У Магілёве “Жанчыны БСДП” арганізавалі прагляд фільма пра Палуту Бадунову (фота)

А перад кінапраглядам яны праслухалі лекцыю пра беларускую сацыял-дэмакратыю, а таксама гістарычныя постаці, якія зрабілі ўнёсак у станаўленні беларускай дзяржавы.
12 снежня 2015 года адбылася нефармальная сустрэча рабочай групы “Жанчыны БСДП” у Магілёве, у якой прынялі ўдзел як актывісткі Беларускай сацыал-дэмакратычнай партыі (Грамады), так і яе прыхільніцы.
Пад час сустрэчы былі абмеркаваны пытанні аб важнасці ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці краіны, а таксама вырашэнне сумеснымі дзеяннямі сацыяльна-значных пытанняў. Было ўзнята пытанне аб дапамозе людзям з інваліднасцю і сталага веку, якія часам знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане і фактычна застаюцца без дапамогі з боку дзяржавы.
Каардынатарка магілёўскай рабочай групы “Жанчыны БСДП” Алена Барысава адзначыла, што такія праблемы дзяржава ўсялякім чынам спрабуе зрабіць нябачнымі, не надаваць ім вялікага розгаласу, аднак яны існуюць і іх трэба вырашаць сумеснымі дзеяннямі. Было прынята рашэнне прадумаць пытанне аб тым, як дапамагаць такім людзям.
Жанчыны прагледзелі дакументальны фільм пра Палуту Бадунову і за кубачкам гарбаты абмеркавалі цяжкі лёс жанчыны-рэвалюцыянеркі, якая змагалася за незалежнасць Беларусі. Пасля прагляду фільма адбылася гарачая дыскусія.
Наталія Шкадун адзначыла важнасць удзелу жанчын у рашэнні палітычных пытанняў і іх палітычным актывізме.
У гэты дзень заявы на ўступлення ў партыю падалі дзве жанчыны.
Прэс-служба Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП