Перайсці да асноўнага змесціва
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў Думаем пра кожнага - працуем разам!
Думаем пра кожнага - працуем разам!
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў

Форма пошуку

  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
  • Галоўная
  • Партыя
    • Хто мы?
    • Статут БСДП
    • Структура
    • Дакументы
    • Як уступіць у БСДП?
    • Падтрымаць БСДП
    • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
    • БСДП у асобах
    • Бібліятэка сацыял-дэмакрата
    • Сімволіка БСДП
  • Кіраўніцтва БСДП
    • Прэзідыум БСДП
    • Цэнтральны камітэт БСДП
    • Цэнтральная Рэвізійная Камісія БСДП
  • Навіны
    • Аналітыка
    • Заявы
    • Гісторыя і культура
    • Грамадства
    • Жанчыны БСДП
    • Палітыка
    • Партыйнае жыццё
    • Эканоміка
  • Блогі
  • Выданні БСДП
    • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
    • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Мультымедыя
    • Вiдэа
    • Фота
  • Кантакты
Уступіць у БСДП
Гісторыя і культура

«Я помню ўсё… і ШварцэнЕґер адпачывае»

чацьвер, 17 Кастрычнік 2013 6:47 Aўтар: Вітаўт Мартыненка Крыніца: ARCHE

Галівудзкі фільм «Успомніць усё»з браканьерам Арнольдам у зорках (ягонае прозьвішча гэта й абазначае: Чорны Паляўнічы) глядзелі, бадай, многія, але ці шмат хто запомніў сюжэт? Захапляючыя чужыя гісторыі наўрад ці кранаюць так, як жыцьцё родных і блізкіх. І калі вы нават ня ведаеце, хто такая Зоська Верас, дык тых, з кім сябравала й ліставалася гэтая унікальная жанчына,клясык беларускага краязнаўства, прыгадае кожны смаркач: Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Ларыса Ґеніюш, Паўліна Мядзёлка… З сучасьнікаў – Адам Мальдзіс, Данута Бічэль, Зянон Пазьняк, Вячка Целеш, Арсень Ліс… Ужо дзівіць сугучча розных эпохі месц? Але ж Бог даў гэтаму чалавеку, сумленнаму ратаю беларускай нівы, доўгае й плённае жыцьцё 1892-1991.

Чытаю гэтыя ўразьлівыя лічбы датаў жыцьця і думаю – якая эпоха ўмяшчаецца ў біяґрафію: дзьве сусьветныя вайны, кастрычніцкі пераварот, усталяваньне новай імпэрыі, ейны развал, а між тым забароны, а то і расстрэлы няўгодных дзеячоў культуры, іхняя рэабілітацыя і… чарговае выдаленьне з школьных праґрамаў, а тым часам чалавек сабе жыве, робіць сваю справу і захоўвае просты, незаанґажаваны палітычнай кан’юктурай погляд на рэчы.

Зоська Верас – гэта псэўданім паэткі, публіцысткі, краязнаўца Людвікі Сівіцкай, якая пасьпела пабываць і Людвікай Шантыр, і Людвікай Войцік (бальшавікі ж не шкадуючы расстрэльвалі найбольш плённых беларускіх дзеячоў, з якімі выпала ёй зьвязаць свой жыцьцёвы лёс: паэт і палітычны дзяяч Фабіян Шантыр1887-1920; публіцыст і рэдактар беларускіх ґазэт Антон Войцік 1898-1948). Праўда, ня скажаші пра нешчасьлівы жаночы лёс, бо засталіся ў абодвух шлюбах нашчадкі, плённыя дзеячы беларускай культуры.Але маці іхняя ўзяла сабеў 1917-м творчы псэўданім Зоська Верас, нібы прадчуваючы ўваход у змрочную крыважэрную эпоху.

