Месца Беларусі ў “Індустрыі 4.0”

Самі таго не заўважаючы, апынуліся ў будучыні, якую нам прадказвалі шматлікія фантасты і рэжысэры навукова-фантастычных фільмаў.
Чалавецтва паступова ідзе па шляху аблягчэння свайго існавання з дапамогай разнастайных віджэтаў і гаджэтаў, а таксама іншых разумных прылад. З улікам развіцця сучасных тэхналогій чалавецтва ў хуткім часе зробіць вялікі крок і ў даследаванні космасу. Усё гэта было б немагчыма без кампутараў і інтэрнэта.
Што такое “Індустрыя 4.0”?
Індустрыя 4.0 – гэта чацвёртая прамысловая рэвалюцыя. Дадзены тэрмін быў уведзены ў 2011 годзе ў межах Hi-Tech стратэгіі Нямеччыны. Індустрыя 4.0 звязаная са з’яўленнем глабальных прамысловых сетак, Інтэрнэта рэчаў, з пераходам на аднаўляльныя крыніцы энергіі, пераходам ад металургіі да кампазітных матэрыялаў, са з’яўленнем 3D прынтараў, вертыкальных фермаў, сінтэзу ежы, самакіраванага транспарту, нейрасетак, геннай мадыфікацыі, біятэхналогій і штучнага інтэлекту.
Вынікам індустрыі 4.0 павінна стаць размеркаванне вытворчасці, размеркаванне энергетыкі, сецевы калектыўны доступ і спажыванне, замена пасярэднікаў на размежаваныя сеткі, прамы доступ вытворцы да спажыўца, эканоміка сумеснага доступу.
Калі зазірнуць у гісторыю, то можна ўбачыць, што Першая прамысловая рэвалюцыя адбылася ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя і суправаджалася вынаходніцтвам вадзяных і паравых рухавікоў, ткацкіх станкоў, з’яўленнем разнастайных механічных прылад, развіццём транспарту і металургіі.
Другая прамысловая рэвалюцыя распачалася ў другой палове XIX – пачатку ХХ стагоддзя. Ёй было характэрна вынаходніцтва электрычнай энергіі, з’яўленне высокаякаснай сталі, развіццё нафтавай і хімічнай прамысловасці, а таксама з’яўленне тэлеграфа і тэлефона.
Трэцяя прамысловая рэвалюцыя ўзяла старт у 1970 годзе і прынесла з сабой лічбавізацыю, развіццё электронікі, ужыванне ў вытворчасці інфакамунікацыйных тэхналогій і праграмнага забеспячэння.
З’яўленне кожнага пераломнага моманту ў гісторыі суправаджалася пераразмеркаваннем рынкаў збыту, выхадам у эканамічныя лідэры новых краін, а таксама з’яўленнем беспрацоўя, бо ў сілу развіцця новых тэхналогій лішнім заўсёды заставаўся чалавек, на месца якога прыходзілі новыя прылады і механізмы, а калі казаць пра сучаснасць, то робаты.
На вялікі жаль, у сілу тых ці іншых прычын свет развіваецца нераўнамерна і існуюць краіны, у якіх вестэрнізацыя сумяшчаецца з першабытна-грамадскім ладам, дзе разам з высокімі тэхналогіямі існуе традыцыйны племянны лад жыцця.
Беларусь у эру лічбавай эканомікі
Беларусь на дадзены момант з’яўляецца перыферыйнай краінай, да якой усе сучасныя тэхналогіі і распрацоўкі даходзяць з пэўнай затрымкай з прычыны яе закрытасці, асаблівасці палітычнага рэжыму, адарванасці ад еўраінтэграцыйных працэсаў і постсавецкай кансервацыі грамадска-палітычнага жыцця.
Фактычна краіна ўяўляе сабой паўфеадальнае (у сельскай мясцовасці), паўіндустрыяльнае (у гарадах) княства з адзінаасобным кіраваннем, якое знаходзіцца пад культурным і палітычным уплывам апошняй імперыі з Усходу.
