Перайсці да асноўнага змесціва
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў Думаем пра кожнага - працуем разам!
Думаем пра кожнага - працуем разам!
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў

Форма пошуку

  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
  • Галоўная
  • Партыя
    • Хто мы?
    • Статут БСДП
    • Структура
    • Дакументы
    • Як уступіць у БСДП?
    • Падтрымаць БСДП
    • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
    • БСДП у асобах
    • Бібліятэка сацыял-дэмакрата
    • Сімволіка БСДП
  • Кіраўніцтва БСДП
    • Прэзідыум БСДП
    • Цэнтральны камітэт БСДП
    • Цэнтральная Рэвізійная Камісія БСДП
  • Навіны
    • Аналітыка
    • Заявы
    • Гісторыя і культура
    • Грамадства
    • Жанчыны БСДП
    • Палітыка
    • Партыйнае жыццё
    • Эканоміка
  • Блогі
  • Выданні БСДП
    • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
    • Часопіс "Адлюстраванне"
    • Часопіс "Пазіцыя"
  • Мультымедыя
    • Вiдэа
    • Фота
  • Кантакты
Уступіць у БСДП
Грамадства

Фігавы лісток апазіцыі (меркаваннi былога сябра партыi)

чацьвер, 14 Лістапад 2019 11:10

 

 

Рэдакцыя сайта прыхiльнiкаў БСДП палiчыла магчымым перадрукаваць
артыкул былога сябра партыi Міхася ВАРАНЦА
з газеты “Наша Слова”, № 46 (1457), ад 13 лістапада 2019 г.

 

  

 

 

 

Чым  болей беларусы ігнаруюць выбары, тым гучней галасы апазіцыі з заклікам удзельнічаць у выбарах. Розніца паміж апазіцыяй і ўладай толькі ў фармулёўках.  Вось і сёлета кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына клянецца-божыцца, што кліча на сапраўдныя выбары ў сапраўдны заканадаўчы орган улады. Апазіцыя заклік да ўдзелу ў псеўдавыбарах у псеўдапарламент прыкрывае фігавым лістком, на якім напісана “палітычная кампанія пад назвай “выбары”, “электаральны працэс”  і да т.п.

    “Ты, улада, нас не бойся – цябе мы не зачэпім”.

   Гэты жарт беларускіх апазіцыянераў пра саміх сябе даўно не смешны. Ужо пяты раз апазіцыя ўдзельнічае ў выбарах у нелегітымную, незаконную Палату прадстаўнікоў і, такім чынам, самім фактам свайго ўдзелу зазывае грамадзян Беларусі на выбарчыя ўчасткі. Поўная згода і лагода з уладаю! Заўважыў заканамернасць. Актыўнасць выбаршчыкаў, іх вера ў чэснасць выбараў, вера ў выбары як дэмакратычны інстытут абрання ўлады стабільна змяншаецца, а галасы зазывалаў ад апазіцыі ўдзельнічаць у такіх выбарах стабільна ўзмацняюцца. Пашыраецца і пералік аргументаў на карысць удзелу ў выбарах.

    Мантра апазіцыі

  Галоўная мантра апазіцыі застаецца нязменнай: у выбарах трэба ўдзельнічаць, бо людзі ходзяць на выбары, бо трэба ж нешта рабіць. Сапраўдных выбараў, як дэмакратычнага механізма абрання органаў улады, няма. Лукашэнка ладзіць чарговы спектакль, фарс, палітычную кампанію пад назвай “выбары”. Мы, апазіцыя, удзельнічаем у гэтым спектаклі пад назвай “выбары”, вылучаем сваіх  кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, каб паказаць, даказаць беларускаму грамадству, міжнароднай супольнасці… .

   Што сваім удзелам у псеўдавыбарах у псеўдапарламент апазіцыя хоча паказаць і даказаць?! Тут у шэрагах зазывалаў шматгалоссе і нават рознагалоссе, але, паўтаруся, галоўная мантра застаецца нязменнай: у выбарах трэба ўдзельнічаць, бо людзі ходзяць на выбары, бо трэба ж нешта рабіць… . 