Гэтую эпоху надзіва пераканаўча, жыва падае гэта мэмуарная кніга. Праўда, публікацыя ў сэрыі«Гарадзенская бібліятэка» абавязала складальніка Міхася Скоблу прытрымлівацца пэўнай ґеаґрафічнай субардынацыі (адбіраліся найперш тэксты, якія датычаць Гарадзеншчыны), але ці не таму кніга «Я помню ўсё» дае асабісты лёс аўтаркі з пэўным перакосам: калі пра першага мужа Фабіяна Шантыра згадваецца толькі ў кантэксьце пары палітычных сустрэч і гэтулькі ж таварыскіх лістоў, а потым пасьля ягонай гібелі на вайне (дзе і як???) у дзею ўступае сын Фабіяна Шантыра і Людвікі Сівіцкай – Антон Шантыр, дык шлюбу з Антонам Войцікам прысьвечаны нават асобны разьдзел успамінаў.

Праўда, у 1985-м, пішучы літаратуразнаўцу Янку Саламевічу ліст падзякі за дасланы надоечы з менскага выдавецтва «Юнацтва» аўтарскі асобнік моцна абкарнатай сваёй кнігі «Каласкі», 93-гадовая бабуля згадвае яркі эпізод 1918-га: «У адно з першых спатканьняў было зімна, і мы зайшлі ў кавярню… Тады Фабіян кажа: “Каб мяне цяпер затрымалі, то канец… Чаму?.. Бо маю пры сабе браўнінґ”. Вядома, у такі час (першая нямецкая акупацыя) насіць у кішэні браўнінґ глупа й небясьпечна. Я была ў грубай цёплай ясёнцы, шырокай, з вялікімі кішанямі. Ну і запрапанавала аддаць браўнінґ мне… Непрыкметна, пад столікам, пералажылі з кішэні ў кішэнь… Мела потым клопаты перазахаваньня» (с. 303). Дый пазьней, у лісьце літаратуразнаўцу А. Пяткевічу за 9.02.1987, ёсць пара абзацаўlovestoryпра Фабіяна Шантыра, якія заканчваюцца сумна: «Так і разьвіталіся – назаўсёды. У 1919 радзіўся мой сынок, а праз пару месяцаў пасьля даведалася з ґазэт аб траґічнай сьмерці Фабіяна… Вось мая траґедыя» (с. 353).

Так што ўсё гэта – жывыя дакумэнты эпохі, якія прымаюцца такімі, якімі здолелі дайсьці да нас, бо ніякі таленавіты бэлетрыст не апіша вам адчуваньні жывога чалавека падчас гістарычных катаклізмаў, а ў Зоські Верас гэта халодныя асабістыя дзёньнікі: «Мы адчулі на ўласнай скуры, што робіцца падчас вайны: з агарордаў вынесьлі салдаты ўсё – і цыбулю, і капусту, і маладую моркву, усё дачыста. Агарод вытаптаны, як ток у стадоле. Але гэта яшчэ нічога, горш – зьнішчаны ўсё пчолы. Падпальвалі гнёзды саломай і выдзіралі мёд. Проста думаць страшна. Ну няхай бы вадой залівалі, усё ж пчолы б аджылі… А то паліць жывое стварэньне…» (с. 31). Думаеце, праклятыя акупанты? Не, «свои», «наши пришли», якіх каляніяльная адміністрацыя на пастой уладкавала. Ішоў 1915 год.

Праўда, хочацца адшукаць на фотаілюстрацыях, як выглядаў гэты сьведка эпохі ў той ці іншы пэрыяд… І вось на другой старонцы першага фотаблёку пад здымкам унізе чытаю: «Людвіка Сівіцкая з роднымі, 1890 год». Гэта ж колькі ёй тады было – -2?Але на здымку яна «ў першым шэразе зьлева», а не ў жывоціку мамы. Не кажу, што 2 гады ў жывоціку не сядзяць, бо сёй-той цудзік, народжаны праз 10 гадоў пасьля вайны, расказвае публічна пра бацьку, які ў вайну якраз гэраічна загінуў – тут усяму паверыш.