Сучасная Беларусь – гэта краіна, у якой рэалізаваўся адзін з не самых лепшых сцэнароў таго, што магло быць, калі б СССР не разваліўся, а працягваў сваё існаванне: адхіленне партыі ад кіравання краінай, адсутнасць сацыяльных ліфтоў, псеўдаідэалогія, рэпрэсіўнасць рэжыму ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, дзяржаўная ўласнасць, фармальная сацыяльная дзяржава і неймаверна нізкая аплата працы рабочым. На прыкладзе Беларусі можна казаць, што кіраўніцтва краіны не тое што не дарасло да ідэялаў Вялікай Французскай рэвалюцыі 1789 года з яе лозунгамі “Свабода! Роўнасць! Братэрства!”, яно даўно не дацягвае да ідэялаў расійскага кастрычніка 1917 года “Фабрыкі – рабочым, землі – сялянам!”.
Варта аддаць належнае – прэзідэнт краіны сапраўды стрымаў сваё абяцанне і не павёў Беларусь за ўсім цывілізаваным светам. А яго адмысловы шлях развіцця і створаны ім грамадска-палітычны лад так і не здолеў паказаць ні найлепшую прадукцыйнасць працы, ні шырыню грамадска-палітычных правоў і свабод грамадзян.
У сувязі з дадзенымі асаблівасцямі, Беларусь, з прычыны свайго геаграфічнага становішча, можа прэтэндаваць толькі на статус транзітнай краіны, мэта якой – абслугоўванне транспартных патокаў паміж Масквой і Берлінам. Калі пашанцуе, то і транспартных патокаў з Кітая ў Еўропу ў межах новага шоўкавага шляху. Пра транспартныя патокі з Поўначы на Поўдзень пакуль гутарка не ідзе.
Статус транзітнай краіны не можа гарантаваць таго, што Беларусь выйдзе ў эканамічныя лідэры рэгіёна і стане цэнтрам тэхналогій, навукі і прагрэсу.
Пакуль што Беларусі наканавана быць краінай, якая абслугоўвае ось “Берлін-Масква”. Высокатэхналагічнаму Берліну, які задае тэмп развіцця Еўропы, патрэбна ўся магчымая сыравіна Масквы, яе рынкі збыту, стабільнасць у рэгіёне і ўмоўны буфер паміж ЕС і Кітаем. Узамен на безперабойныя пастаўкі сыравіны Берлін гатовы ўкладаць сродкі ў мадэрнізацыю расійскай вытворчасці і інфраструктурныя праекты, нават у абыход санкцый.
Прыняты прэзідэнцкі Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі” і размова пра магчымае стварэнне Міністэрства лічбавай эканомікі пакуль застаюцца планамі, рэалізацыя якіх будзе адбывацца ў абмежаваным сектары эканомікі, для забеспячэння абслугоўвання ўжо пазначанай осі “Берлін-Масква”.
Навуковы прагрэс і лішнія людзі
Пад час любой прамысловай рэвалюцыі, якую зазнавала чалавецтва, лішнім заўсёды заставаўся чалавек. Чалавек пратэставаў супраць з’яўлення новых механізмаў, шкодзячы пры гэтым машыны і абсталяванне (пратэстны рух Лудзітаў), а таксама выступаў супраць выцяснення чалавека з вытворчасці.
Развіццё новых тэхналогій і чарговая прамысловая рэвалюцыя ў Беларусі можа паставіць кропку на сотнях тысяч працоўных месцаў, дзе замест чалавека працу будуць выконваць робаты.
І гэта ўжо не прагназаваная будучыня – гэта будучыня, якая наступіла, бо ўжо існуе вялікая колькасць прыкладаў цалкам аўтаматызаваных прадпрыемстваў, дзе калі не ўсю, то значную частку працы выконваюць робаты, а людзі толькі сочуць за тым, як яны працуюць (заводы Tesla і Amazon, прамысловыя робаты ABB і Kuka).
У Беларусі з года ў год скарачаецца колькасць працоўных месцаў. Дзяржаўная прапаганда не кажа, але з 2011 года Беларусь згубіла 351 тыс. працоўных месцаў, і на дадзены момант у эканоміцы краіны занята 4.352 тыс. чалавек.
Вялікія прадпрыемствы праходзяць мадэрнізацыю, на іх з’яўляюцца новыя аўтаматычныя лініі і канвееры, якія не маюць патрэбу ў вялікай колькасці чалавек. Новыя заводы маюць значна меншую ў параўнанні з савецкімі заводамі колькасць работнікаў.
Пакуль што лішнія людзі, якія не задзейнічаны ў эканоміцы Беларусі, знаходзяць сабе працу ў Расіі і Еўропе. Па падліках экспертаў іх колькасць складае больш за 1 млн. чалавек. Гэта яскравае сведчанне таго, як стагнуе беларуская эканоміка і наколькі краіна запаволілася ў сваім развіцці.
