· Фармаванне рэгіянальных і галіновых страхавых фондаў прафесійнай салідарнасці на парытэтных пачатках са сродкаў дзяржавы, працадаўцаў і работнікаў. Правы размеркавання сродкаў з гэтых фондаў для аказання матэрыяльнай дапамогі ў лячэнні, аздараўленні, выхаванні дзяцей і г. д. перадаецца адпаведным НДА. Развіццё валанцёрскага руху з дабрачыннамі мэтамі.

· Устараненне дзяржавы са сферы атрымання і размеркавання гуманітарнай дапамогі з-за мяжы па лініі НДА. Скасаванне усякіх абмежаванняў на выезд беларускіх дзяцей за мяжу на аздараўленне.

· Пралангацыя закону 1990 г. аб беларускай мове на наступныя 10 гадоў, забеспячэнне яго няўхільнага выканання. Дзяржаўная падтрымка развіцця беларускай літаратуры, нацыянальнага мастацтва.

· Стварэнне спрыяльных умоў для культурнага развіцця нацыянальных меншасцяў. Заснаванне Рады ў справах нацыянальных меншасцяў пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з удзелам у яго працы прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцяў.

· Прыняцце нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Вяртанне гістарычнай сімволікі. Фармаванне патрыятычнай нацыянальнай свядомасці ў маладога пакалення.

· Роўныя адносіны дзяржавы да розных рэлігійных канфесіяў у Беларусі (за выключэннем рэлігійных сектаў, забароненых законам). Супрацоўніцтва з цэрквамі ў гуманітарна-дабрачыннай сферы.

· Перагляд парадку вызначэння святочных дзён: побач з агульнанацыянальнымі святамі (Новы год, Дзень жанчын, Дзень незалежнасці – 27 ліпеня) прадастаўленне грамадзянам права асабістага выбару 5 святочных дзён на год паводле рэлігійных, ідэалагічных або іншых адзнак (з папярэднім апавяшчэннем працадаўцаў і кліентаў).3. Эканоміка для ўсіхПрынцыпова важным з’яўляецца адстараніць дзяржаўную бюракратыю ад бескантрольнага кіравання (што раўназначна валоданню) народнай гаспадаркай, адмовіцца ад мадэлявання «ўсходняга спосабу вытворчасці» на карысць развіцця эканамічнай дэмакратыі. «Эканоміка для ўсіх» – такое крэда сацыял-дэмакратаў. Пры гэтым прамысловы ўздым і рост сельгасвытворчасці не з’яўляюцца самамэтай дзяржавы і грамадства. Для задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцяў грамадзян, росту іх дабрабыту неабходна спрыяць развіццю ўсіх сфераў гаспадарчай і камерцыйнай дзейнасці, дзе магчымыя даходы і прыбытак, у т. л. знешняга гандлю, пасрэдніцтва, банкаўскай справы, турызму, сацыяльных паслуг і г. д. Эканамічная палітыка дзяржавы фармуецца на аснове галоўнага фактару беларускай эканомікі – чалавечага капіталу. Таму асаблівая ўвага дзяржавы павышэнню ўзроўню культуры, адукаванасці і прафесійнай кваліфікацыі грамадзян, а таксама развіццю іх грамадскай і вытворчай актыўнасці, прадпрымальнасці. Сацыял-дэмакратыя лічыць неабходнымі наступныя меры.

· Рэарганізацыя сістэмы кіравання народнай гаспадаркай: скарачэнне колькасці міністэрстваў, дзяржкамітэтаў, канцэрнаў, шматразовае памяншэнне іх штатаў; адмова ад адміністрацыйнага (чыноўніцкага) кіравання вытворчасцю, надуманых планавых заданняў, адвольных (пазападаткавых) пабораў з суб’ектаў гаспадарання, бясконцых праверак і кадравых «ператрахванняў».

· Канцэнтрацыя ўвагі органаў дзяржаўнай адміністрацыі на пытаннях: навукова-тэхнічны прагрэс; фармаванне нацыянальнай базы звестак пра эканоміку краіны і рэгіёнаў, рэсурсавыя магчымасці; вывучэнне кан’юнктуры нацыянальнага і сусветнага рынкаў; выпрацоўкі адпаведных рэкамендацыяў для суб’ектаў гаспадарання.

· Захаванне ў дзяржаўным сектары або пад дзяржаўным кантролем (праз кантрольны пакет акцыяў) буйных прадпрыемстваў, якія вызначаюць стан эканомікі.

· Аднаўленне правоў акцыянераў і працоўных калектываў (на неакцыяваных прадпрыемствах) у арганізацыі нагляду і кантролю дзейнасці адміністрацыі прадпрыемстваў. Укараненне элементаў самакіравання працоўных калектываў на дзяржаўных прадпрыемствах і сукіравання – на прыватных. Заахвочванне набыцця акцыяў прадпрыемстваў работнікамі гэтых прадпрыемстваў.

