Перайсці да асноўнага змесціва
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў Думаем пра кожнага - працуем разам!
Думаем пра кожнага - працуем разам!
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) Сайт прыхільнікаў

Форма пошуку

  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
  • Галоўная
  • Партыя
    • Хто мы?
    • Статут БСДП
    • Структура
    • Дакументы
    • Як уступіць у БСДП?
    • Падтрымаць БСДП
    • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
    • БСДП у асобах
    • Бібліятэка сацыял-дэмакрата
    • Сімволіка БСДП
  • Кіраўніцтва БСДП
    • Прэзідыум БСДП
    • Цэнтральны камітэт БСДП
    • Цэнтральная Рэвізійная Камісія БСДП
  • Навіны
    • Аналітыка
    • Заявы
    • Гісторыя і культура
    • Грамадства
    • Жанчыны БСДП
    • Палітыка
    • Партыйнае жыццё
    • Эканоміка
  • Блогі
  • Выданні БСДП
    • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
    • Часопіс "Адлюстраванне"
    • Часопіс "Пазіцыя"
  • Мультымедыя
    • Вiдэа
    • Фота
  • Кантакты
Уступіць у БСДП

СЛОВА НА 15-Я ЎГОДКІ ПАРТЫІ

2 сакавіка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе) спаўняецца 15 гадоў

Анатоль Сідарэвіч

Зьезды і паседжаньні нашы праходзяць як лятучыя мітынгі, падзеі разгортваюцца імкліва – і часу на пісаньне гісторыі, на разгорнуты агляд няма. Значыць, трэба быць сьціслым і пісаць артыкул, эсэ. І першым радком успомніць, што рэпартаж з Устаноўчага зьезду Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады меў загаловак “Партыя надзеі”.

Ці спраўдзіла наша партыя надзеі, якія на яе ўскладалі? А калі ня спраўдзіла, дык чаму?

Цікава было б даведацца, якія надзеі-спадзяваньні зьвязвалі з партыяй жанчыны і мужчыны, якія 2 сакавіка 1991 году сабраліся ў вялікай зале Дома літаратара. Акрамя таго супольнага, што іх прывяло на зьезд, у кожнага былі свае асабістыя спадзяваньні.

Пра што думалі ў той дзень 13 нашых таварышаў, мы ўжо не даведаемся: яны пакінулі нас назаўсёды. Гэта Яўген Глушкевіч, Ігар Драгун, Уладзімер Емяльянчык, Леанід Міроненка, Генадзь Пяткевіч, Міхась Раманюк, Барыс Родзіч, Уладзіслаў Сапрыка, Генадзь Сокалаў-Кубай, Міхась Ткачоў, Інэса Ушацкая, Мікалай Хадасевіч, Мікалай Харламаў. Іх памяць мы будзем ушаноўваць.

Чыесьці надзеі не збыліся адразу, нехта расчараваўся неўзабаве, і яны адышлі ад партыі, ад палітыкі наагул. І мы нічога пра іх ня чуем. Магчыма, яны былі з тых людзей, якія паддаюцца агульнаму энтузіязму і хутка астываюць, калі сустракаюцца з цяжкасьцямі. Шмат такіх людзей мы бачым у жыцьці. Такіх людзей нямала было і на Ўстаноўчым зьезьдзе нашае партыі: ледзь не палавіна з 147 чалавек.

Нехта зразумеў, што трапіў не туды. І гэтыя людзі знайшлі сабе месца ў іншых партыях. Гэта ня толькі цяперашняя БСДГ, сябрамі якое зьяўляюцца толькі 5 заснавальнікаў нашае партыі. Мы бачым удзельнікаў Устаноўчага зьезду нашае партыі і ў шэрагах АГП, КХП БНФ і ПБНФ. Іх няшмат: паводле маіх падлікаў, 7 чалавек.

Хтосьці адышоў ад нас у час партыйных крызісаў, канфліктаў, асабліва калі ў моду ўвайшло змаганьне з таварышамі па партыі. БСДП адзін час пераплюнула нават бальшавіцкую партыю. Я не памятаю, каб з бальшавіцкае партыі адразу – без папярэдняга вываду з Палітбюро і ЦК – былі выключаныя чатыры яе відныя дзеячы. Такое было толькі падчас разгулу сталінскага тэрору. Пагатоў не памятае такога еўрапейская сацыял-дэмакратыя. Тут задумаешся: а што было б, калі б гэтым аматарам выключаць далі рэальную ўладу?