Адсутнасць пільнай карэктуры выяўляюць памылкі ў камэнтарах.Кшталту «сумніўных» гадоў жыцьця беларускага архітэктара, паэта й пэдаґоґа Лявона Вітан-Дубейкаўскага: – «1869 ці 1869-1940» (с. 424).Сумненьне сапраўды ёсць, але дзе яно? Іхоць беларускія энцыкляпэдыі працуюць пераважна на суседзкі аўтарытэт, усё ж спраўдзіць зьвесткі пра нашага гадаванца Парыжскай Акадэміі архітэктуры ўдалося ў «Беларускай энцыкляпэдыі», т. 4, с. 200 – «1869 ці 1867-1940»; дый пра яго нямала пісала беларуская прэса вольнага сьвету (ґазэты, часопісы, кнігі). Ну а пра сапраўдныя даты жыцьця Антона Войціка лёгка здагадацца: 1998-1948?Падумаеш, стагодзьдзе туды, стагодзьдзе сюды, калі ясна, што чалавек ня мог нарадзіцца праз паўстагодзьдзя ад сваёй сьмерці. Хутчэй, ён пражыў 50 гадоў! Крыўдна толькі, што гэтая памылка паўтараецца ў кнізе разоў пяць.

Не стыкуюцца пэўныя даты і з недагляду ўкладальніка. Напрыклад, на с. 167 Зоська Верас згадвае факты жыцьця Сяргея Крыўца, дзе камэнтатар адразу падае на яго спасылку: «Крывец Сяргей (1904-1945) – паэта, сакратар ТБШ». Нібыта ўсё слушна? Але ж далей Зоська Верас удакладняе: «Наагул, ён 1889 году нараджэньня, пачынаў друкаваць і вершы, і прозу ў “Заранцы”…» Ці не павінен быў менавіта тут уставіць сваю заўвагу камэнтатар: ці ранейшыя крыніцы памыляюцца, ці Зоська Верас ня мае рацыі? Але для чытача цяпер даты жыцьця паэты таксама ўмоўныя – «1889 ці 1904-1945».

Дый ня надта верыцца, што 3 верасьня 1986 году Зоська Верас магла напісаць Аляксею Пяткевічу: «13 верасьня ў Новай Вялейцы сьвяткавалі 110-я ўгодкі нараджэньня Цёткі» (с. 337).

А такія нестыкоўкі – 11 красавіка 1981 Зоська Верас піша Ларысе Ґеніюш аб зьняважлівым артыкуле Міколы Гіля пра сьв. Айца Рымскага: «Пасьля таго, як паранілі Папежа…» (с. 214). І тут жа камэнтар укладальніка: «Маецца на ўвазе замах на Папу Яна Паўла ІІ, зьдзейсьнены 15 траўня 1981 турэцкім тэрарыстам Мехметам Алі Агджой» (с. 440). Ня думаю, што 11 красавіка, за месяц, беларусы ведалі пра замах 15 траўня. Нешта яўна ў датах.

Ці во нешта ў фактах: «З гэтым спэктаклем напачатку 1910-га выяжджалі ў Сакольскі павет, у былы маёнтак майго прадзеда І. Кулакоўскага», – піша Зоська Верас. А камэнтатар дадае: «Кулакоўскі Ігнат (1800-1870) – грамадзкі дзеяч, пэдаґоґ, дзед З. Верас» (с. 245, 442). І думаеш: дык дзед ці прадзед? Хто памыляецца?Але далей Зоська Верас зноў піша: «Калі ў 1840-х выходзіў у Пецярбургу альманах Яна Баршчэўскага “Незабудка”, сярод яго падпісчыкаў быў і мой прадзед Ігнат Кулакоўскі. Цяпер разумею, што маё далучэньне да беларускага руху – гэта проста спадчына па прадзеду» (с. 251). Ну а яшчэ далей ужо й камэнтар да ліста Зоські Верас навукоўцу Адаму Мальдзісу ад 7.07.1984 пацьвярджае ейную слушнасць больш разгорнутым тэкстам: «Кулакоўскі Ігнат (1800-1870) – грамадзкі дзеяч, пэдаґоґ, прадзед З. Верас, скончыў Сьвіслацкую ґімназію й Варшаўскі ўнівэрсытэт, працаваў куратарам павятовых школаў на Гарадзеншчыне» (с. 298, 446).