Тым часам варта разумець, што колькасць працоўных месцаў пры сітуацыі, якая склалася ў краіне, будзе зніжацца. Размова ідзе не толькі пра заводы – праз новыя тэхналогіі скарачэнні адбываюцца таксама і сярод чыноўнікаў, работнікаў сельскай гаспадаркі і іншых бюджэтных сфераў.
З прычыны эканамічнай стагнацыі дзяржава не ў стане забяспечваць сацыяльную абарону сваіх грамадзян у поўным аб’ёме і ў якасці хоць нейкай прапановы прыняла прэзідэнцкі Дэкрэт № 7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва”, які дае пэўныя свабоды прыватнаму бізнесу і самазанятым грамадзянам, аднак якім скарыстаўся мізерны адсотак грамадзян.
Тэхнасацыялізм
Эканамічная стагнацыя Беларусі не сведчыць пра тое, што краіна скаціцца ў феадалізм або спыніць сваё існаванне. Нават у такім стане яна можа існаваць вельмі доўга і, незалежна ад палітычнага кіраўніцтва, паццягвацца ў эканамічным развіцці за кошт агульнасусветнага развіцця. Як ніяк, але ў 2018 годзе беларусы яшчэ жывуць на 15 % лепш сярэднестатыстычнага зямляніна, нягледзячы на тое, што гэты дабрабыт імкліва скарачаецца з 1991 года. Тады мы жылі лепш за сярэднестатыстычнага зямляніна на 40 %.
Навукоўцы адзначаюць, што індустрыялізацыя ў СССР, якую праводзіў Сталін у 1930-х гадах, была не поспехам, а заканамернасцю, бо ў той час эканоміка ўсяго света паспяхова ішла ў рост і за кошт гэтага паццягвала і эканоміку СССР. Так адбываецца зараз і ў сучаснай Беларусі.
Прафесія рабочага ў бліжэйшай будучыні ўжо не будзе насіць масавы характар, бо функцыю рабочых рук будуць выконваць аўтаматызаваныя канвееры, лініі, склады, а фізічная праца будзе хутчэй выключэннем, чым правілам. Пытанне замены людзей робатамі пакуль што заключаецца ў сабекошце працы, але з цягам часу праз перавытворчасць робатаў і іх удасканаленне яны стануць прамымі канкурэнтамі людзей.
Навуковы прагрэс і развіццё чалавецтва паступова мяняюць мэтавую групу сацыял-дэмакратаў. Колькасць рабочых спецыяльнасцяў з ліку кваліфікаваных людзей наёмнай працы (рабочых у традыцыйным разуменні) паступова скарачаецца, аднак з’яўляецца новая мэтавая група з ліку высокакваліфікаваных работнікаў ІТ-індустрыі.
Гэта праграмісты, якія распрацоўваюць і тэстуюць праграмнае забеспячэнне, ствараюць кампутарныя гульні, а таксама тыя, хто займаецца праектаваннем робатаў і штучнага інтэлекту. Яшчэ адна новая мэтавая група – гэта тэхнікі, высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія займаюцца адладкай, усталёўкай і рамонтам робатызаваных прыладаў.
Вось гэта і ёсць новыя мэтавыя групы сацыял-дэмакратаў, якія будуць паступова замяшчаць рабочых індустрыяльнага перыяду.
ІТ-індустрыя шмат для каго прывабная тым, што забяспечвае высокі ўзровень прыбыткаў. Тым часам мы бачым, што прафесіі медыкаў, выкладчыкаў і навукоўцаў – адны з самых нізкааплачваемых у краіне. Гэта несправядліва, бо гэтыя людзі працуюць у галіне развіцця чалавечага патэнцыялу, лечуць, вучаць і развіваюць навуку, якой карыстаюцца ў тым ліку і ІТ-спецыялісты.
Пакуль жа “айцішнікі” займаюцца самалюбаваннем і паказваюць сваю ўнікальную выключнасць, памыляючыся ў тым, што менавіта яны рухаюць прагрэс. Яны яго проста абслугоўваюць. Прагрэс рухаюць філосафы, палітыкі і бізнес-мэнэджары.