· Зняцце бюракратычных бар’ераў у рэгістрацыі і ліцэнзаванні прыватнага бізнесу, укараненне прынцыпу «аднаго акна», заяўнай сістэмы рэгістрацыі. Часовае ўвядзенне планавых заданняў мясцовай адміністрацыі па развіцці прыватнага прадпрымальніцтва (па мінімальнай колькасці новых фірмаў, новых рабочых месцаў і г. д.).

· Актывізацыя раздзяржаўлення эканомікі. Прыняцце канцэпцыі «Беларусь – адзінае акцыянернае таварыства», г. зн. грамадзяне, якія не пажадалі стаць акцыянерамі асобных прадпрыемстваў, перадаюць свае прыватызацыйныя чэкі ў спецыяльны банк і становяцца акцыянерамі ўсяго дзяржаўнага сектару эканомікі.

· Пачарговы перавод стратных дзяржаўных прадпрыемстваў у рэжым санацыі на перыяд да 18 месяцаў. Трохбаковая камісія (прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, мясцовых органаў улады і працоўнага калектыву) прымае рашэнне аб дыверсіфікацыі, спецыялізацыі, форме ўласнасці прадпрыемства. У выпадку непрыняцця рашэння прадпрыемства цалкам або па частках прадаецца на аўкцыёне.

· Паслядоўная рэструктурызацыя галін народнай гаспадаркі з мэтай зніжэння энергаёмістасці вытворчасці і павелічэння яе экспартнага патэнцыялу. Паскораная распрацоўка (у т. л. з прыцягненнем замежнага капіталу) мясцовых крыніцаў сыравіны і энергіі.

· Прыярытэтнае развіццё інавацыйнай сферы. Ператварэнне навуковага патэнцыялу ў адзін з асноўных чыннікаў устойлівага эканамічнага росту. Інтэнсіўны экспартна-імпартны абмен інтэлектуальнай уласнасцю.

· У вёсцы замест калектыўных гаспадарак – калектывы гаспадароў і фермерскія прадпрыемствы, г. зн. раздзяржаўленне, разбуйненне і акцыяванне калгасаў і саўгасаў. Зямля – нацыянальны здабытак – можа перадавацца ў прыватную ўласнасць для сельгасвытворчасці, жыллёвага і прамысловага будаўніцтва, аднак камерцыйны абарот зямельных участкаў кантралюецца дзяржавай.

· Замест дзяржаўнага фінансавання нерэнтабельнай сельгасвытворчасці – сацыяльная падтрымка сялян, інвеставанне перадавых тэхналогіяў. У кожным сельсавеце (воласці) – 5–10 малых прадпрыемстваў для перапрацоўкі сельгаспрадукцыі і мясцовай сыравіны, аказанні паслуг насельніцтву.

· Рэарганізацыя падатковай палітыкі. Зніжэнне або скасаванне шэрагу падаткаў дзеля таго, каб: а) стымуляваць інвестыцыі ў народную гаспадарку; б) павялічыць паступленні ў бюджэт за кошт паляпшэння збіральнасці падаткаў.

· Забеспячэнне недактыкальнасці прыватнай уласнасці, заканадаўчае і маральна-палітычнае. Рэальная незалежнасць, празрыстасць і высокі прафесіяналізм у дзейнасці гаспадарчых і арбітражных судоў.

· Захаванне нізкай інфляцыі і стабільнасці эмісійна-грашовай палітыкі. Заканадаўчае рэгуляванне эмісіі новых грошай толькі для будаўніцтва сацыяльнага жылля і сацыяльнай падтрымкі сялян – у эканамічна абгрунтаваных памерах.

· Аднаўленне незалежнасці Нацыянальнага банку; садзеянне фармаванню і развіццю буйных камерцыйны банкаў з пераважна беларускім капіталам. Стымуляванне банкаўскіх інвестыцыяў у эканоміку (танных крэдытаў).

· Распрацоўка і прыняцце сістэмы мераў дзеля разгортвання «інвестыцыйнага буму» ў Рэспубліцы (унутрана- і знешнепалітычных, прававых, эканамічных, фінансавых, падатковых і інш.). Самая простая з іх – заахвочванне мікраінвеставання хатніх гаспадарак ў дробны і сярэдні бізнес.

· Стварэнне і дзейнасць Цэнтральнага і рэгіянальных інвестыцыйна-экспертных саветаў для вынясення рэкамендацыяў па дзяржаўным фінансаванні вытворчых, навуковых, сацыяльных праектаў, у т. л. прыватнай ініцыятывы.