Але ня варта зацыклівацца на праблемах карэктуры, калі ў кнізе ёсць рэальныя вартасьці.

 Мала хто паверыць, але мэмуарная літаратура можа прасьвятліць нават сучасныя блуканьні культурніцкіх ґрантаў па розных незразумелых структурах. Аказваецца, ґрантадаўцы і ґрантасмокі былі й 100 гадоў таму. А ці была тады якая ініцыятыва кшталту «Будзьма тутэйшымі», каб пад гучнае балбатаньне пра нейкую адметнасць беларускай культуры праводзіць камэрцыйныя канцэрты ўсялякага недабеларускага зьместу, рэклямуючы іх у сваіх сайтах? Аж вось чытаем у Зоські Верас: «Стварылі часовы Беларускі нацыянальны камітэт. Што ён рабіў? Канкрэтна нічога. Паседжаньні, гутаркі, нарады, спрэчкі…» І хоць апекаваліся нават такой «беларускай» справай аўтарытэтныя асобы кшталту Рамана Скірмунта, Магдалены Радзівіл (гэта ж яна фінансавала выданьне кнігі Максіма Багдановіча «Вянок»), але дагледзець за ўсімі не выпадала. Хоць і пільнасць была нецяперашняя. Напрыклад, чытаем далей: «У Беларускай вайсковай радзе быў адзін паручнік… Альховік. Вось ён захацеў скарыстаць зацікаўленьне беларушчынай Радзівіліхі. Пайшоў да яе і атрымаў у падарунак – лякераваныя боцікі! За гэта яго судзілі таварыскім судом і з Вайсковай рады выкінулі…» (с. 48). Мо таму й вялікі Багдановіч застаўся ў спадчыну нашчадкам, што пільнасць і сумленнасць неяк жыла. А што «будзьма чакаць» ад сучасных дзеячоў: мо грандыёзныя помнікі прадстаўнікам«местной культуры» кшталту «Детидетей», «Ляпис Трубецкой», «DrumExtasy», каб канчаткова пераканаць увесь сьвет, што ніякіх крывічоў-ліцьвінаў і духу ўжо не засталося ў Беларусі. Як сьпяваў вялікі Бартосік, «Тут Беларусь, тут Русью пахнет, але даўно ужо ня Белай». І ўсё ж успаміны Зоські Верас супакойваюць у апоры на біблейскія ісьціны, што ўсё будзе добра: і тагачасныя хапугі наеліся ды аддалі канцы бяссьледна, а мы памятаем Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Браніслава Тарашкевіча… Як пісаў неяк укладальнік гэтага эпісталярыя, паэт Міхась Скобла, сапраўдная беларуская культура ціхмана назапашвае магутны творчы патэнцыял, як балотны агонь: яго не відаць, але дай кісларод – вухне так, што мала не падасца. Той жа магутны том Зоські Верас хто з вас, дарагія сучасьнікі, чытаў пры жыцьці ейным? 100 гадоў пражыла, а першыя асэнсаваньні толькі пасьля сьмерці. Культурна жывем, брація!..

 