    Табу апазіцыі

   Апазіцыя замоўчвае, што ў 1999-2000 гадах яна салідарна не ўдзельнічала ў выбарах у мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў, не вылучала сваіх сяброў кандыдатамі ў дэпутаты (за выключэннем старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча і часткі сяброў гэтай партыі, якія ў 2000 годзе ўдзельнічалі ў выбарах у Палату), што міжнародныя інстытуты (ПАСЕ, ЕС і інш.)  не прызналі выбары ў мясцовыя Саветы 4 красавіка 1999 года і выбары ў Палату прадстаўнікоў 15 кастрычніка 2000 года дэмакратычнымі і, тым болей, не прызналі легітымнасць, законнасць, паўнамоцнасць гэтых органаў улады.

   Апазіцыя замоўчвае свае ўласныя выказванні, напрыклад, таго ж Анатоля Лябедзькі: “К вопросу о региональных выборах. Таковых в 1999 году в Беларуси не предвидится. В апреле состоятся псевдовыборы, по итогам которых президентская “вертикаль” отберёт, а президент утвердит так называемых депутатов... все демократические партии заявили о своём неучастии в имитации выборов. Мы призываем ОБСЕ не посылать своих наблюдателей в апреле текущего года в Беларусь для участия в контроле за ходом мероприятий, именуемых выборами в местные Советы депутатов, дабы не легитимизировать их результаты” (з выступлення А.Лябедзькі на пасяджэнні Пастаяннага камітэта Парламенцкай Асамблеі АБСЕ у студзені 1999 года); “ОГП призывает бойкотировать выборы в лукашенковский “парламент”. Почему? Нам нужна власть не для того, чтобы присосаться к кормушке, а чтобы что-то изменить в стране. Палата представителей по статусу своему ничего изменить не может, это образец политической импотенции” (з заявы старшыні АГП А.Лябедзькі ў жніўні 2000 года).

   Апазіцыя замоўчвае, што ў 2000 годзе яна, пры падтрымцы АБСЕ (Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе), сфармулявала наступныя ўмовы свайго ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў і прызнання іх міжнароднай супольнасцю:

1. Спыненне пераследу людзей па палітычных матывах, вызваленне палітычных вязняў, высвятленне лёсу зніклых людзей, гарантыя свабоды шэсцяў і мітынгаў.

2. Ніхто, акрамя парламента,  не можа прымаць законы, абавязковыя для выканання ўсімі, і ажыццяўляць кантроль за выкананнем дзяржаўнага бюджэту.

3. Палітычныя партыі і грамадскія рухі павінны мець гарантаваны бесцэнзурны доступ да дзяржаўных радыё і тэлебачання.

4. Выбарчыя камісіі павінны быць незалежнымі ад улады і складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

    Метамарфоза апазіцыі

   Улады не выканалі ніводнай з вышэйпералічаных чатырох умоў. Аднак і згаданы тут Лябедзька, і ўся аб’яднаная дэмакратычная апазіцыя, акрамя партыі КХП-БНФ на чале з Зянонам Пазьняком, раптам перамянілі сваю пазіцыю на супрацьлеглую і, гэтаксама як і Статкевіч, удзельнічалі ў мясцовых выбарах у 2003 годзе, а потым і ў выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе.

   Апазіцыя дэ-факта адцуралася сваіх умоў удзелу ў выбарах, але яе лідэры і па сёння робяць выгляд, што нічога не здарылася, і па сёння чатыры ўмовы ўдзелу ў выбарах фармальна застаюцца ў сіле.    

   Наступствы адрачэння ад уласна сфармуляваных умоваў удзелу ў выбарах, дый яшчэ ў такой форме (фігура змаўчання), былі катастафічнымі.

