ДАГАВОР АБ СТВАРЭННІ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ - ЛЕГАЛЬНАЯ ФОРМА ІНКАРПАРАЦЫІ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАД РАСІІ

ДАГАВОР АБ СТВАРЭННІ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ - ЛЕГАЛЬНАЯ ФОРМА ІНКАРПАРАЦЫІ БЕЛАРУСІ Ў СКЛАД РАСІІ
ЗАЯВА Прэзідыума
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ўпэўнена, што аб’яднанне двух краін (Беларусі і Расіі), розных па тэрыторыі больш чым ў 82 разы, па насельніцтву больш чым у 15 разоў, па валаваму ўнутранаму прадукту больш чым у 27 разоў у адну дзяржаву з захаваннем суверынітэту і незалежнасці, а таксама забеспячэннем роўных правоў грамадзян двух краін практычна немагчыма.
Акрамя таго, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) звяртае ўвагу, што Дагавор аб стварэнні саюзнай дзяржавы не адпавядае нацыянальным інтарэсам і цэламу шэрагу артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:
- стварэнне наднацыянальных органаў улады (Вышэйшага Дзяржаўнага Савета, Парламента, Савета міністраў, Суда, Падліковай палаты), да якіх пераходзіць большая частка поўнамоцтваў у рамках саюзнай дзяржавы, фактычна ліквідуюць дзяржаўны суверынітэт Рэспублікі Беларусь, што супярэчыць прэамбуле і артыкулам 1, 3, 8 і 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
- увядзенне расійскага рубля ці іншай адзінай валюты на тэрыторыторыі Рэспублікі Беларусь і стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра ў Расійскай Федэрацыі ставіць Беларусь у прамую эканамічную залежнасць ад Расіі, што супярэчыць артыкулам 13, 132-136 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь;
- старэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі азначае ўцягванне Беларусі ў міжнародныя канфлікты, у якіх удзельнічае Расія і пераўтварае Беларусь у частку мілітарысцкай дзяржавы. Гэта супярэчыць артыкулам 1 і 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
У Дагаворы аб стварэнні саюзнай дзяржавы няма і практычна не можа быць прынцыпа раўнапраўя пры фарміраванні прадстаўнічых, выканаўчых і судовых органаў улады. Пры фарміраванні Палаты Саюза (вышэйшая палата парламента) для Беларусі і Расіі маецца розная норма прадстаўніцтва дэпутатаў ад колькасці выбаршчыкаў. Пры фарміраванні Палаты прадстаўнікоў (ніжэйшая палата парламента) усталёўваецца няроўная колькасць дэпутатаў ад Беларусі і Расіі (адпаведна – 28 і 75 чал.), што загадзя ставіць беларускі бок у пройгрышнае становішча.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) лічыць, што палажэнне Дагавора аб стварэнні саюзнай дзяржавы з’яўляецца легальнай формай інкарпарацыі Рэспублікі Беларусь у склад Расійскай Федэрацыі і заклікае скасаваць гэтую дамову.