Але ня трэба думаць, што аўтарка мужна нясе ў памяці старыя «дрязґі», бо нясе яна проста праўду, каб мы маглі адэкватна асэнсаваць гук эпохі, адчуць ейную мэлёдыю, скласьці далейшую гармонію. Дагэтуль, напрыклад, сярод «інтэлектуалаў» бытуюць розныя стаўленьні да асобы знакамітай Паўліны Мядзёлкі, якой вялікі Купала прысьвяціў п’есу «Паўлінка», дзе яна й ролю галоўную сыграла. Знаёмячыся з эпісталярнымі тамамі Ларысы Ґеніюш і Зоські Верас (з абедзьвюма перапісвалася леґендарная Паўлінка) чытач мае шанц разгарнуць духхітрай эпохі, які сумленных людзей рабіў нібыта хлусамі, здраднікамі, а яны проста рабілі тое, штонадавалася, дзеля беларускай культуры. Зоська Верас сьведчыць: «У адным з лістоў Ванда Лёсікава пісала мне: “П. Мядзёлка піша ўспаміны, баюся, ізноў трэба будзе перажываць, душа перавернецца ад яе характарыстык”. Піша, што Тамаша Грыба (свайго пазьнейшага мужа), яна пазнала ў 1918 годзе, а сапраўды абое былі на зьезьдзе 25-27 сакавіка 1917. Ужо няпраўда. Хоча адмежавацца ад некаторых падзеяў (і я не я). Мой сын кажа: “Раз Масква друкуе, то ўжо там ня ўсё чыста”. Можа і так» (с. 98). Цяпер можна пісаць пра Тамаша Грыба, пра Васіля Захарку – першых кіраўнікоў незалежнай Беларусі, а ў часы падмаскоўскай БССР, калі ў прэсе не было й анігадкі пра БНР, а нехта вымудраўся хоць захаваць імёны незалежніцкіх дзеячоў (ну, скажам, спосабам «маленькіх тэхнічных недакладнасьцяў»), дык няўжо трэба папракаць тых, хто йшоў сваёй дарогай. Хто сёньня сьмелы, дык дайце слушны камэнтар памылкам, удакладніце факты, а папрокі пакіньце бязмозґлым. І насамрэч радуе, што Зоська Верас, ведаючы розныя адзнакі нейчага чыну, не мяняла сваіх адносінаў да сымбалічных асобаў айчыннай культуры. Ужо цераз месяц яна піша з Вільні ў Гарадзеншчыну: «Учора мела зноў ліст ад П. Мядзёлкі. Прыемна мне. Гэта – як голас з маладых гадоў. Абяцае летам прыехаць» (с. 100). Дарэчы, ліст датаваны рэдактарскай рэмаркай [1969], хоць мне чамусьці кінулася пад увагу больш дакладная дата: «Хутка 8-га. Помню, што Вы сьвяткуеце ўрадзіны Вашага мужа…» Ведаючы, што Янка Ґеніюш нарадзіўся 8 сакавіка, можна прыкінуць, што віншаваньне пісалася 4-5-га. Чаму б не напісаць у кнізе: [4-5(?) сакавіка 1969]?

«Я помню ўсё» азначае рэальна ўсё, нават кур’ёзы беллітбагемы. У 80-я актыўна абмяркоўвалі інтэлектуалы фрывольны раман Алега Лойкі «Як агонь, як вада» пра Янку Купалу (адны захвальвалі, другія нэрваваліся). І Зоська Верас піша Аляксею Пяткевічу: «Вы помніце інтэрв’ю з Лойкам нейкага Пісьмянкова ў “ЛіМе”? Там ён расказвае, як Купала прыяжджаў у Слонім у 1939 і А. Лойка браў у яго інтэрв’ю. Але ж Лойка нарадзіўся ў 1931-м – значыцца меў тады 8 гадоў. І ўжо браў інтэрв’ю, вундэркінд? Там жа называе ў скарыстаных крыніцах і Зоську Верас, а я Купалы зусім ня ведала і ніколі нікому аб ім не гаварыла» (с. 230). Але, як піша сьведка эпохі, «сістэма не дапусьціць публічнай крытыкіпрафэсара».

Унікальныя факты ў гэтай эпісталярнай прозе да біяґрафіі Макара Краўцова(Косьцевіча), аўтара ваяцкага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»: «Як і некаторыя іншыя беларусы (пасол Ф.Ярэміч, бугальтар І. Біндзюк) ён быў жанаты з варшавянкай. Але ў той час, калі ў сем’ях пасла й бугальтара запанавала польская мова, у Косьцевіча наадварот: жонка навучылася добра гаварыць па-беларуску і гаварыла мовай мужа доўга пасьля, як ён загінуў» (с. 119).