   Невытлумачальны, па змоўчанні, пераход ад байкоту да ўдзелу ў выбарах, перамена, здавалася б, прынцыповых пазіцый, прывялі да дэмаралізацыі актыву апазіцыі, да дыскрэдытацыі апазіцыі ў вачах дэмакратычна настроеных грамадзян. Шараговыя актывісты перасталі верыць сваім лідэрам. У 2003 годзе яны не адгукнуліся на заклік “усе на выбары”, паўсюдна і масава адмовіліся балатавацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў. Калі ў чэрвені 1995  годза на выбары ў Слонімскі гарсавет (яўка выбаршчыкаў – 40,5%) партыя БНФ выставіла 16 кандыдатаў, у 1999 годзе, падчас байкоту, – ніводнага, дык у 2003 годзе толькі аднаго. Старшыня Слонімскай суполкі БНФ Іван Бедка ў студзені 2003 года публічна наракаў: “У нас спачатку было сем кандыдатаў, якія далі згоду балатавацца. Але пасля шэсць адмовіліся. Хто палічыў, што ўдзел у выбарах не мае сэнсу, каго запалохалі стратай працы”. Не зразумелі і не падтрымалі такіх паводзін апазіцыі і беспартыйныя. Дзякуючы ў тым ліку і іх актыўнасці ў чэрвені 1995 года кандытатамі ў дэпутаты Слонімскага гарсавета былі зарэгістраваны 86 чалавек. У 2003 годзе прэтэндэнтаў было 47, зарэгістравалі 37 – 1,06 кандыдата на адну выбарчую акругу. Людзі здаровага сэнсу, якія паважаюць сябе і выбаршчыкаў, не захацелі і па сёння ня хочуць удзельнічаць у няпэўных, падазроных мерапрыемствах.

   Паняверка і пасіўвасць апазіцыйных актывістаў, дыскрэдытацыя апазіцыі, дэзарыентацыя выбаршчыкаў і, адпаведна, умацаванне ўлады Лукашэнкі – вось вынік, лічу, ганебнай, метамарфозы апазіцыі. Ад такога ўдару дэмакратычная супольнасць Беларусі не акрыяла і па сягоння.

    У чарговы раз на тыя ж граблі

   Выбаршчык, які недасведчаны ў тонкасцях апазіцыйнай палітыкі, але які прагне дэмакратычных пераменаў, які дзеля такіх пераменаў гатовы ўнесці сваю лепту, ужо шмат год задаецца пытаннем: “Каторы раз удзельнічаем, паказваем, даказваем! Далей што? Яшчэ колькі год, дзесяцігодзьдзяў будзем хадзіць па кругу?”.

   Ненармальнасць свайго ўдзелу ў псеўдавыбарах у псеўдапалату разумеюць і цяперашнія апазіцыйныя актывісты. Прадстаўнік слонімскай суполкі партыі БНФ Віктар Марчык, які зараз балатуецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, надоечы сказаў: “Уладам выгадна, каб мы выстаўлялі свае кандыдатуры – дзякуючы нам людзі прыйдуць на ўчасткі” (“Газета Слонімская”, № 42, 17 кастрычніка 2019 г.). Але! Парадзелая, пастарэлая, стомленая апазіцыя, па закліку сваіх нястомных лідэраў, сёлета зноў удзельнічае ў псеўдавыбарах у псеўдапалату, каб… у пяты раз паказаць, даказаць, што Палата прадстаўнікоў – “образец политической импотенции”?!

   Нядзіўна, што вышэйназваны выбаршчык не верыць такой апазіцыі.

   Магчыма, прычына імкнення апазіцыі ў чарговы раз наступіць на тыя ж самыя граблі, у чарговы раз падыграць уладзе ў ёйных гульнях у дэмакратыю, хаваецца ў словах дэпутата Вярхоўнага Савета СССР 12-га склікання, былога першага намесніка старшыні Гомельскага гарсавета Віктара Карняенкі, які з’яўляецца прыхільнікам удзелу ў выбарах: “Ёсць дзіцячыя спадзяванні, што адмова апазіцыі ад удзелу ўжо па факце будзе выклікаць пытанні ў грамадскасці і міжнародных інстытутаў. Хутчэй, наадварот. Нават тыя нешматлікія партнёры згубяць да Беларусі цікавасць, бо дапамагаць можна тым, хто нешта робіць” (“Новы Час”, № 38, 11 кастрычніка 2019 г.).

   Партнёры – важкі аргумент. Анатоль Лябедзька, аднапартыец Карняенкі, васемнаццаць год кіраваў Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, нешта рабіў. У 2018 годзе старшынём АГП выбралі Васіля Палякова. Неўзабаве нешматлікія партнёры згубілі да партыі цікавасць. Палякоў падаў у адстаўку.