4. Незалежнасць, месца ў свеце

Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь падпарадкуецца стратэгічным мэтам беларускага дзяржавы – гарантаванню нацыянальнай бяспекі, незалежнасці і цэласнасці краіны, павышэнню матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця грамадзян. Для рэалізацыі дадзенай стратэгіі неабходнымі лічацца наступныя меры.

· Фармаванне знешняй палітыкі на аснове канстытуцыйнага палажэння аб нейтралітэце Беларусі і шматвектарнасці яе знешнепалітычных інтарэсаў. Адмова ад усякіх ваенных абавязацельстваў перад іншымі дзяржавамі або союзамі дзяржаў. «Беларусь – усходняя Швейцарыя».

· Уступленне Беларусі паўнапраўным членам у Раду Еўропы, а таксама ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

· Аднаўленне добрасуседскіх і ўзаемавыгадных адносінаў з дзяржавамі – суседзямі Беларусі. Развіццё памежнага супрацоўніцтва.

· Будаўніцтва шчыра сяброўскіх адносінаў з Расіяй. Паглыбленне супрацоўніцтва ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, канструктыўнае ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне.

· Заключэнне ўзаемавыгадных пагадненняў з Расіяй па транспартыроўцы і перапрацоўцы нафты і газу на ўмовах, якія не пагражаюць суверэнітэту Беларусі.

· Удзел у інтэграцыйных працэсах СНД і ЕўрАзЭСу. Развіццё ўсебаковых сувязяў з Еўрапейскім Звязам з мэтай атрымання эканамічных прэферэнцыяў і крэдытаў.

· Максімальнае выкарыстанне другога патэнцыйнага фактару беларускай эканомікі – выгаднасці геаграфічнага становішча. Дзяржаўная падтрымка прыватнай ініцыятывы ў сферы міжнароднага гандлю, у т. л. пасрэдніцтва, транспартных, банкаўскіх, інфармацыйных ды іншых паслугаў. Беларусь – мост паміж Усходам і Захадам.

· Пошук замежных партнёраў для ажыццяўлення буйных міжнародных праектаў на тэрыторыі Беларусі: будаўніцтва хуткаснай аўтастрады ад Балтыйскага мора да Чорнага, хуткаснай чыгункі Захад – Усход ды інш.

· Стварэнне прававых і матэрыяльна-фінансавых гарантыяў для замежнага капіталу, свабоднай рэпатрыяцыі даходаў і прыбытку. Прыцягненне штогод ад аднаго да пяці мільярдаў еўра замежных інвестыцыяў у эканоміку – адна з галоўных задач Ураду Рэспублікі Беларусь.

· Прыняцце нацыянальных праграмаў развіцця экспарту адукацыйных, медыцынскіх, турысцкіх паслугаў для замежных грамадзян.

· Рэарганізацыя дыпламатычнай і консульскай службы Рэспублікі Беларусь з мэтай павышэння яе эфектыўнасці.

· Роўна добразычлівыя адносіны да ўсіх пластоў беларускай дыяспары. Прыцягненне дыяспары да вырашэння задач эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця Беларусі.

5. Клічам да згоды

Рэспубліка Беларусь надта доўга адкладала прынцыповы сацыяльна-эканамічны выбар. Улады эксплуатавалі адносную індыферэнтнасць насельніцтва да мэтаў развіцця, прапагандуючы папулісцкія мадэлі ва ўрон стратэгічным інтарэсам краіны і грамадства. У выніку Беларусь апынулася на абочыне агульначалавечага прагрэсу, усё больш адстае ад сваіх суседзяў. Гэтую згубную тэндэнцыю неабходна пераадолець.

Перамены неабходныя і рэальныя. Для дэмакратызацыі дзяржаўнага ладу не патрабуецца вялікіх матэрыяльных тратаў і працяглага часу. Не з’яўляецца складанай задачай і ажыццяўленне на працягу аднаго-двух гадоў эканамічнай рэформы. Магчыма, некалькі больш намаганняў запатрабуе выкараненне з нацыянальнай ментальнасці элементаў эгаізму, утрыманства, абыякавасці, апатыі.

Гатоўнасць грамадства да пераўтварэннаў нарастае. Пры гэтым абсалютная большасць грамадзян падтрымліваюць ідэю грамадскай згоды – гэта рыса нацыянальнага характару беларусаў. Таму мы адрасуем праграму пераменаў уладам, апазіцыі, усяму грамадству для абмеркавання і дасягнення згоды.

Перамены непазбежныя. Ад волі ўсіх суб’ектаў палітыкі Беларусі залежыць, ці адбудуцца яны ў фармаце нацыянальнай згоды або ва ўмовах сацыяльна-палітычнай канфрантацыі.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) адназначна выказваецца за варыянт згоды.