Яшчэ адна згадка да вобразу Ларысы Ґеніюш. Чытаючы ўласнае ліставаньне вялікай паэткі, мы памятаем і факты сямейных праблем, ростань з сынам Юркам (доктарам, паэтам), праблемы з ім, але толькі Зоська Верас у допісах іншым дапамагае дапоўніць гэтую мазаіку: «Аб тым, што др. Ю.Ґеніюш быў паранены, я ўжо ведала ад Ларысы Антонаўны. Бедная яна – як мусіць непакоіцца і нэрвавацца» (с. 211). А камэнтар дадае канкрэтыку: «Лекара-пэдыятра Ю.Ґеніюша параніў нажом бацька адной з пацыентак, якая памерла пасьля апэрацыі» (с. 440). Во сюжэты!

Эліза Ажэшка – сусьветная знакамітасць, клясык польскай літаратуры. Зосьцы Верас, калі жыла ў Гародні, выпала быць і на пахаваньні ў атрадзе ґімназычнае аховы, дый сярод сваякоў былі сяброўкі славутай пісьменьніцы: «Сваячка маёй гродзенскай бабулі (Коляртова) расказвала, куды і чаго з Э. Ажэшкай хадзіла, што запісвалі. А бабуля, як я мела 8-9 гадоў, усё расказвала мне, каб ведала, як пісьменьнікі працуюць» (с. 279). Дык вось шмат пра што гаворыць факт шкадаваньня, што пры жыцьці Ажэшкі маладыя беларусы не парупіліся асабіста адведаць яе: «Цяжка сабе выбачыць такую няўвагу. Відаць, замала ведалі аб ейных сувязях, напрыклад, з Ф. Багушэвічам» (с. 120).

У 1973 згадвае Зоська Верас нарыс Васіля Якавенкі «Акно на плошчу» ў часопісе «Полымя» (с. 123), дзе яе хвалюенадта змрочны вобраз польскай дэфэнзывы ў творы. Ведала б яна тады «Пакутны век», дзе тойвобраз зноў не схэматычна вясёлкавы або змрочны, але перакладу ґеніяльнага раману на польскую мову зашкодзіў. Дый сама яна ў сваёй кнізе сьведчыць факты «польскай дабрыні» зусім не паводле схэмаў палітычнага партнёрства: «Летам 1974 С.М. Новік-Пяюн праходзіў некалькі апэрацыяў на разьбітай у Калдычаве сківіцы» (с. 125), а Калдычава – гэта польская турма ў Баранавічах 1930-х гадоў. Відаць, усё ж ня надта інтэліґентна ставілася дэфэнзыва да беларускіх паэтаў-песеньнікаў, пра што й Якавенка пісаў.

У лісьце да гарадзенскага гісторыка мэдыцыны Ф. Ігнатовіча, пісаным яшчэ ў савецкі час, Зоська Верас красамоўна выяўляе свой зусім не савецкі характар: «А вось у справе рэвалючыйнай работы, то я тут “цёмная”. Мая сьцежка была іншая: асьвета, прырода… Аб рэвалюцыйнай працы ў Гродне нічога ніколі ня чула» (с. 150). Гэта да савецкай хлусьні пра сямімільны й няўхільны поступ «вялізнага кастрычніка» ад Буга да Курыл, калі насамрэч быў просты бандыцкі захоп пэўных ключавых пунктаў у пэўны абмежаваны пэрыяд. А потым…

Захоўваючы піітэт да традыцыйных сьвятаў (Каляды, Купальле, Задушкі, Вялікдзень), Зоська Верас міжволі пакінула й згадкі пра траскучыя апшчэсцьвенна-паліцічаскія празднікі: «Люблю атрымліваць лісты. Лістамі і жыву. Гэта мая сувязь з людзьмі… Набралася да 1 мая шмат лістоў-віншаваньняў. Трэба хоць некалькімі словамі падзякаваць. Паміж іншым, сама нікога не віншавала з 1 мая – палянілася», – піша яна ў 1980 паэтцы Дануце Бічэль (с. 206).