   Мушу паўтарыць свае словы пятнаццацігадовай даўніны, сказаныя напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2004 годзе: “Тлумачэнне кшталту “трэба ж нешта рабіць” не вытрымлівае крытыкі. Па-першае, нельга  нават штосьці вартае рабіць усялякім коштам, болей за тое – коштам дэвальвацыі сваіх прынцыпаў і рэпутацыі. Па-другое, лепш нічога не рабіць, калі немагчыма зрабіць тое, што трэба. Бо дзе гарантыя, што з гэтага “нешта” не будзе яшчэ большай шкоды” (“Газета Слонімская”, № 11, 11 сакавіка 2004 г.).

     Жыць у праўдзе

   Другое дзесяцігодздзе беларуская апазіцыя “ўдзельнічае”, “паказвае”, “даказвае” і, як бачна па ўсё большай актыўнасці сённяшніх зазывалаў, збіраецца і надалей гэтым займацца. Апазіцыя не ставіць перад сабою і грамадствам задачу зрынуць існы рэжым, каб потым правесці дэмакратычныя выбары. Не заклікаю да гвалту. Ёсць спосабы, метады, формы мірнага ціску на ўладу. Гэтым трэба займацца. Цяперашняя беларуская апазіцыя, калі яна хоча і надалей называць сябе і беларускай, і апазіцыяй, найперш мусіць зняць фігавы лісток, пакаяцца за тое, што некалі адцуралася ўласных умоў свайго ўдзелу ў выбарах і заявіць аб сваім няўдзеле ў псеўдавыбарах у псеўдапарламент.

   Што да шараговага дэмакратычна настроенага грамадзяніна, магчымасці якога значна меншыя, чым у згаданага Васіля Палякова ў ягоную бытнасць старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі! Вацлаў Гавэл у сваім эсэ “Сіла бяссільных” заклікаў імкнуцца “жыць у праўдзе”. Паводле Гавэла, спроба чалавека “жыць у праўдзе” спачатку можа абмежавацца толькі тым, што “пэўныя рэчы ён проста не робіць: …не ходзіць на выбары, якія не лічыць выбарамі”.

Міхась ВАРАНЕЦ,
дэпутат Слонімскага гарсавета ў 1995-1999 гг, беспартыйны, былы сябра БСДП

21.10-06.11.2019 г.

Артыкул надрукаваны ў газеце “Наша Слова”, № 46 (1457), 13 лістапада 2019 г.

Апошнія навіны з гэтай катэгорыі

11.01 КАВІДНЫЯ НАТАТКІ АНАТОЛЯ СІДАРЭВІЧА
24.11 Насилие и политический мир
18.11 Философская ошибка добрых людей
09.07 Шельмование в сетях
03.07 Организация «За свой город» запускает челлендж «Ямы Бреста»
07.05 Заявление правозащитных организаций в связи с парадом в Минске 9 мая

Аўтары блогаў

Ігар Барысаў
Andrej Kazanovich
Ігар Маслоўскі
Ганна Канюс
Анатоль Cідарэвіч
Cяргей Адамовіч

Блогi

Andrej Kazanovich
Паважаные Грамадзяне
Третья сила CHN в судьбе Беларусии.
Нам не нужы жалкие извинения этих пособников...
Падтрымка рэпрэсіі фінансавымі структурамі ЕС
Ігар Барысаў
Справаздачны даклад Цэнтральнага камітэта XХ з’езду...
Усе блогі

Нумары нашай газеты

№15
№14
№13
Усе нумары

Заявы БСДП

БСДП не будзе прымаць удзел у VI...  Прэзідыум БСДП абмеркаваў запрашэнне з апарата Савета...
Заявление Брестской областной...         Заявление Брестской областной...
БСДП асуджае затрыманне сваіх таварышаў          ЗаяваПрэзідыумаБеларускай...

Катэгорыі

Аналітыка
Гісторыя і культура
Грамадства
Жанчыны БСДП
Заявы БСДП
Палітыка
Партыйнае жыццё
Эканоміка

Партнёры

     

Кампания Право выбора

Партыя

  • Хто мы?
  • Статут БСДП
  • Структура
  • Дакументы
  • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
  • БСДП у асобах

Навiны

  • Партыйнае жыццё
  • Заявы
  • Жанчыны БСДП
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Аналітыка
  • Гісторыя і культура

Выданнi БСДП

  • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
  • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
bsdpps@tut.by © БСДП-2021 Усе правы абароненыя