Пытанне высокіх заробкаў у ІТ-індустрыі часовае, бо сваё слова яшчэ не сказалі ўсё тыя ж медыкі, выкладчыкі і навукоўцы. Менавіта яны мусяць адкрыць дзверы ў новую эру бія- і нанатэхналогій, імплантантаў і чалавечых органаў, іншых сфер, якія займаюцца развіццём чалавечага патэнцыялу.
Гісторыя паказвае, што высокія заробкі ў розных сектарах эканомікі – з’ява часовая. Трымаецца яна да таго моманту, пакуль не адбудзецца ці тое прарыву, ці тое эканамічнага стымулявання іншага сектару.
Дастаткова прыгадаць перыяды беларускай гісторыі, калі высокааплачваемымі былі рабочыя прадпрыемстваў, міліцыянеры, чалночнікі, банкіры і чыноўнікі. Цяпер гэта – ІТ-спецыялісты.
Паступова мы прыходзім да пытання: на каго будзе арыентаваны канчатковы прадукт прадпрыемстваў, калі амаль усё будуць рабіць робаты?
Вось тут напрошваецца адказ: людзям неабходна мець гарантаваны прыбытак, дастатковы для іх дастойнага існавання, які ім павінна забяспечваць і гарантаваць дзяржава. Тыя, хто маюць магчымасці і здольнасці працаваць, мусяць мець адпаведны заробак, які будзе суміравацца з гарантаваным прыбыткам.
У любым выпадку чалавецтва ідзе да зніжэння колькасці працоўных гадзін і павелічэння вольнага часу, які ў ідэале яно мусіць траціць на развіццё асобы. Што рабіць з тымі, хто не жадае развівацца і ўпадае ў наркатычную, алкагольную ці гульнявую залежнасць, пакуль адказу няма.
Яшчэ адзін выклік для чалавецтва – кантроль нараджальнасці. Каб колькасць так званых лішніх людзей не была крытычнай і прэкарыят не пагражаў зменай існуючай сістэме ўлады.
Кароткія высновы
Сусветны навуковы прагрэс, новыя тэхналогіі і агульны эканамічны рост паццягваюць эканоміку Беларусі. Праз існуючы палітычны рэжым і неразваротлівую сістэму адміністрацыйнага кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусь заганяе сябе ў рэйтынг краін, якія маюць праблемы не толькі з дэмакратыяй, грамадзянскімі свабодамі, аднак і з перспектывамі свайго далейшага развіцця.
Беларускі аўтарытарны рэжым не з’яўляецца прагрэсіўным і ўсе свае высілкі накіроўвае выключна на захаванне сённяшняга дзяржаўнага ладу. Усё гэта не можа гарантаваць Беларусі магчымасць стаць “Усходняй Швейцарыяй”, “Усходняй Аўстрыяй”, ці “Паўднёвай Швецыяй”. Адносна невялікімі, аднак вельмі заўважнымі ў еўрапейскай палітыцы краінамі са сваімі тварамі і сацыяльна-эканамічнай сістэмай, арыентаванай на чалавека.
У Беларусі ў межах “Індустрыі 4.0” пакуль будзе развівацца толькі лагістыка, транспарт і камунікацыі – усё, што патрэбна для абслугоўвання осі “Берлін-Масква” і, магчыма, будучага шаўковага шляху, які злучыць Еўропу з Кітаем. А для ўсяго гэтага дастаткова аднаго “Парка высокіх тэхналогій” з сённяшнімі аб’ёмамі заказаў і колькасцю спецыялістаў ІТ.
У межах наяўнага палітычнага рэжыму заробкі сярод рабочых на дзяржаўных прадпрыемствах будуць выглядаць выключна дапамогай па беспрацоўю, свайго кшталту гарантаваным малым прыбыткам, дастатковым для існавання, аднак не дастатковым, каб жыць дастойна. Гэта адзін са спосабаў трымаць крытычную масу грамадзян прывязанай да сістэмы. Пры больш інтэнсіўнай робатызацыі ўсе гэтыя грамадзяне будуць пагражаць цяперашняй сістэме ўлады, бо значная частка з іх стане беспрацоўнымі.
Як беспрацоўныя адрэагавалі на Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, бачыла ўся краіна, што прывяло, у канчатковым выніку, да яго адмены. І гэта сведчанне таго, наколькі дзейная ўлада не зацікаўлена ў рэструктурызацыі прадпрыемстваў, бо аднаўляючы, мадэрнізуючы і аддаючы ў прыватную ўласнасць, яна страчвае кантроль над часткай грамадства.