Дый увогуле, эканамічны савецкі рай, пра які ўсё яшчэ «мараць пэнсыянэры ў тралейбусах», Зоська Верас засьведчыла ня менш выразна за Ларысу Ґеніюш у рэцэнзаваных раней«Лістах з Зэльвы». Напрыклад, жыхарка Вільні ў ліпені 1980 (разгул брэжнеўшчыны, калі папяровых грошай стала больш за тавар у перадавых савецкіх рэспубліках, а камунізм, абяцаны Хрушчовым, так і не прыйшоў) піша ўсё той жа Дануце Бічэль: «… хацелася б вам памагчы. У нас мяса валовае ёсць кожны дзень, апроч суботы і нядзелі,.. бо ў вольныя дні прыязджае маса калгасьнікаў, нават з Беларусі, і ўсё выкупляюць. Цяпер дбаюць, каб сваім мясцовым хапіла» (с. 194). А хто ж яшчэ напіша праўду пра «дружбу і ўзаемавыручку братніх рэспублік СССР»?

Хоць многія зайздросьцяць сьветламу мысьленьню старой аўтаркі ў экстрэмальных умовах, не абмінулі кнігуй пакуты старасьці. 7 верасьня 1986 году яна піша аднаму з кіраўнікоў гарадзенскай «Паходні», майму сябру й равесьніку Міколу Таранду: «Можа, яшчэ што хацелі б перафатаґрафаваць? Сьпяшаюся ўсім падзяліцца, бо вось-вось 94 гады стукне, і няведама, што далей будзе… Як і вы ўсе з “Паходні”, нашыя гурткоўскія нашчадкі, так і мы (ГГБМ пачатку 1900-х), ствараючы гурток, былі амаль дзеці…» (с. 338).

Мы былі дзецьмі, а цяпер?Апошні ліст кнігі датаваны ліпнем 1989-га, за 2 гады да векавога юбілею: «Шмат не напішу, не магу, – піша яна ў Латвію мастаку Вячку Целешу. – Мусі, гады зьелі мае вочы, ледзь бачу. Чытаць не магу зусім, ужо 9 месяцаў ня брала кнігі ў рукі…» Але… «Усяго вам добрага! Заўсёды зычлівая Людвіка Войцікава» (с. 419).

 

Апошнія навіны з гэтай катэгорыі

01.02 НАРАДЖЭННЕ І СМЕРЦЬ ССРБ. Артыкул першы
31.01 Правілы жыцьця Антона Луцкевіча
30.01 20 фактаў пра Антона Луцкевіча
12.11 100 гадоў таму. Што трэба памятаць
02.11 Пяцісотгадовы човен прывезлі ў цэнтр Мінска
15.10 Власти Минска не предоставляют информацию о гражданах, выступивших против установки памятной...

Аўтары блогаў

Ігар Барысаў
Андрэй Казановіч
Ігар Маслоўскі
Ганна Канюс
Анатоль Cідарэвіч
Cяргей Адамовіч

Блогi

Ігар Барысаў
Віншаванне з Новым 2019 годам!
Андрэй Казановіч
Минские договоренности по Нагорному Карабаху
як хутка знiкне заслона Стабiльнасцi незменяемага...
Ігар Барысаў
Прамова на пасаду старшыні БСДП
Андрэй Казановіч
Віншую вас грамадзяне Лiтвы са знамянальнай датай —...
Усе блогі

Нумары нашай газеты

№15
№14
№13
Усе нумары

Заявы БСДП

ДАГАВОР АБ СТВАРЭННІ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ -...         ДАГАВОР АБ СТВАРЭННІ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ...
Заява Прэзідыума БСДП “Аб ваенных...         ЗаяваПрэзідыума БСДП“Аб ваенных...
Зварот Прэзідыума БСДП у сувязі з...          Зварот Прэзідыума Беларускай...

Катэгорыі

Аналітыка
Гісторыя і культура
Грамадства
Жанчыны БСДП
Заявы БСДП
Палітыка
Партыйнае жыццё
Эканоміка

Партнёры

     

Кампания Право выбора

Партыя

  • Хто мы?
  • Статут БСДП
  • Структура
  • Дакументы
  • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
  • БСДП у асобах

Навiны

  • Партыйнае жыццё
  • Заявы
  • Жанчыны БСДП
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Аналітыка
  • Гісторыя і культура

Выданнi БСДП

  • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
  • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
bsdpps@tut.by © БСДП-2019 Усе правы абароненыя