У тыя крызісныя пэрыяды, а іх было тры, па-за партыяй засталіся, паводле маіх падлікаў, 33 яе заснавальнікі. А да кагосьці зь іх пры перарэгістрацыі сябраў БСДП папросту не прыйшлі з анкетаю, камусьці не патэлефанавалі, з кімсьці не паразмаўлялі... У раскол разам з былым старшынёй БСДП сышлі толькі два заснавальнікі партии. Астатнія ж 30 чаловек пры тых ці іншых умовах гатовыя вярнуцца ў Грамаду. З людзьмі трэба кантактаваць, працаваць.

Зрэшты, гэта падобна на хваробу. Нашы таварышы паміраюць, а партыйныя арганізацыі і кіраўніцтва БСДП не заўсёды друкуюць нават самыя маленечкія некралогі. Мы не развіталіся зь Яўгенам Глушкевічам, Уладзімерам Емяльянчыкам, Леанідам Міроненкам, Уладзіславам Сапрыкам. Не памятаю, ці быў партыйны некралог па Міхасю Раманюку.

Але й дні нараджэньня нашых таварышаў мы таксама ня любім адзначаць. Ну, хіба што самых прыкметных...

З тых крызісаў мы, здаецца, выйшлі. Здаецца, мы зрабілі і належныя высновы. Калі ў 1996 г. Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада аб'ядналася з Партыяй Народнай Згоды (гэта тады да нас далучыліся Аляксей Кароль, Леанід Лойка, Уладзімер Нісьцюк, Іван Стадуб ды іншыя таварышы), калі на месцы гэтых партыяў паўстала БСДП, у якую ўступіў Мечыслаў Грыб, быў уведзены інстытут яе сустаршыняў. Праўда, пасьля перавароту 24 лістапада сустаршыня ад былой ПНЗ перабег на бок ураду, але гэта не азначае, што сам па сабе інстытут быў кепскі. Мы ня здолелі належным чынам пакарыстацца зь яго. Адмовіўшыся у 1997 г. ад інстытуту сустаршыняў, мы атрымалі праз тры гады тое, што атрымалі. Нам не прыдаўся досьвед сацыял-дэмакратыі Нямеччыны. Але справа, мусіць, у тым, што там сустаршынямі партыі былі Аўгуст Бебель і Вільгельм Лібкнехт...

Спатрэбіліся амаль чатыры гады расколу, каб нарэшце IX зьезд БСДП прыняў 15 студзеня 2005 г. пастанову аб шасьцігадовым тэрміне паўнамоцтваў старшыні партыі. Калі ў краіне няма нармальнага, дэмакратычнага жыцьця, пры якім лёс лідэраў залежыць ад посьпехаў і няўдач на выбарах, такая норма зьяўляецца апраўданай. Дарэчы, у 1961 годзе падобную норму ўводзілі бальшавікі. У 1966 г. яны ад гэтае нормы адмовіліся і атрымалі 18 гадоў брэжнеўшчыны. У нашых умовах, як паказвае практыка, мы можам атрымаць у лепшым выпадку чарговы канфлікт.

З двух крызісаў мы выйшлі. Я не скажу прынятае ў такіх выпадках фразы, што партыя, маўляў, выйшла з крызісу падужэлай, хоць яна сапраўды – і гэта паказала сёлетняя выбарчая кампанія – параўнальна дужая арганізацыя. БСДП здолела зрабіць практычна тое, што зрабілі Партыя БНФ, АГП і ПКБ разам зь іх саюзьнікамі (як жартуюць, 10 партыяў і 200 грамадзкіх арганізацыяў).

Мы скажам, што партыя і падужэла, і паздаравела, калі ў яе вернецца ткачоўскі дух калектывізму, дух дыскусіі, нават спрэчак. Успомніце, за што любілі таварышы з рэгіёнаў паседжаньні Цэнтральнае Рады і Выканкама БСДГ. “Мы вучымся на іх думаць”, – казалі таварышы.

