БЕЛАРУСЬ – НЕ ПРАЦОЎНЫ ЛАГЕР (Заява Прэзідыума БСДП)

БЕЛАРУСЬ – НЕ ПРАЦОЎНЫ ЛАГЕР
Заява
Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)
з прычыны намеру ўвядзення падатку на беспрацоўных
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выступае супраць увядзення падатку на беспрацоўных.
Мы лічым, што ўвядзенне падатку на беспрацоўных з’яўляецца парушэннем канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Паводле нашай Канстытуцыі, кожны грамадзянін мае права самастойна вырашаць працаваць яму ці не, а таксама свабодна выбіраць сабе род заняткаў.
Мы, сацыял-дэмакраты, перакананыя, што хатнія гаспадыні, фрылансеры, а таксама грамадзяне, якія працуюць за мяжой, не павінны абкладацца падатакам, які пярэчыць Канстытуцыі. Беларусь з’яўляецца для ўсіх грамадзян агульным домам, а не працоўным лагерам.
Мы звяртаем увагу і на тое, што на дадзены момант кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь не здолее забяспечыць усіх беспрацоўных працоўнымі месцамі. Паводле звестак на студзень 2015 года, у краіне налічваецца ўсяго толькі 33,6 тысячы вакантных працоўных месцаў.
Адсюль вынікае, што працаўладкаваць да 1 мільёна беларусаў, якія не маюць сталай працы, ніяк не атрымаецца. Па-першае, няма такой колькасці працоўных вакансіяў. Па-другое, не ўсякая праца можа забяспечыць грамадзянам дастойны ўзровень заробку і жыцця.
Мы ўпэўнены, што праз увядзенне падатку на беспрацоўных урад спрабуе кампенсаваць хібы ў эканоміцы, а таксама ўзяць пад большы кантроль грамадзян.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заяўляе, што пачынае інфармацыйную кампанію, якая накіравана на абарону палітычных і сацыяльна-эканамічных свабод, а таксама недапушчэнне з’яўлення ў нашай краіне інстытуту прымусовай працы.
Замест прымусовага працаўладкавання мы прапануем ураду заняцца стварэннем новых працоўных месцаў і рэфармаваннем эканомікі, распрацоўкай заканадаўства, якое дазволіць легалізаваць людзей, якія працуюць дыстанцыйна або па дамовах падраду (фрылансу), заканадаўства, якое дазволіць легалізаваць працоўных мігрантаў за межамі Беларусі, а ў выпадку іх легальнай працы ў межах Мытнага саюза – не дапусціць двайнога падаткаабкладання заробкаў грамадзян. Мы прапануем пачаць перамовы з краінамі –удзельніцамі Мытнага саюза аб пералічэнні падаткаў з заробкаў грамадзян ў краіны іх пражывання.
Далучайцеся да Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) у барацьбе за лепшую Беларусь!