РЭФЕРЭНДУМ АДБЫВАЎСЯ ВА ЎМОВАХ НЕСВАБОДЫ І СТРАХУ

Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)
- адзначае, што прапановы БСДП па зменах у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь не былі ўлічаны ўладай, а існуючы праект зменаў у Канстытуцыю не адпавядае чаканням беларускага народа;
- паведамляе, што вылучаныя ад БСДП у склад выбарчых камісій сябры партыі не былі ўключаныя ў іх склад, а двое самавылучэнцаў (Зміцер Цеслянок з г. Масты і Мікалай Сушкоў з Гомельскага раёна) пасля фармавання ўчастковых выбарчых камісій былі неабгрунтавана затрыманыя міліцыяй. Першы з іх па рашэнні суда атрымаў адміністрацыйны штраф у памеры 25 базавых велічынь, другі – адміністрацыйны арышт 12 сутак;
- інфармуе, што не вылучаў сваіх назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі праз немагчымасць гарантаваць бяспеку актывістам і прыхільнікам партыі;
- лічыць, што БСДП на фоне палітычнага пераследу апанентаў уладай не мела магчымасці бяспечна выступіць з альтарнатыўным праектам Канстытуцыі;
- канстатуе, што рэферэндум адбываўся ва ўмовах прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, што з’яўляецца элементам ціску як на ўладу, так і на грамадзянак і грамадзян;
- падкрэслівае, што інфармацыйная кампанія ў падтрымку рэферэндума была аднабаковай, а ў дзень выбараў з’яўляліся масавыя фотадоказы агітацыі ў яго падтрымку;
- падсумоўвае, што рэферэндум адбываўся ў атмасферы страху і ціску для большасці выбаршчыкаў.
Прэзідыум БСДП не можа прызнаць вынікі Рэферэндума, які не адпавядае заканадаўству і чаканням грамадзянак і грамадзян Беларусі.