Нам ёсьць пра што думаць. Маецца не адно пытаньне, на якое трэба даць адказ. Значыць, патрэбныя дыскусіі. Патрэбен абмен думкамі ня толькі тут, у Менску, але й паміж Менскам і рэгіёнамі. У нас жа з практыкі выйшлі штомесячныя рассылкі, ужо каторы месяц не выходзіць інфармацыйны бюлетэнь, сябрам ЦК і Выканаўчага Бюро не дасылаюцца загадзя праекты дакументаў... У Бешанковічах і Ганцавічах, Давыд-Гарадку і Шклове людзі чуюць толькі водгаласы. Бо няма ў тамтэйшых таварышаў доступу да інтэрнэту, бо ніхто не прысылае ім матэрыялы ЦК і Выканбюро, бо ніхто да іх не прыяжджае. У форс-мажорнай сытуацыі мы ня здолелі дайсьці да ўсіх гарадкоў, уключыць тамтэйшых таварышаў у працу ініцыятыўнае групы Аляксандра Казуліна.

Мажліва, я ўзяў напярэдадні нашага міні-юбілею надта мінорны тон. Але згадаем, што наша вялікая папярэдніца – Беларуская Сацыялістычная Грамада – існавала менавіта 15 гадоў. Яна стварыла «Нашу Ніву». Яна мела «Вечернюю газету» і «Kurjer Krajowy”. Дзякуючы заснаваным яе дзеячамі выдавецтвам і выданьням расьцьвілі таленты Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна, Зьмітрака Бядулі і Максіма Гарэцкага... Партыя выняньчыла ідэю Беларусі, яе дзеячы стаялі ля вытокаў як Беларускае Народнае Рэспублікі, так і Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі. Без БСГ не было б Рэспублікі Беларусь. (Іншая справа, ці адпавядае гэтая Рэспубліка ідэалу беларускіх сацыялістаў.)

Нам ёсьць на каго раўняцца. І таму мы павінны быць самакрытычныя. Асабліва напярэдадні круглых датаў.

Думаю, з гэтым згодзяцца і іншыя сябры БСДП, якія 2 сакавіка 1991 году засноўвалі нашу партыю. Гэта Леанід Аляхновіч, Валянціна Вяргей, Мікалай Вярынскі, Леанід Дзягілеў, Леанід Дзейка, Яўген Кулін, Анатоль Ляўковіч, Віталь Малашка, Яраслаў Міляшкевіч, Язэп Палубятка, Міхал Патрэба, Уладзімер Сегенюк, Мікалай Сцепасюк, Алег Трусаў, Леанід Цімохін, Яўген Цумараў, Міхась Чарняўскі, Віктар Шамянкоў, Генадзь Шаўцоў, Віктар Ярашук. Прывітайма дэлегатаў Устаноўчага зьезду. І папытайма, чаму «партыя надзеі» дасюль ня здолела спраўдзіць спадзяваньняў. Ад адказу на гэтае пытаньне будзе шмат што залежаць у нашай далейшай дзейнасьці.

 

Першапачатковы варыянт гэтага тэксту

прачытаны на ХІ зьезьдзе БСДП (Грамады)

25 лютага 2006 г.  

‹ Левыя партыі, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ — 1930-х уверх Народзіны Беларусі ›

Нумары нашай газеты

№15
№14
№13
Усе нумары

Заявы БСДП

БСДП не будзе прымаць удзел у VI...  Прэзідыум БСДП абмеркаваў запрашэнне з апарата Савета...
Заявление Брестской областной...         Заявление Брестской областной...
БСДП асуджае затрыманне сваіх таварышаў          ЗаяваПрэзідыумаБеларускай...

Партнёры

     

Кампания Право выбора

Партыя

  • Хто мы?
  • Статут БСДП
  • Структура
  • Дакументы
  • Гісторыя сацыял-дэмакратыі ў Беларусі
  • БСДП у асобах

Навiны

  • Партыйнае жыццё
  • Заявы
  • Жанчыны БСДП
  • Палітыка
  • Эканоміка
  • Грамадства
  • Аналітыка
  • Гісторыя і культура

Выданнi БСДП

  • Бюлетэнь "Сацыял-дэмакрат"
  • Часопіс "Адлюстраванне"
  • Facebook
  • В Контакте
  • Одноклассники
bsdpps@tut.by © БСДП-2021 Усе правы абароненыя